Аляксандр Канстанцінавіч Касач
Аляксандр Канстанцінавіч Касач (24 красавіка 1918, в. Грамошча, Полацкі раён — 1 лістапада 1989) — беларускі вучоны ў галіне гісторыі медыцыны, арганізацыі аховы здароўя. Кандыдат медыцынскіх навук (1968). Заслужаны ўрач Беларусі (1964). БіяграфіяУ 1937 годзе скончыў Віцебскую фельчарска-акушэрскую школу і паступіў у Віцебскі медыцынскі інстытут. З трэцяга курса быў прызваны ў Чырвоную Армію, удзельнічаў у савецка-фінскай вайне, служыў на тэрыторыі Заходняй Украіны. Вялікую Айчынную вайну сустрэў на Заходнім фронце, абараняў Кіеў. Выйшаўшы з акружэння, у 1942 годзе становіцца начальнікам санітарнай службы партызанскай брыгады ў Дрысенскім раёне, адначасова ўзначальваў дыверсійную групу. У 1943 годзе быў прызначаны начальнікам штаба атрада, затым штаба 2-й Дрысенскай партызанскай брыгады. За ўдзел у баявых аперацыях узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, медалямі «Партызану Айчыннай вайны» I і II ступеняў. У 1948 годзе скончыў лячэбны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута. З 1954 года — загадчык Полацкага абласнога аддзела аховы здароўя, з 1957 года — загадчык 4-га галоўнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Спрыяў пашырэнню базы лячэбна-прафілактычных устаноў, увядзенню новых форм і метадаў арганізацыі медыцынскага абслугоўвання, развіваў санаторна-курортную справу. Арганізаваў будаўніцтва ў Беларусі і курортных зонах СССР многіх санаторыяў (Аксакаўшчына, Нясвіж, Друскінінкай, Кіславодск, Місхор, Юрмала, Сочы) з прыцягненнем сродкаў іншых ведамстваў. У 1959 годзе ўзначаліў створаны ў Беларускім дзяржаўнім інстытуце ўдасканалення ўрачоў (БДІУУ) курс паслядыпломнай падрыхтоўкі арганізатараў аховы здароўя, ператвораны ў самастойную кафедру сацыяльнай гігіены і арганізацыі аховы здароўя, якой кіраваў з 1967 па 1983 гг. Актыўна вялася навуковая праца, базавыя лячэбна-прафілактычныя ўстановы ўкаранялі ў практыку прагрэсіўныя формы і метады дзейнасці. Вялікае навукова-практычнае значэнне мелі працы, прысвечаныя пытанням арганізацыі дзейнасці цэнтральнай раённай бальніцы — вядучага звяна ў сістэме сельскай аховы здароўя. А. К. Касач — адзін з актыўных сяброў Беларускага рэспубліканскага таварыства гісторыкаў медыцыны з моманту заснавання (1958), з 1973 па 1989 гг. кіраваў ім. З 1985 года загадваў музейнай групай у Мінскім медыцынскім інстытуце, вырашыў шэраг праблем навуковай і экспазіцыйнай дзейнасці. У мірны час узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны». Памёр Аляксандр Канстанцінавіч 1 лістапада 1989 года. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia