Іван Раманавіч Размысловіч
Іва́н Рама́навіч Размысловіч (руск.: Иван Романович Размыслович; 15 мая 1915, в. Восава, цяпер Пухавіцкі раён Беларусь — 16 студзеня 2006, Мінск) — беларускі вучоны ў галіне сельскагаспадарчага машынабудавання, адзін з пачынальнікаў аграінжынернай навукі ў Беларусі, лаўрэат Сталінскай прэміі, кандыдат тэхнічных навук, прафесар. БіяграфіяСям'я, пачатакНарадзіўся ў беларускай рабоча-сялянскай сям'і. Яго бацька Раман Іванавіч Размысловіч (1883—1944), рабочы на станцыі Асіповічы, беспадстаўна рэпрэсаваны ў 1937 г. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў рэабілітаваны і адпушчаны з лагераў, але вярнуцца на акупаваную радзіму не здолеў, памёр у Мічурынску. Маці Вольга Міхайлаўна Гадлеўская (1878—1956), паходзіла з суседняй з бацькам вёскі Блужа з сям'і службоўцаў.[1]. І. Размысловіч скончыў Блужскую пачатковую і Пухавіцкую сямігадовую школы, Беларускі політэхнічны інстытут (1939). Пасля атрымання дыплома пачаў працаваць інжынерам у адной з праектных арганізацый Мінска, дзе займаўся распрацоўкай машын для здабычы торфу[2]. Ваенная службаУвесну 1941-га быў прызваны на ваенныя зборы, апынуўся ў раёне Беластока, затым вярнуўся дадому. У першыя дні нямецкага бамбардзіроўкі Мінска згарэў дом у раёне Чэрвеньскага рынка, дзе Размысловіч здымаў кватэру. На чацвёрты дзень вайны добраахвотнікам пайшоў на фронт і ў той самы дзень узяў удзел у ліквідацыі нямецкага дэсанта пад Мінскам. Тэхнік-лейтэнант, служыў у роце тэхзабеспячэння, адказваў за першую дапамогу пацярпелай ваеннай тэхніцы. Удзельнічаў у баях пад Масквой, на Калінінскім, Заходнім, Цэнтральным, 2-м і 3-м Украінскім франтах. У складзе 7-га механізаванага корпуса ўдзельнічаў у шэрагу буйных наступальных аперацыях, пры вызваленні Кіраваграда, Каўшан, Шумена, Дэбрэцэна, Будапешта, Брно і інш. Удзельнічаў у Савецка-японскай вайне ў Манголіі. Скончыў вайсковую службу ў Кітаі[2]. Навуковая дзейнасцьПасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Мінск. У 1948 годзе паступіў у аспірантуру Навукова-даследчага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі. У 1952 паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю і быў прызначаны загадчыкам лабараторыі механізацыі глебаапрацоўкі і сяўбы. Пад яго кіраўніцтвам у НДІ быў створаны шэраг глебаапрацоўчых і пасяўных машын[3]. Па сумяшчальніцтве працаваў выкладчыкам кафедры сельскагаспадарчых машын у Беларускім політэхнічным інстытуце, якая была пераведзеная ў склад Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі (БІМСГ), што ствараўся ў той час. Удзельнічаў у распрацоўцы курса «Тэорыя і разлік сельскагаспадарчых машын»[3]. З 1956 па 1978 гг. — Загадчык кафедры сельскагаспадарчых машын БІМСГ. У перыяд «кукурузнай кампаніі» ў СССР Размысловіч вёў тэматычныя семінары на базе БІМСГ для партыйных дзеячаў, слухачамі якіх былі кіраўнікі БССР Пётр Машэраў і Кірыл Мазураў[3]. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны бульбаўборачныя камбайны ККМ-4, КСК-4-1, КПК-2, КПК-3, бульбакапалкі КВЗ-2, якія былі выпушчаныя прамысловымі серыямі, бульбаўборачная машына для Лівана[2]. З 1956 па 1966 гг. — прарэктар па навуковай рабоце БІМСГ. З 1964 па 1967 гг. быў прадстаўніком БССР у групе механізацыі сельскай гаспадаркі пры аддзяленні ААН у Жэневе, прымаў актыўны ўдзел у пасяджэннях рабочай групы, падрыхтоўцы і дыскусіях што да развіцця сельскагаспадарчай тэхнікі[3]. Сааўтар 7 кніг, 47 вынаходстваў. Падрыхтаваў 27 кандыдатаў навук. УзнагародыЗа ўдзел у баявых дзеяннях падчас ВАВ узнагароджаны трыма ордэнамі і 10-ю медалямі, у тым ліку ордэнам Чырвонай Зоркі і двума ордэнамі «Знак Пашаны», медалямі «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Будапешта», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», «За перамогу над Японіяй» і інш. У 1951 г. І. Размысловіч і акадэмік Міхаіл Мацэпура сталі лаўрэатамі Сталінскай прэміі (Дзяржаўнай прэміі СССР) «за распрацоўку і ўкараненне ў вытворчасць сельскагаспадарчых машын і прылад для механізацыі працаёмкіх работ па апрацоўцы кок-сагыза на тарфяных глебах»[4]. «Практикум по сельскохозяйственным машинам», выдадзены пад рэдакцыяй І. Размысловіча ў 1998 г., адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Навуковыя працы, манаграфіі
Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia