Апонаўцы (археалагічны помнік)
Апонаўцы — археалагічны помнік: безкурганны могільнік яцвягаў каля в. Апонаўцы (Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць). За 0,5 км на паўночны ўсход ад вёскі, на пакатым узвышшы памерам 150х80 м, выцягнутым з усходу на захад. Адкрыў у 1887 г. і даследаваў 14 пахаванняў у 1891 г. В. А. Шукевіч, у 1888 г. Э. А. Вольтэр даследаваў 51 пахаванне. Пахаванні 2 тыпаў: больш старажытныя каменныя муроўкі ў 3—4 паралельныя радкі, форма муру прамавугольная; муроўкі пазнейшага часу авальнай формы з 1—2 вялікімі камянямі ў галавах і нагах. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах глыбінёй 0,6—1,3 м, нябожчык абкладзены дошкамі. У запаўненні магіл выяўлены вугальныя праслойкі. Інвентар мужчынскіх пахаванняў: баявыя сякеры, жалезныя нажы і кінжалы, крэсівы, паясны набор (спражкі, бронзавыя накладкі). Інвентар жаночых пахаванняў: сярэбраныя (адзін з выявай птушкі) і бронзавыя пярсцёнкі, скроневыя кольцы, бронзавыя бранзалеты і завушніцы, бразготкі, бляшкі рознай формы і дробныя шкляныя пацеркі ад галаўнога ўбору, кавалкі тканіны, пражскія грошы XV ст. і літоўскія дэнарыі XIV—XV стст., у т.л. дэнарый Вітаўта пачатку XV ст. з надпісам «печать» на адным баку і выявай кап’я і крыжа — на другім. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia