Ва́гі (ад ням.: Waage) — прылада для ўзважвання прадметаў, рэчываў або вызначэння масы цела. Вагі з місамі на каромысле называюцца шалямі, прылады для ручнога ўзважвання — кантар або бязмен.
Найстарэйшыя вагі, датаваныя V тысячагоддзем да нашай эры, знойдзеныя ў Месапатаміі[1].
Вагонныя вагі — для ўзважвання чыгуначных вагонаў рознай даўжыні і грузападымальнасці; найчасцей выкарыстоўваюцца здвоеныя вагі, якія складаюцца з двух усталяваных поруч вагаў, падплятформныя пад’ёмныя механізмы якіх далучаныя да аднаго агульнага каромысла.
Аўтамабільныя вагі — для ўзважвання грузавых аўтамабіляў; усталёўваюцца стацыянарна, асноўны пад’ёмны механізм іх мантуецца на моцным падмурку, памеры платформы разлічаныя на параметры грузавых аўтамабіляў.
Ваганеткавыя вагі — для ўзважвання ваганетак. Паводле канструкцыі і ўстаноўкі маюць падабенства з аўтамабільнымі вагамі, адрозніваюцца тым, што маюць на платформе прымацаваныя кавалкі рэек і ўсталёўваюцца на рэйкавай каляіне.
Рычажныя — прынцып дзеяння заснаваны на ўраўнаважванні масы груза з дапамогаю рычагу або сістэмы рычагоў
Электронныя — працуюць на аснове ператварэння механічнага дзеяння масы груза ў прапарцыйны ёй электрычны сігнал, які выражаецца лічбавым індэксам значэння вымеранай масы
Паводле спосабу ўсталявання
Настольныя — усталёўваюцца на ятку ці стале
Падвесныя — выкарыстоўваюцца на працоўных месцах, дзе іншыя вагі прымяніць складана
Перасоўныя (платформавыя) — усталёўваюцца, як правіла, на падлозе ў месцах прыёмкі тавару
Стацыянарныя — усталёўваюцца на пастаянным месцы ў спецыяльным паглыбленні. Платформа ваг павінна знаходзіцца на роўнай пляцоўцы, што палягчае працэс узважвання
Гірныя — маса тавару вызначаецца шляхам падліку масы гір
Шкальныя — маса тавару вызначаецца па шкале каромысла ў месцы размяшчэння перасоўных гір, якія ўраўнаважваюць груз
Шкальна-гірныя — маса тавару вызначаецца па значэнні гір, размешчаных на гіратрымальніку, і шкале каромысла, па якой перамяшчаецца для ўраўнаважвання груза перасоўная гіра
Цыферблатныя — маса груза вызначаецца з дапамогай стрэлкі на шкале цыферблату
Цыферблатна-гірныя — маса тавару разлічваецца па суме масы гір на таварнай пляцоўцы і паказанняў шкалы цыферблату
Лічбавыя электронныя — значэнне масы здымаецца з экрану, дзе фіксуецца лічбай індэкс масы, цана тавару за 1 кг і кошт тавару
Гідрастатычныя — даюць мажлівасць выконваць узважванне ўзору пароды ў вадкасці (вадзе, этылавым спірце).
Паводле спосабу дасягнення раўнавагі
З аўтаматычным ураўнаважваннем
З паўаўтаматычным ураўнаважваннем
З неаўтаматычным ураўнаважваннем
Паводле віду адліковай прылады
З аналагавай адліковай прыладай
З дыскрэтнай адліковай прыладай
Сімвалізм
Рэлігійны
Вагі выкарыстоўваюцца ў некаторых пантэістычных і монатэістычных рэлігіях. У Феміды, Юстыцыі або Астрэі яна сімвалізуюць правасуддзе. Падобнае значэнне маюць вагі ў бога Кайраса — «удача прыходзіць тым, хто яе заслужыў».
Іншы варыянт сімвалізму вагаў — пасмяротная ацэнка жыцця чалавека. Так, на судзе Асірыса вага людскога сэрца параўноўваецца з вагай пярынкі Маат. Схожым чынам узважвае душу чалавека па смерці Рашну ў зараастрызме, арханёл Міхаіл у хрысціянстве[2]. У ісламе ў дзень усеагульнага ўваскрасення ўсе ўчынкі людзей будуць узважаныя, і па выніках узважвання ўваскрэслыя трапяць у рай або пекла[3].
Астралагічны
Шалі — адзін са знакаў задыяку, адпавядае перыяду з 23 верасня да 23 кастрычніка. Пазначаецца сімвалам ♎.
Зноскі
↑Сергей Иванов.. История весов(руск.). История.Ру. Праверана 7 лістапада 2018.