Бацькаўшчына (газета, 1947)
«Бацькаўшчына» — газета беларускай эміграцыі, палітычны штотыднёвік (з 1955). Лічыла сябе органам «беларускай нацыянальна-вызвольнай думкі». Выдавалася на беларускай мове, у Мюнхене (31.10.1947 — снежань 1966). Выдавец У. Бортнік (з 1955)[1]. У «Бацькаўшчыне» змяшчаліся публікацыі па гісторыі Беларусі. Шмат увагі адводзілася праблемам нацыянальна-дзяржаўнага і культурнага адраджэння Беларусі ў 20-я гады XX ст., крытыцы кірунку нацыянальнай палітыкі ў БССР. Шматлікія матэрыялы прысвячаліся гісторыі рэлігіі, рэлігійных адносін, супярэчнасцям у нацыянальна-канфесійным развіцці Беларусі. Таксама на старонках газеты прыводзілася ідэя абароны беларускай мовы. «Бацькаўшчына» паслядоўна публікавала на сваіх старонках артыкулы пра рэфармаванне беларускага правапісу, русіфікацыю беларускай мовы, прыгадвала час яе росквіту[2]. З 1951 года фінансавалася ЦРУ[3]. Як дадатак да газеты ў 1952—1961 выдаваўся часопіс для дзяцей «Каласкі». «Бацькаўшчына» і беларуская мова«Бацькаўшчына» прысвяціла шмат увагі гісторыі русіфікацыі беларускай мовы, старалася на абмяжоўвацца толькі XX ст, але зазірнуць глыбей у мінуўшчыну. У ёй быў змешчаны цыкл публікацый праф. Яна Станкевіча «З гісторыі русіфікацыі Беларусі». Аўтар абапёрся на дзве працы: А. Пушкарэвіча («Эпизод из истории русификации Белоруссии») і А. Цвікевіча («Западно-руссизм»). На пачатку аўтар сцвярджае, што формула Пушкіна «Славянскія ручаі сальюцца ў расійскім моры» сталася баявым лозунгам рэакцыйных колаў расійскага грамадства ў славянскім пытанні. Згодна з шматлікімі праектамі рэфарматараў Беларусі, трэба было змяніць у ёй народны дух. Дзеля гэтага мелі служыць рэформы асветы, увядзенне рускай мовы, цывільныя і крымінальныя расійскія судовыя працэдуры, скасаванне царкоўнай уніі, прыцягненне шляхам ільгот і прывілеяў у Беларусь чыноўнікаў з расійскіх губерняў ды, пад канец, каланізацыя беларускіх губерняў расійцамі. Узаконенне рускай мовы ў якасці службовай ва ўсіх галоўных галінах эканамічнага, палітычнага і дзяржаўнага жыцця СССР узносіць рускую мову ў выразна прывілеяванае становішча і робіць яе фактычнай дзяржаўнай мовай усяго Савецкага Саюза, а гэта вядзе да адмірання іншых нацыянальных моў. Выходзячы з гэтага, змаганне нерускіх народаў за чысціню сваіх нацыянальных моў практычнага значэння не мае. Пры такім развязанні пытання лёс іх трагічны. Зусім натуральна, што ў такіх умовах сярод нерускіх народаў штораз больш людзей вывучае рускую мову[2]. Цытата з артыкула «З гісторыі русыфікацыі Беларусі»:
Таксама Станіслаў Станкевіч на старонках гэтай газеты пісаў пра русіфікацыю беларускай мовы і абмеркаваў прычыны, з якіх была зроблена рэформа беларускага правапісу 1933 года:
Газета стаяла на тым, што ўсе беларусы замежжа павінны размаўляць па-беларуску, каб «не распусціцца ў чужым моры», каб «горда і годна рэпрэзентаваць Беларусь перад чужымі народамі». На яе старонках з’яўляліся заклікі да беларусаў, што жылі ў лягеры Віндышбергердорф, каб тыя не пераставалі размаўляць на беларускай мове. У выніку ў Віндышбергердорфе былі адкрытыя беларускія школы, утвораны саюз беларускіх скаўтаў. Крыніцы
|
Portal di Ensiklopedia Dunia