Вугляродзістыя хандрыты

Метэарыт Альендэ[en] з заметнымі круглымі хондрамі

Вугляродзістыя хандрыты — клас хандрытаў, які адрозніваецца цёмна-шэрым або чорным колерам і часам большай канцэнтрацыяй вугляроду, чым у іншых хандрытах. Паводле хімічнага складу, структуры і іншых уласцівасцей падзяляюцца на групы CI, CM, CV, CO, CR, і CK (часам таксама выдзяляюцца CH і CB). Як і іншыя хандрыты, маюць невялікія сферычныя ўкрапіны-хондры, убудаваныя ў матрыцу[en]. Хондры адсутнічаюць толькі ў змененых пад уплывам вады хандрытах групы CI, што класіфікуюцца як хандрыты толькі дзякуючы іх хімічным уласцівасцям[1].

Раней уважалася, што цёмны колер многіх вугляродзістых хандрытаў абумоўлены высокай канцэнтрацыяй вугляродзістага матэрыялу, што і дало назву цэламу класу. Аднак цяпер вядома, што да колеру найбольш прычыняецца дробназярністая структура матрыцы, а канцэнтрацыя вугляроду ў некаторых экзэмплярах вугляродзістых хандрытаў можа быць меншай за канцэнтрацыю вугляроду ў хандрытах іншых класаў[1].

Вугляродзістыя хандрыты адрозніваюцца найбольш прымітыўным хімічным складам, асабліва ў групе CI, найбольш набліжанай да складу Сонца (за выняткам лятучых[en] рэчываў). У параўнанні з іншымі класамі хандрытаў, ім характэрна найбольш высокая канцэнтрацыя вогнетрывалых кампанентаў — найбольш старажытных матэрыялаў Сонечнай сістэмы, што асабліва праяўляецца ў групе CV[1].

Групы CI і CM маюць найбольшую з усіх хандрытаў канцэнтрацыю матэрыялаў, старэйшых за Сонечную сістэму, бо такія матэрыялы змяшчаюцца ў матрыцы, а гэтыя групы маюць найбольш матрыцы. Таксама гэтыя групы зазналі найменш тэрмальнага метамарфізму[en], разбуральнага для дасонечных матэрыялаў. Сярод дасонечных часцінак сустракаюцца і арганічныя, некаторыя з якіх утварыліся ў малекулярных аблоках міжзорнага асяроддзя[1].

Большая частка арганічных рэчываў знаходзіцца ў вугляродзістых хандрытах у выглядзе нерастваральнага макрамалекулярнага матэрыялу, падобнага да зямнога керагену[en]. Сярод кампанентаў растваральнай часткі — асноватворныя для жыцця на Зямлі амінакіслоты і нуклеатыдныя асновы[en] (імаверна, пазазямнога паходжання[2]). Падобныя часцінкі траплялі з космасу на Зямлю і на ранніх стадыях яе існавання, але іх роля ў станаўленні жыцця застаецца невядомай[1].

Крыніцы

  1. а б в г д Carbonaceous chondrite - Definition, Composition, & Facts - Britannica.
  2. M.P. Callahan, K.E. Smith, H.J. Cleaves, J. Ruzicka, J.C. Stern, D.P. Glavin, C.H. House, & J.P. Dworkin, Carbonaceous meteorites contain a wide range of extraterrestrial nucleobases, Proc. Natl. Acad. Sci. U.S.A. 108 (34) 13995-13998, https://doi.org/10.1073/pnas.1106493108 (2011).


Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya