У канцы 1980-х гадоў у Джаму і Кашміры ўспыхнула ўзброенае паўстанне ісламістаў, што прывяло да выхаду кашмірскіх індусаў з рэгіёну[1].
25 ліпеня 2024 года прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі заявіў, што Пакістан вядзе проксі-вайну супраць краіны ў рэгіёне пры падтрымцы мясцовых ісламістаў[2][3].
22 красавіка 2025 года ў выніку тэрарыстычнага нападу[4][5][6] ў даліне Байсаран каля Пахалгама загінулі па меншай меры 26 турыстаў і больш за 20 атрымалі раненні[7].
Ход падзей
Дыпламатычны крызіс
У ноч на 23 красавіка 2025 года міністр замежных спраў Індыі Вікрам Місры правёў спецыяльны брыфінг для прэсы. Ён абвясціў пра рашэнне часова прыпыніць дзеянне Дамовы аб водах Інда з Пакістанам, пакуль суседзі не спыняць падтрымку баевікоў[8]. Акрамя таго, ён абвясціў пра закрыццё комплекснага кантрольна-прапускнога пункта на мяжы Атары — Вага, забароне на паездкі ў Індыю для ўсіх грамадзян Пакістана і ануляванні ўсіх раней выдадзеных віз. Акрамя таго, пакістанскія ваенныя саветнікі ў Пакістанскай вярхоўнай камісіі ў Нью-Дэлі былі высланы, у той час як іх індыйскія калегі ў Ісламабадзе былі адкліканы, а штат Індыйскай вярхоўнай камісіі ў Ісламабадзе быў скарочаны з 55 да мінімум 30 чалавек[9][10].
МЗС Пакістана выказаў спачуванні сем’ям загінулых у тэракце[11], а міністр абароны Пакістана Хаваджа Асіф адхіліў абвінавачванні ў датычнасці сваёй краіны да тэракту[12][13]. Аднак у інтэрв’ю Sky News, адказваючы на абвінавачванні ў тэрарызме, міністр Асіф заявіў, што на працягу трох дзесяцігоддзяў Пакістан займаўся дапамогай тэрарыстам пад кіраўніцтвам ЗША, Вялікабрытаніі і Захаду[14][15].
Афіцыйны Ісламабад адрэагаваў на прыпыненне дагавора, назваўшы яго недарэчным і несур’ёзным[16]. Пакістан таксама папярэдзіў Індыю, што любыя дзеянні, якія закранаюць водныя рэсурсы, будуць разглядацца як акт вайны[17][18].
24 красавіка 2025 года Пакістан прыпыніў выдачу віз грамадзянам Індыі і закрыў сваю паветраную прастору для індыйскіх самалётаў, выслаў індыйскіх дыпламатаў і загадаў індыйскім ваенным саветнікам пакінуць краіну не пазней за 30 красавіка[19]. Аднак Картарпурскі калідор, прызначаны для сікхскіх паломнікаў, застаўся адкрытым[20]. Пакістан таксама спыніў увесь гандаль з суседняй краінай[21].
Узброеная эскалацыя
24-га чысла пад Феразепурам індыец з 182-га батальёна памежных сіл бяспекі быў схоплены пакістанскімі рэйнджарамі. Як заяўлена, баец выпадкова ўвайшоў на падкантрольную пакістанцам тэрыторыю[22][23].
У ноч з 24 на 25 красавіка адбыліся сутычкі на некалькіх участках[24][25].
У ноч з 25 на 26 красавіка адбыліся новыя сутычкі[26][27]. 26 красавіка адбыліся баі ў раёне Дуду-Басантгарх, дзе індыйскія сілавікі сутыкнуліся з меркаванымі баевікамі. Двое баевікоў і адзін сілавік загінулі[26]. Адначасна пакістанцы і індыйцы сутыкнуліся ў даліне Ліпа[28].
27 красавіка The New York Times паведаміла, што Індыя рыхтуе аргументы на карысць ваеннай аперацыі супраць суседа для замежных дыпламатаў, а не імкнецца да дээскалацыі[29]. На наступны дзень міністр абароны Пакістана Асіф заявіў, што атака з боку індыйскіх узброеных сіл «непазбежная»[30].
29 красавіка ў акрузе Бхібер збіты індыйскі дрон[31]. На наступны дзень пакістанскі бок заявіў, што мае разведданыя пра падрыхтоўку індыйцамі баявых дзеянняў, якія могуць пачацца ўжо праз некалькі часоў[32].
У ноч на 7 мая 2025 года Індыя пачала аперацыю «Сіндур» «супраць тэрарыстычнай інфраструктуры ў Пакістане» і нанесла ракетныя ўдары, паводле звестак Мінабароны краіны, па дзевяці аб’ектах на пакістанскай тэрыторыі. Ісламабад удакладняў, што ўдарам падвергліся гарады Бахавалпур, Катлі і Музафарабад (адміністрацыйны цэнтр кантраляванай Пакістанам часткі Кашміра).
Пакістан нанёс зваротны ўдар па тэрыторыі Індыі. Пакістанскія вайскоўцы заявілі пра знішчэнне пяці індыйскіх знішчальнікаў. Нью-Дэлі назваў гэта хлуснёй[33].
7 мая Узброеныя сілы Індыі абвясцілі аб пачатку аперацыі «Сіндур», наносячы ўдары па інфраструктуры тэрарыстаў у Пакістане і пакістанскім Кашміры[34]. Пры гэтым, па заяве пакістанскіх уладаў, індыйская ракета трапіла ў мячэць у горадзе Бахавалпур, забіўшы адно дзіця і параніўшы дваіх дарослых. Па заяве лекара ў мясцовай бальніцы, ад траплення ракеты ў мячэць загінула 13 чалавек[35]. Пакістанскія ўзброеныя сілы, як паведамляецца, у той жа дзень нанеслі зваротны ўдар[36].
10 мая Пакістан абвясціў аб пачатку правядзення аперацыі «Буньян уль-Марсус»[37].
Спыненне агню
10 мая прэзідэнт ЗШАДональд Трамп у 12:00 па UTC абвясціў аб поўным спыненні агню паміж бакамі пасля доўгіх начных перамоваў пры пасярэдніцтве ЗША[38]. Дамоўленасць аб перамір’і пацвердзіў міністр замежных спраў Пакістана Мухамад Ісхак Дар[39]. Але, нягледзячы на перамір’е, у дамоўленасці не прадугледжваласявяртанне ў дзеянне дагавора аб водах Інда 1960 года і Сімлскага пагаднення[40].
Пасля пачатку перамір’я паступілі паведамленні аб беспілотніках, па якіх адкрыла агонь СПА, і аб выбухах у Срынагары і Джаму[41]. Дзяржаўны сакратар па замежных справах Індыі Вікрам Місры заявіў, што Пакістан парушыў перамір’е. Ён заклікаў паставіцца да гэтага сур’ёзна і зрабіць крокі для ліквідацыі парушэнняў, і што сухапутныя войскі праяўляюць пільнасць і робяцца адпаведныя меры[42]. Але міністр інфармацыі Пакістана Атаула Тарар заявіў, што парушэнняў рэжыму спынення агню не было[38].
12 мая Пакістан адкрыў паветраную прастору пасля спынення агню з Індыяй[43]. Індыя адкрыла аэрапорты на мяжы з Пакістанам[44][45]. Індыя адкрыла шлюзы і аднавіла пропуск вады ў Пакістан[46].
Рэакцыя
Арганізацыя Аб’яднаных Нацый заклікала абодва бакі праяўляць «максімальную стрыманасць» і вырашаць праблемы дыпламатычным шляхам[47].
Расія перасцерагла сваіх грамадзян ад паездак у Пакістан пасля нападу пад Пахалгамам. У рэкамендацыі гаворыцца пра павышаныя рызыкі бяспекі ў рэгіёне. Вялікабрытанія выпусціла падобнае папярэджанне[48].
Дзяржаўны дэпартамент ЗША абнавіў рэкамендацыі па паездках, выпусціўшы папярэджанне 4-га ўзроўню «Не падарожнічаць» для індыйскага Джаму і Кашміра, спаслаўшыся на высокую рызыку тэрарызму і грамадзянскіх беспарадкаў[49].
25 красавіка Іран прапанаваў выступіць пасярэднікам у вырашэнні канфлікту[50].
Ля будынка Вярхоўнай камісіі Пакістана ў Лондане індыйская дыяспара правяла пратэсты[51][52].