Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча
Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча — пяцітомны зводны дыялектны слоўнік. Выдадзены ў 1979—1986 гг. пад рэдакцыяй Ю. Ф. Мацкевіч[1]. Слоўнік змяшчае матэрыял, сабраны на тэрыторыі, куды ўваходзяць заходнія арэалы асноўных беларускіх дыялектаў (паўночна-ўсходняга, паўднёва-заходняга), сярэднебеларускія гаворкі, часткова заходнепалеская група гаворак (Гродзеншчына, частка Брэстчыны, Міншчыны, Віцебшчыны), а таксама беларуская лексіка памежных раёнаў Польшчы, Літвы, Латвіі. Ён уключае разнастайныя пласты лексікі, якія ад літаратурнай мовы адрозніваюцца фанетычнымі, словаўтваральнымі і семантычнымі асаблівасцямі і абмежаваным тэрытарыяльным пашырэннем, а таксама словы, якіх няма ў літаратурнай мове[1]. Гісторыя«Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» складзены супрацоўнікамі сектара дыялекталогіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР з удзелам Інстытута літоўскай мовы і літаратуры Літоўскай Акадэміі навук, Інстытута славяназнаўства Польскай Акадэміі навук і кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта. Асноўны матэрыял для слоўніка сабраны ў паўночназаходняй частцы Беларусі — на тэрыторыі, якая з паўднёвага ўсходу абмяжоўваецца лініяй: Верхнядзвінск — Мёры — Докшыцы — Лагойск — Валожын — Клецк — Ганцавічы — Івацэвічы — Пружаны — Каменец. Гэта тэрыторыя па сваіх абрысах набліжаецца да арэала паўночна-заходняй дыялектнай зоны беларускіх гаворак. У слоўнік уключана лексіка з суседніх тэрыторый, дзе працягваюцца арэалы не толькі фанетычных і граматычных з’яў, але і лексічных рыс. Лексіка прылеглых раёнаў дапамагае больш дакладна акрэсліць тэрыторыю пашырэння асобных слоў і іх семантычных адрозненняў[2]. Моўная тэрыторыя паўночна-заходняй часткі Беларусі ў лексічным плане абследавана экспедыцыйным шляхам на працягу 1954—1978 гг. у працэсе збірання матэрыялаў для Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак. Комплекснымі дыялекталагічнымі экспедыцыямі былі абследаваны беларускія гаворкі на тэрыторыі Літвы і Латвіі. Першая сумесная беларуска-літоўская экспедыцыя была арганізавана ў 1966 г., у час якой запісана лексіка ў радзе населеных пунктаў Тракайскага, Варэнскага, Вільнюскага раёнаў Літоўскай ССР. У 1975 г. абследавана некалькі населеных пунктаў у тых жа раёнах. У 1976 г. былі выяўлены беларускія гаворкі ў Ігналінскім і Швянчонскім раёнах Літвы, дзе сабраны значны лексічны матэрыял. Актыўны ўдзел у наладжванні і правядзенні сумесных беларуска-літоўскіх дыялекталагічных экспедыцый прымала старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літоўскай мовы і літаратуры Літоўскай Акадэміі навук А. І. Грынавецкене[2]. У 1977 г. была праведзена комплексная беларуска-латышска-літоўская экспедыцыя. Даследаваліся беларускія гаворкі пераважна на тэрыторыі Латвійскай ССР (у Даўгаўпілскім, Краслаўскім і Лудзенскім раёнах). Значны матэрыял запісаны ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Зроблены запісы беларускай лексікі ў Літоўскай ССР (у Вільнюскім і Шальчынінскім раёнах). Вялікую дапамогу ў наладжванні экспедыцыі і вызначэнні месц рассялення беларускага насельніцтва аказалі супрацоўнікі Інстытута мовы і літаратуры імя А. Упіта Латвійскай ССР А. Я. Блінкена, Б. Э. Ламане. У экспедыцыі прымалі ўдзел Б. П. Рэйдзане і А. Б. Брэйдак[2]. Лексіка запісвалася звычайна ад беларускага насельніцтва. У радзе населеных пунктаў лексіка запісана і ад білінгваў, якія актыўна карыстаюцца некалькімі мовамі: літоўскай, польскай, рускай і беларускай у вёсках Новыя Мацалі Варэнскага, Стральцы Шальчынінскага, Ліпнікі Вільнюскага раёнаў Літоўскай ССР; беларускай і польскай — у вёсках Судэрва, Грыкені, Відаўцішкі, Швэды Вільнюскага, Старыя Трокі і Стракішкі Тракайскага, Гемзы Шальчынінскага, Лайпушкі Ігналінскага раёнаў Літоўскай ССР. Звычайна адна з моў у тым ці іншым населеным пункце з’яўляецца пераважаючай, якой карыстаюцца ў штодзённым жыцці: беларускай — у вёсках Стракішкі і Гемзы, літоўскай (пры частковым карыстанні беларускай) — у вёсках Чычалі і Ракаўскія Швянчонскага і Малькуны Ігналінскага раёнаў Літоўскай ССР. У вёсках Скрудалена Даўгаўпілскага раёна, Індра Краслаўскага раёна, Пасіене, Істра, Мельнікі, Новікі, Мешкінева Лудзенскага раёна Латвійскай ССР лексіка збіралася ад мясцовага насельніцтва і часткова ад перасяленцаў, якія гавораць на мяшанай руска-беларускай гаворцы. Некаторыя жыхары вёсак Ёдлавічы Браслаўскага і Паляцкішкі Воранаўскага раёнаў валодаюць традыцыйнымі літоўскімі гаворкамі, але запісы ў гэтых вёсках зроблены амаль выключна ад беларускага насельніцтва[2]. У слоўнік уключаны таксама і матэрыялы, сабраныя супрацоўнікамі Інстытута славяназнаўства Польскай Акадэміі навук А. Абрэмбскай-Яблонскай, С. Глінкай, Э. Смулковай, Г. Сафарэвіч і інш. на працягу 1957—1958 гг. на тэрыторыі Беластоцкага ваяводства ПНР. Акрамя таго, выкарыстаны матэрыялы кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, сабраныя і адрэдагаваныя калектывам аўтараў: Э. Смулковай, Я. Петручуком, А. Багроўскай, Т. Ясінскай-Сохай і Я. Глушкоўскай у вёсках Баброўнікі Гарадоцкай і Курашэва Чыжэўскай гмін[2]. Агульная картатэка слоўніка налічвае каля 500 тыс. картак-слоў. Асноўныя матэрыялы для слоўніка сабраны экспедыцыйным шляхам. З друкаваных крыніц у слоўніку выкары8 стана каля 1000 слоўнікавых адзінак, узятых з «Хрэстаматыі па беларускай дыялекталогіі» (1962)[2]. Бібліяграфія
Крыніцы
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia