Аляксандр Аляксандравіч Азараў
Аляксандр Аляксандравіч Азараў (нар. 4 лютага 1977) — беларускі сілавік, палітык. БіяграфіяНарадзіўся 4 лютага 1977[6] года ў Мінску. Бацька працаваў будаўніком, маці — інжынерам. Калі бацька загінуў на будоўлі, Аляксандру было 11 гадоў. Пасля ягонай смерці сям’і вылучылі новую кватэру ў цэнтры горада, а сын пайшоў у добрую школу, што вызначыла далейшы лёс[7]. Паводле ягоных словаў, у сярэдзіне 1990-х хадзіў «на мітынгі побач з Пазняком», аднак пазней расчараваўся ў апазіцыі і не бачыў у ёй сілы, якая можа зрынуць Лукашэнку[7]. З канца 1990-х Азараў працаваў следчым у розных упраўленнях унутраных спраў Мінска, расследаваў крымінальныя злачынствы[7]. У 2000 годзе скончыў Беларускі недзяржаўны інстытут правазнаўства, пасля, калі працаваў следчым па эканамічных справах, скончыў БДЭУ[8]. Служыў у Галоўным упраўленні наркакантролю і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС (ГУНіСГЛ)[8]. З 2008 года працаваў намесніка начальніка аддзела 3-га ўпраўлення ГУБАЗіКа, куды кіраўніком быў прызначаны ягоны былы начальнік па ГУНіСГЛ Алег Пякарскі[8]. У сферу адказнасці Аляксандра Азарава ўваходзілі справы, звязаныя з гандлем людзьмі і дзейнасцю груповак футбольных фанатаў[7]. Паколькі праца вымагала наладжвання ўзаемаадносін з прадстаўнікамі спецслужбаў замежных дзяржаў, скончыў МДЛУ па спецыяльнасці «англійская мова»[8]. Пайшоў з ГУБАЗіКа ў 2019 годзе праз канфлікт з кіраўніцтвам[7], у прыватнасці з Міхаілам Бедункевічам[8]. Да сярэдзіны жніўня 2020 года працаваў выкладчыкам у Акадэміі МУС, меў званне падпалкоўніка[7]. Пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, масавых пратэстаў і іх брутальнага здушэння рэжымам Лукашэнкі, у кастрычніку 2020 года стаў адным з кіраўнікоў ініцыятывы BYPOL, створанай былымі сілавікамі, што выступалі супраць рэпрэсій і гвалту і былі не згодныя з палітыкай Лукашэнкі. У той час ён ужо выехаў з Беларусі з прычыны арышту былых сілавікоў[7]. У лістападзе 2021 года BYPOL прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем», а ў канцы жніўня 2022 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў арганізацыю «тэрарыстычнай»[6]. 9 жніўня Аляксандр Азараў стаў прадстаўніком Кабінета Ціханоўскай у аднаўленні правапарадку. Адным з асноўных кірункаў яго дзейнасці была падрыхтоўка плана «Перамога»[7]. У Мінскім гарадскім судзе 15 лютага 2024 года ў межах спецыяльнай вытворчасці асудзілі заснавальнікаў і экс-удзельнікаў арганізацыі былых сілавікоў BYPOL Аляксандра Азарава, Мацвея Купрэйчыка, Ігара Лобана, Андрэя Астаповіча, Уладзіміра Жыгара і Алега Талерчыка. Суддзя Дзіна Кучук прызначыла фігурантам справы паводле 13 крымінальных артыкулаў ад 11 да 25 гадоў зняволення і штраф на агульную суму больш чым 350 000 еўра. Аляксандра Азарава абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 КК)[6]. У 2024 годзе на выбарах у Каардынацыйную раду 3-га склікання ўзначаліў спіс «Закон і правапарадак»[9]. 22 мая праз бот плана «Перамога» разаслаў заклікі галасаваць на выбарах і падтрымаць ягоны спіс[10]. Гэтыя дзеянні былі ўспрыняты як злоўжыванне, якое можа паставіць пад пагрозу людзей унутры Беларусі. Святлана Ціханоўская заявіла, што рассылка не была ўзгодненая ні з яе Офісам, ні з Аб’яднаным пераходным кабінетам, таму Азарава пазбавілі доступу да чат-боту плана «Перамога»[11]. 23 мая сітуацыю з рассылкай Азаравым паведамлення праз чат-бот разглядзела Выбарчая камісія па выбарах у Каардынацыйную раду. Сябры камісіі прынялі рашэнне зняць з выбараў увесь спіс «Закон і правапарадак», калі Аляксандр Азараў добраахвотна не адмовіцца балатавацца ў Каардынацыйную раду[12]. Раніцай наступнага дня спіс «Закон і правапарадак» адмовіўся прыняць ультыматум Выбарчай камісіі[13]. Следам на пасяджэнні камісіі было прынята рашэнне зняць з гонкі ўвесь спіс «Закон і правапарадак»[14]. 4 кастрычніка 2024 года стала вядома, што Азараву вынеслі новы завочны прысуд за атаку на расійскі А-50 на авіябазе «Мачулішчы»[15]. Сям’яЖанаты, мае дзвюх дочак[8], з якімі жыве ў Варшаве. Крыніцы
|
Portal di Ensiklopedia Dunia