Ісламская армія ў Іраку
Ісламская армія ў Іраку (араб. الجيش الإسلامي في العراق) — іракская ісламісцкая суніцкая паўстанцкая групоўка, створаная пасля амерыканскага ўварвання ў Ірак у ліпені 2003 года[1]. У адрозненне ад такіх груповак як Аль-Каіда ў Іраку і Ансар аль-Іслам, Ісламская армія ў Іраку не з’яўляецца чыста ісламісцкай (салафісцкай) групоўкай. Яе ідэалогія ўключае ў сябе элементы іракскага нацыяналізму[1]. Адносіны групоўкі з «Ісламскай дзяржавай Ірак» насілі складаны характар і часцей за ўсё выліваліся ва ўзаемныя абвінавачванні, а ў 2006 годзе прывялі да адкрытага ўзброеннага канфлікту. У чэрвені 2007 было заключана пагадненне аб спыненні агню, аднак група бескампрамісна адпрэчыла любое магчымае вяршэнства Аль-Каіды, адкрыта крытыкуючы яе палітыку тэрору супраць грамадзянскага насельніцтва. Ісламская армія Ірака разглядала сябе як лідара барацьбы супраць амерыканскай акупацыі Ірака, адпрэчваючы прэтэнзіі Аль-Каіды на гэтую ролю[2]. Групоўка прытрымліваецца антыіранскай арыентацыі і ажыццявіла шматлікія атакі на шыітаў, у прыватнасці, выкраданне іранскага дыпламата. У яе склад уваходзілі некаторая колькасць замежных баевікоў і былых функцыянераў рэжыму Хусейна. Найбольшую актыўнасць праяўляла на поўнач ад Багдаду і ў правінцыі Анбар. Адным з байцоў групоўкі лічыцца вядомы снайпер па мянушцы Джуба[1]. Па стане на 2007 год ацэньвалася як адна з самых буйных узброеных груповак у Іраку[3]. У канцы 2013 года групоўка ўвайшла ў так званы Ваенны савет рэвалюцыянераў у правінцыі Анбар, прыняўшы ўдзел у баявых дзеяннях супраць новых іракскіх ўрадавых войскаў[4]. У чэрвені 2014 года групоўка прыняла ўдзел ва ўзброеным канфлікце на поўначы Ірака, выступіўшы супраць іракскага ўрада сумесна з ІДІЛ. Адзін з заснавальнікаў Ісламскай арміі ў Іраку Ахмед аль-Дабашб заявіў, што тысячы яго людзей прымаюць удзел у супраціве і сумесна з ІД наступаюць на Багдад. Аднак ён падкрэсліў, што ідэалогія групоўкі не носіць гэтак экстрэмісцкі характар, як у яе саюзніка[5]. Зноскі |
Portal di Ensiklopedia Dunia