Васіль Гарабурда
Васіль Анцутавіч Гарабурда (1-я палова XVI ст. — пасля 1586) — вялікалітоўскі друкар і выдавец. БіяграфіяЗвесткі пра паходжанне Васіля Гарабурды супярэчлівыя. У пасляслоўі да свайго «Актоіха» (1582) ён запісаны «рабом божым Васілём Міхайлавічам Гарабурдам», таму большасць даследчыкаў лічаць яго сынам вялікага пісара літоўскага Міхайлы Гарабурды. Аднак, у тастаменце Міхайлы Гарабуды (1586) Васіль названы пляменнікам («сыноўцам»)[1]. У тастаменце ж Аляксандра Гарабурды (1570) названы «народжаны дзядзька» Міхайла Гарабурда і «браты» Пётр і Васіль Анцуцічы Гарабурды[2]. На думку Георгія Галенчанкі, Васіль быў сынам Анцуты Гарабурды, дробнага гаспадарскага баярына, уладальніка маёнтка Макрэц у Гарадзенскім павеце. Бацька Васіля — Анцута, пастрыгся ў манахі пад імем Арсеній. Станам на 1562 год Арсеній быў інакам Полацкага Іаана-Прадцечанскага манастыра і, імаверна, яго настаяцелем, а 22.10.1562 года, з прадстаўлення полацкіх баяр і мяшчан, намінаваны Жыгімонтам Аўгустам у епіскапы полацкія. Магчыма, Арсеній быў фундатарам або апекуном Полацкай ананімнай друкарні, дзе сярод іншых мог працаваць і Васіль Гарабурда[3]. Пазней працаваў у Заблудаўскай друкарні Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца, у актах уладзімірскага гродскага суда за 1570 год Васіль Гарабурда называецца «слугой друкарні гетмана Рыгора Хадкевіча»[4]. Князь Андрэй Курбскі згадваў, што князь Канстанцін-Васіль Астрожскі аддаваў перапісваць Васілю Гарабурдзе кнігі атрыманыя з Афону[5]. Потым арганізаваў друкарню ў Вільні. Васіль Гарабурда працягваў выдавецкія традыцыі Заблудаўскай друкарні, выдаваў кнігі на царкоўнаславянскай мове буйным фарматам, у 2 колеры. Раслінны арнамент заставак у кнігах нагадвае львоўска-маскоўскія ўзоры Івана Фёдарава. У 1578 годзе «Базылиушъ Гарабурда дворанинъ его королевское милости», земянін гаспадарскі Гарадзенскага павету, згадваецца сярод сведкаў вяноўнага запісу ў Жыдомлі.[6] У 1582 годзе у Віленскай друкарні Васіль Гарабурда выдаў «Актоіх» («Васьмігалоснік») з падпісаным пасляслоўем, на цяперашні час захавалася 35 асобнікаў гэтага выдання. Выхадныя звесткі «Актоіха» дадзены ў двух каляндарных стылях, як у некаторых віленскіх выданнях Францыска Скарыны. Друкарня Васіля Гарабурды перайшла да Мамонічаў, якія з 1583 года ўзнавілі выдавецкую дзейнасць. Магчыма, Васіль Гарабурда быў адным з тых друкароў Мамонічаў, якім гэта друкарня абавязана працяглай і плённай дзейнасцю. Таксама дапускаюць, што каля 1580 года Васіль Гарабурда выдаў «Евангелле вучыцельнае» (блізкую копію заблудаўскага выдання 1569 года) і «Часаслоў». Такім чынам, фактычна, Васіль Гарабурда выдаў столькі ж кніг, што і Пётр Мсціславец.[7] Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia