Брэсцкае патрыятычнае падполле
Брэсцкае патрыятычнае падполле — савецкае падполле для барацьбы з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі ў Брэсце. Дзейнічала са жніўня 1941 да 28 ліпеня 1944 года. З красавіка 1943 года работай падполля кіраваў Брэсцкі падпольны абкам КП(б)Б, а з мая 1944 года — Брэсцкі падпольны гаркам КП(б)Б. Ініцыятарам стварэння ў Брэсце падпольнай арганізацыі стаў даваенны сакратар парткома Брэсцкага чыгуначнага вузла П. Г. Жулікаў. Ён далучыў да падпольнай дзейнасці камуністаў Ф. М. Гаўрылава, Б. С. Дзабіева, М. М. Жыгімонта, І. Б. Сцепаненку, Н. М. Голубева, А. М. Самычэнку і інш. У той самы час Р. С. Радкевіч, якая да вайны працавала інструктарам Брэсцкага гаркома КП(б)Б, арганізавала другую групу, куды ўвайшлі А. Ц. Ароніна, А. М. Бабушкіна, Н.А. Камолава, М. М. Смірнова, А. І. Хромава, З. І. Южная і інш. ГісторыяУ жніўні 1941 года на канспіратыўнай сустрэчы прадстаўнікоў гэтых груп быў створаны партыйны цэнтр, названы гарадскім камітэтам партыі. У яго ўвайшлі Жулікаў (1-ы сакратар), Радкевіч (2-гі сакратар), С. Н. Аношын, Дзабіеў, Жыгімонт, Самычэнка. Інструктарамі прызначаны Бабушкіна, Смірнова, Хромава, Южная, прапагандыстамі — Ароніна, Камолава. Першачарговай задачай камітэт лічыў работу па наладжванню сувязей з камуністамі, што асталіся ў горадзе, і далучэнню іх да падпольнай барацьбы. Да канца 1941 года на ўлік узяты больш за 100 чалавек. Падпольная партыйная арганізацыя будавалася паводле вытворча-тэрытарыяльнага прынцыпу, складалася з партыйных груп, якія ўзначальвалі Голубеў, В. І. Горын, В. Н. Мельнікаў, К. Р. Рэпікаў, Самычэнка (усе загінулі) і інш. Для кіраўніцтва работай моладзі было створана бюро камсамольскай арганізацыі на чале з У. А. Несцярэнкам. Групамі беспартыйных падпольшчыкаў кіравалі члены партыі П. Г. Голубева, А. К. Караткова, К. А. Каструбенка, А. І. Літвінава, беспартыйныя А. А. Горная, М. Я. Жыгімонт, Н. І. Ільіна, Л. І. Кулік, Л. І. Крашэннікава і інш. Падпольшчыкі арганізавалі прыём, множанне і распаўсюджванне сярод насельніцтва зводак Саўінфармбюро, збор зброі і боепрыпасаў, цёплага адзення і медыкаментаў для партызан, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з лагераў, забяспечвалі іх дакументамі і аддзеннем. Канспіратыўныя кватэры трымалі Грачоў, Зорына, Крашэннікава, Літвінава, В. Н. Марозава, Рэпікаў, Я. М. Сімянкова; на кватэры А. М. Сенакосавай са жніўня 1941 года хавалі зброю і боепрыпасы. Восенню 1941 года была наладжана сувязь са Старасельскім партызанскім атрадам (пазней імя М. М. Чарнака). У першай палове 1942 года 25 падпольшчыкаў, якім пагражаў арышт, пайшлі з горада да партызан. У жніўні 1942 года для кіраўніцтва арганізацыяй створана новае бюро, куды ўвайшлі Жулікаў (сакратар), М. М. Жыгімонт, Дзабіеў, Южная, з чэрвеня 1943 года і А. Р. Серафімовіч. Летам і восенню 1942 года падпольшчыкі сарвалі мерапрыемствы акупацыйных улад па вывазу моладзі ў нацысцкую Германію, рэквізіцыі ў насельніцтва цёплых рэчаў для вермахта, сабралі больш за 300 тысяч рублёў у фонд абароны краіны. У 1942—1943 гадах толькі атраду Чарнака яны перадалі 5 кулямётаў, 6 аўтаматаў, 70 вінтовак, 65 пісталетаў, сотні гранат, больш за 60 тысяч патронаў. У маі 1943 года пераправілі Брэсцкаму міжраённаму «Камітэту барацьбы з нямецкімі акупантамі» шрыфт і друкарскае абсталяванне. Падпольшчыкі вывелі са строю 6 паравозаў, зрывалі рамонт вагонаў, пуск ліцейнага цэха, псавалі станкі і абсталяванне. Арышт вясной і восенню 1943 года групы падпольшчыкаў нанёс цяжкі ўдар падполлю. Падпольшчыкі, якія асталіся жывыя (каля 30 чалавек), камсамольцы і антыфашысты працягвалі барацьбу. Брэсцкі падпольны абкам КП(б)Б праз свайго ўпаўнаважанага З. Ф. Паплаўскага, сувязных В. С. Селівонік, Хромаву і іншых прыняў меры для наладжвання сувязей з уцалелымі ад арыштаў падпольшчыкамі і аказванню ім арганізацыйнай і іншай дапамогі. З кастрычніка 1943 года падпольную партыйную арганізацыю ўзначаліла Смірнова. У склад бюро ўвайшлі Дзабіеў, Камолава, Літвінава. У горад дастаўлялі газеты «Правда», «Известия», «Заря» і іншую палітычную літаратуру. Падпольшчыкі разам з дыверсійнымі групамі партызанскіх атрадаў імя Чарнака, імя Чкалава і інш., якія дзейнічалі вакол Брэста, правялі шэраг баявых аперацый. Восенню 1943 года знішчылі шашэйны мост цераз р. Мухавец, узарвалі бензакалонку, сапсавалі 3 паравозы ў чыгуначным дэпо, парахавы склад. 31 снежня 1943 года ўзарвалі афіцэрскую сталовую і інш. Партыйная арганізацыя кіравала дзейнасцю Брэсцкага камсамольска-маладзёжнага падполля, мела сувязь з Брэсцкай гарадской антыфашысцкай арганізацыяй. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia