Аніва (востраў)
Аніва (бісл.: Aniwa) — востраў у складзе архіпелага Новыя Гебрыды. З’яўляецца часткай дзяржавы Вануату. Плошча — 9 км². Насельніцтва — 341 чалавек (2009 г.). ГеаграфіяВостраў Аніва месціцца за 213 км на паўднёвы ўсход ад Порт-Віла, набуйнейшага горада і сталіцы Вануату. Уяўляе сабою старажытны атол, сфарміраваны на паверхні падводнага вулкана. У выніку тэктанічных зрухаў вулкан паступова падвышаўся, разам з гэтым выштурхоўваў атол. У выніку паўднёвы бераг Анівы скалісты, узвышаны над вадою да 42 м. Паўночны бераг пераважна нізкі, тут захавалася невялікая лагуна, замкнёная каралавым рыфам. Паверхня вострава складаецца з вапнякоў. Глебы даволі друзлыя. Сталых вадацёкаў няма. Востраў знаходзіцца ў зоне дзеяння сезонных ураганаў. ПрыродаНа востраве Аніва сустракаюцца гаі з каштоўнымі пародамі дрэў, аднак большая частка паверхні занята сельскагаспадарчымі землямі або зараснікамі ксерафітаў. У лагуне вылучаюцца 9 відаў манграў. Навакольныя воды багаты рыбай, у тым ліку тунцамі. Мясцовыя жыхары ашчадна ставяцца да мясцовых каралавых рыфаў. Гісторыя і культураКарэнныя насельнікі Анівы — знешнія палінезійцы, блізкія па мове і культуры да жыхароў суседняга вострава Футуна. На мясцовым дыялекце назва Аніва значыць месца, дзе растуць какосавыя пальмы. Відавочна, палінезійцы з’явіліся тут не раней за позняе сярэднявечча і здаўна падтрымлівалі шчыльныя сувязі з меланезійцамі вострава Тана. Іх грамадства падзялялася на буйныя фратрыі, прычым карэннымі палінезійцамі лічылася толькі фратрыя Таруа. Акрамя таго, паўночную частку Анівы займала ваенна-палітычнае аб’яднанне Сура, а паўднёвую частку — аб’яднанне Эфатэ. У 1865 г. шатландзец Джон Гібсан Патан заснаваў на востраве прэсвітарыянскую місію. Згодна з паданнем, ён залучыў тубыльцаў да хрысціянства пасля таго, як знайшоў крыніцу падземнай пітной вады. У 1890 г. на вышэйшым пагорку быў пабудаваны прэсвітарыянскі касцёл. Гэта адбылося ўжо пасля ад’езду Дж. Г. Патана ў Вялікабрытанію. Тым не меней, мясцовыя легенды звязваюць выбар месца для пабудовы з яго імем. Рэшткі касцёла ўяўляюць сабою адну з нешматлікіх гістарычных славутасцей Анівы. Вывучэнне пахавальных традыцый астравіцян паказала, што хрысціянства аказала вялікае ўздзеянне на іх культуру. Яно садзейнічала заканчэнню міжусобіц і стварэнню адзінай рады правадыроў, якая кіруе на Аніве і ў нашы дні. ІнфраструктураНа востраве Аніва існуе 3 вёскі. Найбуйнейшая з іх — Ісаваі (182 жыхары). Яны злучаны адзінай дарогай без пакрыцця. Галоўныя заняткі астравіцян: рыбалоўства і земляробства. У мінулым асноўнай камерцыйнай культурай была какосавая пальма. У нашы дні Аніва вядома зборам цытрусавых. У апошнія дзесяцігоддзі развіваецца турызм. Аніву стала наведваюць круізныя судны. Дзейнічаюць аэрапорт, прычал для пасажырскіх і рыбалоўных суднаў, медыцынскі дыспансер, пачатковая школа. Літаратура
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia