Вірхілія Лерэт Руіс
Вірхілія Лерэт Руіс (ісп.: Virgilio Leret Ruiz; 23 жніўня 1902 — 18 ліпеня 1936) — іспанскі вайсковец, лётчык, інжынер і вынаходнік. З пачаткам грамадзянскай вайны ў Іспаніі застаўся верны Рэспубліцы і быў адным з першых афіцэраў, расстраляных паўстанцамі. Муж пісьменніцы-феміністкі і журналісткі Карлоты О'Ніл дэ Лама. БіяграфіяНарадзіўся ў Памплоне. Быў трэцім з васьмі дзяцей у сям’і падпалкоўніка Карласа Мануэля Лерэта-і-Убеды і Марыі Луізы Руіс-і-Рамірэс. Ва ўзросце пятнаццаці гадоў паступіў у Таледскую пяхотную акадэмію, якую скончыў у 1920 годзе ў званні другога лейтэнанта[2]. У 1920—1924 гадах удзельнічаў у Рыфскай вайне. У гэты час вывучыў арабскую і французскую мовы. У 1925—1927 гадах служыў лётчыкам 2-й групы эскадронаў заходняй зоны. У 1929 годзе атрымаў адукацыю інжынера-механіка і электратэхніка вышэйшай кваліфікацыі. У 1930 годзе з-за сімпатыў да рэспубліканцаў[2] трапіў у турму, але з падзеннем манархіі ў красавіку 1931 года вызвалены. У чэрвені 1932 года быў накіраваны на службу на авіябазу Эль-Аталаён, размешчаную недалёка ад Мелільі. У 1934 годзе на фоне масавых забастовак зноў трапіў у турму. Падчас знаходжання пад вартай сканструяваў рэактыўны рухавік, арыгінальны і рэвалюцыйны для свайго часу, які ён назваў «Мотатурбакампрэсарам бесперапыннай рэакцыі»[3]. Гэта вынаходніцтва было запатэнтавана ў Мадрыдскім рэестры прамысловай уласнасці 28 сакавіка 1935 года пад нумарам 137 729. На волі далучыўся да Рэспубліканскага антыфашысцкага ваеннага саюза[4][5]. На пачатак грамадзянскай вайны 17 ліпеня 1936 года знаходзіўся на пасадзе камандзіра авіяцыйнай базы Эль-Аталаён. Калі ў Мелільі пачалося паўстанне, аэрадром атакавалі паўстанцы[6]. Лерэт быў узяты ў палон і пераведзены ў форт Растрагорда, дзе яго расстралялі[6]. ПамяцьУ сакавіку 2011 года быў выпушчаны дакументальны фільм «Virgilio Leret, el caballero del azul» пра постаць Лерэта. Зняты журналістам Мікелем Донаса і падрыхтаваны ETB, фондам Aena і Дзяржаўным універсітэтам Навары. У тым жа годзе гарадскі савет Парла вырашыў назваць вуліцу яго імем. Крыніцы
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia