Наша Ніва (1991)
«На́ша Ні́ва» — найбуйнейшае незалежнае беларускамоўнае інтэрнэт-выданне. Заснавана ў 1991 годзе ў Вільні, у 1996—2021 гадах рэдакцыя размяшчалася ў Мінску. З 1991 года і да чэрвеня 2018 года выходзіла як газета. Пазіцыянуе сябе пераемніцай газеты «Наша ніва». У 2021 годзе ў выніку пагрому незалежных медыя ў Беларусі рэдакцыя была зноў перанесена ў Вільню. Рэжымам Лукашэнкі з мэтай палітычнага пераследу выданне прызнанае «экстрэмісцкім фарміраваннем». Дырэктаркай выдання з’яўляецца Наста Роўда[2]. ГісторыяЗараджэнне газеты
Трэцяя газета з такою назвай (гл. таксама «Наша ніва (1906)», «Наша ніва (1920)»). Заснавана ў маі 1991 года ў Вільні. Першым галоўным рэдактарам быў Сяргей Дубавец. Пазіцыянавала сябе пераемніцай газеты «Наша ніва», якая выходзіла ў Вільні ў пачатку XX ст. Катэгарычна супраць аднаўлення «Нашай Нівы» быў Ніл Гілевіч, які лічыў, што выданне павінна застацца помнікам[3]. «Наша Ніва» адмовілася ад «абарончай стратэгіі», ад самаізаляцыі, уласцівых многім беларускамоўным выданням савецкай пары. На старонках «Нашай Нівы» значнае месца занялі дыскусіі на ўніверсальныя тэмы, з’явілася вялікая колькасць перакладаў. У цэнтры ўвагі апынулася таксама спадчына Вялікага Княства Літоўскага і мадэль узаемаадносін народаў рэгіёна. У Беларусі тым часам ішлі складаныя працэсы будаўніцтва нацыі, узяла верх аўтарытарная мадэль. У гэтых умовах у 1996 годзе прынята рашэнне пра перанос рэдакцыі ў Мінск. «Наша Ніва» зноў стала ўласна газетаю, якая надае вялікую ўвагу палітычным, сацыяльным і культурным працэсам у Беларусі і свеце. У 1998 годзе газета дабіваецца сімвалічнай перамогі ў Вышэйшым гаспадарчым судзе, адстойваючы права выдавацца «тарашкевіцай». З 1998 года мае ўласны сайт. 2000-яЗ 2000 года рэдактарства ў «Нашай Ніве» пераймае Андрэй Дынько (галоўны рэдактар у 2000—2006), газета вяртаецца да штотыднёвае перыядычнасці. Адбываецца трансфармацыя «Нашай Нівы» з выдання літаратурна-інтэлектуальнага ў выданне грамадска-палітычна-культурнага характару. Гэты працэс быў паступовы. Ад 2002 года аб’ём газеты павялічваецца з 12 да 16 старонак, ад 2005 года — да 24-х. На сваім піку тыраж газеты дасягае 8000 асобнікаў. У лістападзе 2005 «Наша Ніва» была выдалена з каталогу падпіскі РУП «Белпошта». З таго часу распаўсюджваецца намаганнямі ўласнай службы дастаўкі і пераходзіць у кішэнны фармат і павялічвае колькасць старонак да 48-мі[4]. Але газета ператварае праблему ў шанец і бярэ курс на развіццё інтэрнэт-сайта nn.by (пазней nashaniva.by). Ад 2006 года інтэрнэт-версія «Наша Ніва» эвалюцыяніруе ў фармат інтэрнэт-платформы, прыстасоўваючы тэхналогію выдання да эпохі электронных СМІ. У 2010 годзе сайт «Нашай Нівы» робіцца самым папулярным рэсурсам на беларускай мове і застаецца такім да сённяшняга дня. Па статыстыцы Гугл Аналітыкс у 2016—2017 гадах у сярэднім штомесяц сайт НН наведвалі каля 600 000 унікальных наведвальнікаў, праглядаючы каля 7 000 000 старонак. Прыкладна 84 % наведвальнікаў — з Беларусі, 49 % — з Мінска. З 2006 года да рэдактарства газеты далучаецца Андрэй Скурко. Андрэй Дынько робіцца рэдактарам сайта nn.by, а Алесь Кудрыцкі стварае сэрвіс NNVideo. У 2011 годзе рэдактарам папяровага тыднёвіка робіцца Зміцер Панкавец. У снежні 2008 года ўлады Беларусі ізноў дазволілі распаўсюджанне газеты ў дзяржаўнай сетцы «Белсаюздрук». Першы з такіх нумароў выйшаў у колеры і меў абвешчаны тыраж 5126 асобнікаў. Ад заснавання і да № 595 (45) за 4 снежня 2008 года газета друкавалася «тарашкевіцай»[5]. Аднак, на сайце газеты перадрук паведамленняў беларускіх інфармацыйных агенцтваў і артыкулаў з іншых беларускамоўных выданняў на беларускай літаратурнай мове размяшчаўся і раней. Выкарыстанне газетай старога правапісу стала падставай для дыскусій як сярод аўтараў НН[6], так і сярод чытачоў інтэрнэт-версіі газеты[7] ў сувязі з абавязковым пераводам выдання з 1 верасня 2010 года на новы правапіс паводле Закона аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі[8]. У 2007 годзе заснавальнік газеты і першы яе рэдактар Сяргей Дубавец прызнаў ранейшую слушнасць[9], але далейшую бесперспектыўнасць выбару газеты на карысць «тарашкевіцы»[10]. 2010-я25 красавіка 2011 года Міністэрствам інфармацыі пададзеныя пазовы ў Вышэйшы гаспадарчы суд аб спыненні выпуску газет «Наша Ніва» і «Народная Воля» у адпаведнасці з падпунктам 2.2. пункта 2 ст.51 закона Беларусі «Аб сродках масавай інфармацыі» ў сувязі з вынясеннем рэдакцыям названых выданняў на працягу года двух і больш пісьмовых папярэджанняў[11]. Міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі ў сітуацыі з «Нашай Нівай» вызначальным назваў факт публікацыі на старонках газеты хлуслівага матэрыялу пра ліквідацыю наступстваў тэракту ў мінскім метро: «У матэрыяле была абсалютная хлусня, нібы дзяўчына знаходзілася пад заваламі ў метро тры гадзіны, у той час як у 18.30 яна ўжо ляжала на аперацыйным стале». На яго думку, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі акрамя закона аб СМІ павінны кіравацца яшчэ чалавечай мараллю і журналісцкай этыкай.[12]. Ад 1 ліпеня 2016 «Наша Ніва» выходзіць у фармаце штомесячніка на 24 старонках, галоўная ўвага надаецца развіццю інтэрнэт-партала[3]. Навіны на сайце даступны ў двух версіях (на беларускай і рускай мовах). Штомесяц сайт наведвала паўмільёна наведвальнікаў, якія праглядалі 7 мільёнаў старонак[3]. З 1 сакавіка 2017 года, замест Андрэя Скурко, на пасаду галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» заступае Ягор Марціновіч.[13] Інтэрнэт-медыяЗ чэрвеня 2018 года спыніўся рэгулярны выхад папяровай газеты, «Наша Ніва» існуе толькі ў электроннай форме як партал (у маі 2018 года яго наведалі 475 тысяч карыстальнікаў, якія прачыталі 7,1 мільёна старонак)[14]. 2020-яСа жніўня 2020 года доступ да сайта «Нашай Нівы» «nn.by» на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь заблакіраваны з-за асвятлення парталам пратэстаў у Беларусі[15]. 23 верасня 2020 года сілавікі зрабілі ператрус у кватэры галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча і канфіскавалі ўсе тэхнічныя прылады і носьбіты інфармацыі[16]. Яго дапыталі ў Следчым камітэце, пасля чаго ён тры дні сядзеў у адзіночнай камеры[16]. Акрамя таго, супраць яго была ўзбуджана крымінальная справа за паклёп[16]. Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» раскрытыкавала гэтую палітыку ў дачыненні да «Нашай Нівы»[16]. 25 лістапада пасля трох месяцаў улады разблакавалі сайт «Нашай Нівы», першы з сотні забароненых рэсурсаў. 8 ліпеня 2021 года быў абшуканы офіс і дамы галоўных супрацоўнікаў «Нашай Нівы»[17]. Былі арыштаваны Ягор Марціновіч, кіраўнік аддзела рэкламы Андрэй Скурко, галоўная бухгалтарка Вольга Раковіч і галоўны рэдактар дачынных часопісаў «Наша гісторыя», «Асцярожна: дзеці!» і «Дуду» Андрэй Дынько нібыта за арганізацыю пратэстаў[17][18], прычым, па інфармацыі рэдакцыі, галоўнага рэдактара збівалі па затрыманні[19]. Былі часова затрыманыя яшчэ некалькі журналістаў «Нашай Нівы»[17]. З таго ж дня даменнае імя перастала працаваць, сайт «Нашай Нівы» адкрыць нельга[17][19]. Міністэрства інфармацыі Беларусі пакарала рэдакцыю за «забароненую інфармацыю», якая была на сайце[17]. 12 ліпеня 2021 года сумеснай заяваю дзесяці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, Прававая ініцыятыва, арыштаваныя супрацоўнікі «Нашай Нівы» былі прызнаны палітычнымі зняволенымі[20][21]. У лістападзе 2021 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў Telegram-канал «Нашай Нівы» і яе сацыяльныя сеткі экстрэмісцкімі матэрыяламі. У студзені 2022 года КДБ прызнаў інтэрнэт-рэсурсы партала экстрэмісцкім фарміраваннем[22]. За стварэнне такога фарміравання і членства ў ім прадугледжана крымінальная адказнасць[23]. 15 сакавіка 2022 года Андрэй Скурко і Ягор Марціновіч атрымалі па два з паловай года калоніі за нявыплату камунальных паслуг[24]. Пасля выезду з Беларусі офіс рэдакцыі размясціўся ў Вільні[2]. З меркаванняў бяспекі супрацоўнікаў большасць аўтарскіх публікацый падпісаны псеўданімамі: Мікола Бугай (палітыка), Вера Белацаркоўская (інтэрв’ю і палітзняволеныя), Антось Жупран (палітыка, грамадска значныя тэмы і цікавосткі), Ганна Стафановіч (унутраная палітыка і свецкая хроніка), Ф. Раўбіч (гісторыя, культура, мастацкая крытыка) і інш. Узнагароды і прэміі
Гл. таксамаКрыніцы
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia