Іосіф Міхайлавіч Сцепановіч
Іосіф Міхайлавіч Сцепановіч (Язэп Стэпановіч, Я. Стапановіч, Jazep Stepanovič; руск.: Иосиф Михайлович Степанович; нар. 3 лютага 1955, вёска Лыцавічы, Вілейскі раён, Мінская вобласць) — беларускі навуковец у галіне геабатанікі і экалогіі, педагог і грамадскі дзеяч. Доктар біялагічных навук (2001). Дацэнт (2009). Біяграфічныя звесткіНарадзіўся ў вёсцы Лыцавічы Вілейскага раёна Маладзечанскай вобласці (цяпер Вілейскі раён Мінскай вобласці) у сям’і Міхаіла Іосіфавіча Сцепановіча/Стэфановіча і Алены Мікалаеўны Сцепановіч (у дзявоцтве Роліч). Бацькі пасля раскулачвання за савецкім часам працавалі на калгаснай ферме. Продкі па бацькавай лініі паходзяць з Вільні (сучасная Літва). Ягоны прадзед Пётра Стэфановіч — кнігадрукар, меў зямлю пад Вялейкай (паміж вёскамі Іванкі, Лыцавічы і Баравыя — урочышча Ігрушкі), дзе і наладзіў сталае жыхарства. Суседняя вёска Ролічы — месца жыцця і рольніцтва (адсюль, верагодна, паходжанне назвы паселішча) продкаў па матчынай лініі. Скончыў Сырмежскую сярэднюю школу (Мядзельскі раён) з пахвальнай граматай (1972), у 1977 — Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага, факультэт прыродазнаўства. Дырэктар Вілейскага раённага дома піянераў і школьнікаў (1977). З 1977 па 1979 служыў у шэрагах савецкай арміі (курсантам, камандзірам танка, старшыном роты). 3 1979 у Інстытуце эксперыментальнай батанікі (ІЭБ) імя В. Ф. Купрэвіча Нацыянальнай АН Беларусі. Прайшоў прыступкі службовай лесвіцы ад лабаранта, інжынера да загадчыка лабараторыі і галоўнага навуковага супрацоўніка. Скончыў аспірантуру (1987) і дактарантуру (1998) пры ІЭБ НАН Беларусі. Падрыхтаваў і паспяхова абараніў кандыдацкую (1988) і доктарскую (2001) дысертацыі па спецыяльнасці 03.00.05 — батаніка. Доктарская дысертацыя «Сінтаксанамія й сіндынаміка лугавой расліннасці Беларусі» — першая ў галіне прыродазнаўчых навук на беларускай мове[1] і з выкарыстаннем сучаснай нацыянальнай лацінкі (аўтарскі варыянт)[2]. Стажаваўся ў Батанічным інстытуце імя В. Л. Камарова АН СССР (г. Ленінград, 1986 і 1987) і Батанічным інстытуце Чэшскай акадэміі навук (Пругоніца ля Прагі, 1998). Прайшоў стацыянарныя ландшафтна-экалагічныя курсы пры Батанічным інстытуце і Батанічным садзе Грайфсвальдскага ўніверсітэта імя Э. М. Арндта (Нямеччына, 1998)[3]. З 2005 — прафесар кафедры агульнай біялогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка[4], па сумяшчальніцтве — вядучы навуковы супрацоўнік ІЭБ НАН Беларусі. З 2015 — галоўны навуковы супрацоўнік ІЭБ. Жанаты з Аленай Феакцістаўнай Сцепановіч (у дзявоцтве Жукава) (1960 г. нар., Мінск, навуковец у галіне геабатанікі і лесазнаўства), мае сына Аляксандра (доктар-інжынерынг у галіне вадароднай энергетыкі) і дачку Лідзію (магістар псіхалогіі)[5][6]. Навуковая і педагагічная дзейнасць
Навуковыя працы па сінтаксанаміі, экалогіі, мапаграфаванні, ахове расліннасці, яе рацыянальным выкарыстанні, антрапагенным уздзеянні на раслінныя супольніцтвы, прадукцыйнасці надземнай фітамасы, біяхімічным і біягеахімічным складзе травастанаў і глебаў і інш. Склаў першы прадромус (папярэдні пералік сінтаксонаў) расліннасці Беларусі. Распрацаваў тэхналогію, методыку і разгарнуў сетку маніторынгу лугавой і лугава-балотнай расліннасці краіны. У спісе друкаваных працаў больш за 300 адзінак, у т. л. 12 манаграфій, 3 метадычныя дапаможнікі, 32 падзелы (главы) кніг, 10 брашураў, 8 мапаў расліннасці. У практыку народнай гаспадаркі зроблена блізу 60 укараненняў. Суаўтар інфармацыйнага рэсурсу «База дадзеных маніторынгу лугавой і лугава-балотнай расліннасці» (2010, рэгістрацыйнае пасведчанне № 1341001039) і кампутарнай праграмы PROFIL (2015, Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці, рэг. пасв. № 782). У навуковых даследаваннях асноўную ўвагу канцэнтруе на развязанні цэнтральнай праблемы геабатанікі і фітацэналогіі — класіфікацыі расліннасці. У гэтым кірунку прапанаваў і паспяхова апрабаваў інтэграваны падыход у сінтаксанамічных даследаваннях, які заключаецца ў выкарыстанні ў паслядоўнай таблічнай апрацоўцы геабатанічных апісанняў па метадзе Й. Браўн-Бланке (J. Braun-Blanquet) і вылучэнні сінтаксонаў як фларыстычных, так і іншых паказнікаў расліннасці (прадукцыйнасці, фізіянамічнасці), а таксама эдафатопу (аграхімічных і грануламетрычных паказнікаў, увільгатнення глебы). У выніку распрацаваў універсальную сістэму сінтаксонаў лугавой, лугава-балотнай, прыбярэжна-воднай і пусткавай расліннасці, а на яе аснове — гаспадарчую тыпалогію кармавых угоддзяў Беларусі. Распрацаваў палажэнні пра ўстойлівасць і асноўную фітацэнатычную ролю дамінантаў-эдыфікатараў і пра ландшафтную стэнатопнасць — эўрытопнасць раслінных супольніцтваў, што спрыяе пазнанню ландшафтнай прымеркаванасці расліннасці. Акрамя таго, першым пачаў вывучэнне ўплыву тэхнагенных палютантаў (цяжкіх металаў) на травяністую расліннасць, раскрыў шэраг залежнасцяў прадукцыйнасці і біяхімічнага складу травастану ад экалагічных, у т. л. ЦМ, радыянуклідаў і іншых прыродных і антрапагенных фактараў вонкавага ўздзеяння. Прапанаваў 5-катэгарыяльную сістэму вылучэння ахоўных фітацэнозаў і стратэгію ўстойлівага выкарыстання прыроднай лугавой расліннасці Беларусі, склаў каталог рэдкіх, унікальных і тыповых раслінных супольніцтваў краіны, які можа стаць асновай будучай нацыянальнай Зялёнай кнігі. Займаецца развязаннем навукова-тэрміналагічных праблем, а таксама пытанняў агульнага мовазнаўчага характару. У прыватнасці, вывучае семантычныя з’явы, магчымасці дыялектнай лексікі ў беларускай навуковай тэрміналогіі. Пры канцы 80-х распрацаваў сучасны варыянт беларускага лацінаграфічнага пісьма (абэцэды), апублікаваны ў газетах «Навіны Беларускай акадэміі» (№ 20, 1991 г.)[7] і «Наша слова» (№ 9-11, 1995 г.)[8]. Некаторыя з ключавых прапаноў варыянту (напр., уніфікацыя паказу мяккасці зычных і інш.) знайшлі адлюстраванне ў афіцыйнай беларускай лацінцы, якая практыкуецца ў транспартнай сферы г. Менска і міжнародных тапанімічных базах звестак. У галіне адукацыі распрацаваў беларускамоўныя курсы «Асновы экалогіі», «Асновы экалогіі і радыяцыйная бяспека», «Абарона насельніцтва і радыяцыйная бяспека», «Асновы экалогіі і энергазберажэння», «Ахова навакольнага асяроддзя», «Асновы сучаснага прыродазнаўства», «Экалогія, радыяэкалогія і асновы энергазберажэння» для студэнтаў небіялагічных спецыяльнасцяў дзённага, вячэрняга і завочнага аддзяленняў шэрагу факультэтаў БДзПУ, курс «Экалагічныя праблемы Беларусі» па выбары студэнтаў факультэта прыродазнаўства, а таксама 5 электронных Навучальна-метадычных комплексаў, у т. л. па вучэбнай дысцыпліне «Асновы сучаснага прыродазнаўства» для ПУА «Універсітэт імя Ніла Гілевіча». Кіраваў педагагічнай і навучальнай практыкамі студэнтаў. Арганізатар, кіраўнік і ўдзельнік шматлікіх навукова-даследных экспедыцый. Кіруе навуковай працай аспірантаў, магістрантаў і дыпломнікаў. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтаваны і абаронены 2 кандыдацкія і 8 магістарскіх дысертацый. Рэцэнзент шматлікіх падручнікаў і навучальных дапаможнікаў (школьных і для ВНУ) па біялогіі і экалогіі, навукова-тэрміналагічных слоўнікаў, манаграфій, навуковых праектаў і г. д. Разам з чальцом-карэспандэнтам НАН Беларусі Астапенем А. П., акадэмікамі Грыбам С. І. і Парфёнавым В. І. ад імя Рэспублікі Беларусь удзельнічаў у распрацоўцы міжнароднай Канвенцыі аб біялагічнай разнастайнасці, прынятай у Рыа-дэ-Жанэйра ў 1992 г.[9]. Грамадская дзейнасць![]() Стараста класа ў школе, намеснік старасты студэнцкай групы, камісар і камандзір студэнцкіх будаўнічых атрадаў «Мерыдыян» і «Белая Вежа», удзельнік танцавальнага ансамбля «Вяснянка» (1972—1977) і кіраўнік танцавальнага калектыву факультэта прыродазнаўства МДзПІ імя А. М. Горкага. У 1989 стварыў адны з першых у Акадэміі навук суполак Беларускага народнага фронту і Таварыства беларускай мовы (ТБМ) імя Францішка Скарыны. З 1991 па 2005 старшыня Акадэмічнай рады ТБМ. Неаднаразова выбіраўся чальцом Менскай гарадской і Рэспубліканскай радаў, сакратарыяту Таварыства. Старшыня тэрміналагічнай камісіі ТБМ[10], а таксама старшыня секцыі біялагічнай і сельскагаспадарчай тэрміналогіі Тэрміналагічнай камісіі пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні і чалец секцыі біялогіі экспертнай групы па доследнай праверцы школьных падручнікаў пры Мінадукацыі (2001—2015). Пры канцы 80-х — пачатку 90-х выбіраўся старшынём прафсаюзнай арганізацыі ІЭБ імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі і сябрам рэспубліканскага камітэта галіновага прафсаюза, старшынём Клуба грэка-каталіцкай інтэлігенцыі імя Кірылы Тураўскага[11] і сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (пры старшынстве Міхася Ткачова). Будучы старшынём прафкама правёў сходы калектыву Інстытута па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты ВС БССР (1990), на якіх перамогу атрымаў Зянон Пазьняк. Пасля адной з постчарнобыльскіх экспедыцый (1989) унёс прапанову пра стварэнне на Беларусі «Руху за выжыванне». Праект неўзабаве быў рэалізаваны ў выглядзе «Чарнобыльскага шляху», узначаленага прафесарам-фізікам Ю. Хадыкам. Напярэдадні прыняцця Вярхоўнай Радай БССР галоўных атрыбутаў дзяржавы: назвы краіны і сімвалаў (19 верасня 1991) арганізаваў самастойны пікет ля Дома Ўраду на пляцы Леніна з плакатам: «Вярнуць народу яго спрадвечныя сымбалі: гэрб Пагоня й бел-чырвона-белы сьцяг, — а таксама назоў краіны Літва, сталіцы — Менск!». Пасля другога рэферэндуму (1996) і зменаў у Асноўным законе Рэспублікі Беларусь разам з вядомымі беларускімі навукоўцамі-біёлагамі В. М. Іванчанкам, З. Я. Сяровай і С. І. Бельскай ініцыяваў стварэнне Грамадскага камітэту ў абарону Канстытуцыі (ГРАК). Жыццё змушала і на іншыя грамадскія ініцыятывы ды браць актыўны ўдзел у розных акцыях: распаўсюджванні ўлёткаў, зборах подпісаў, у т. л. за стварэнне Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта (БНУ) і інш. Узначальваючы (з 1993) Тэрміналагічную камісію ТБМ імя Ф. Скарыны, з дапамогай Міністэрства адукацыі, навукоўцаў і педагогаў арганізаваў і правёў першыя дзве нацыянальныя канферэнцыі «Праблемы беларускай навуковай тэрміналогіі» (1994, 1995), у якіх бралі ўдзел шматлікія замежныя даследнікі-славісты[12][13]. Прапанаваў варыянт канцэпцыі БНУ. Мову лічыць першаасновай нацыянальнай еднасці і дзяржаўнасці. Гэта праблема стрыжнем гучала ў ягоным дакладзе на першым Усебеларускім сходзе інтэлігенцыі (2003)[14], на з’ездах і радах ТБМ, гучыць ва ўсіх іншых выступах і публікацыях[15][16]. Лічыць сістэму адукацыі асноўным спосабам захавання беларускай нацыі і дзяржавы[17][18]. Чалец Навуковай рады і Рады па абароне дысертацый Д.01.38.01 пры ІЭБ імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі. Неаднаразова выступаў у якасці эксперта і афіцыйнага апанента пры абароне дысертацый па спецыяльнасцях 03.00.05 «Батаніка» і 03.00.16 «Экалогія». Браў удзел у працы прыймовых камісій у аспірантуру ў ІЭБ і на факультэце прыродазнаўства БДзПУ. Чалец Міжнароднага сінтаксанамічнага аб’яднання The Global Index of Vegetation-Plot Databases (GIVD), Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, праграмных камітэтаў Міжнароднаых навукова-практычных канферэнцый. Узнагароджаны грамадскім медалём Барыса Кіта «За асягненьні ў асветніцтве і навуцы» (2005)[19], Дыпломамі Таварыства беларускай школы (2007 і 2014), Дыпломам выпускнікоў факультэта прыродазнаўства БДзПУ ў намінацыі «Рэспект і павага» (2009) і інш. Занесены ў Кнігу гонару «Рупліўцы твае, Беларусь» (2005)[20]. Выбраная бібліяграфія
Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia