Віталія Анатольеўна Бандарэнка
Віталія Анатольеўна Бандарэнка (нар. 5 чэрвеня 2002) — палітычная зняволеная, абвінавачаная падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе. Па справе (пратэсты ў Брэсце 9-10 жніўня ў 2020 годзе) праходзіла больш за 80 падсудных, сярод якіх Бандарэнка — адзіная дзяўчына[1]. БіяграфіяБандарэнка нарадзілася 5 чэрвеня 2002. Бацькі разышліся, пасля памёр яе тата. Пасля школы навучалася ў прафесійна-тэхнічным каледжы ў горадзе Высокае на кухара, дзе пазнаёмілася з Дзянісам Хазеем, з якім неўзабаве пачала сустракацца. Пасля навучання працавала ў Брэсце ў кавярні[2]. Палітычны пераследУ канцы жніўня 2020 года Бандарэнка затрымалі на працы ў кафэ, яна была змешчана ў ІЧУ. Праз двое сутак на судзе па адміністрацыйнай справе атрымала штраф. Але ў ізалятары дзяўчыну пакінулі яшчэ на суткі — каб паведаміць, што на яе завялі крымінальную справу за ўдзел у масавых беспарадках[3]. У пачатку студзеня 2021 да пачатку суда Бандарэнка з’ехала з Беларусі, каб не трапіць пад арышт, бо ў Брэсце ўжо пачалі прысуджаць турэмныя тэрміны за пратэсты ў жніўні 2020. Але ў канцы лютага 2021 таемна ад сям’і вярнулася ў Беларусь, каб сустрэцца з Дзянісам Хазеем, суд над якім павінен быў распачацца 27 лютага. «У канцы лютага яна вярнулася на пару дзён. Зняла жыллё насупраць нашага дома, каб паглядзець на мяне — а я нават не ведала. Засумавала па сям’і і па сваім хлопцы, і вось зрабіла глупства», — з аповеду Наталлі, маці Бандарэнка[3]. 1 сакавіка 2021 дзяўчыну затрымалі, а Дзянісу Хазею 10 студзеня прысудзілі тры гады пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі для непоўнагадовых[4]. Кабету змясцілі пад варту ў ІЧУ, пасля перавялі СІЗА-7 у Брэсце. Родныя на пэўны час згубілі сувязь з Бандарэнка, бо нават адвакат не мог да яе трапіць[2]. 3 сакавіка 2021 сумеснай заявай дзевяці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Прававая ініцыятыва, Бандарэнка была прызнана палітычнай зняволенай[5][6]. 21 траўня 2021 у Ленінскім судзе Брэста суддзя Андрэй Вацлававіч Грушко вынес прысуды па крымінальнай справе аб масавых беспарадках пасля выбараў 2020 года 13 берасцейцам. Сярод іх Бандарэнка была асуджана па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі) да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, але сваю віну не прызнала[7]. З аповедаў бабулі палітвязынкі пра судовы працэс: «На судзе я пачула паказанні людзей, нібыта пацярпелых. Мы іх не бачылі, яны былі ў іншым памяшканні са змененымі галасамі. І ў кожнага з іх супярэчнасці, звесткі падчас следства і суда разыходзяцца. Пры гэтым яны не былі ні ў чым упэўненыя, і мяне гэта таксама дзівіла, як адзін і той жа чалавек можа даваць розныя паказанні. Была на яшчэ адным судовым паседжанні, і ўжо пацярпелыя кажуць, што да абвінавачваных не маюць прэтэнзіяў. Толькі адзін скардзіўся, што ў яго пагон адарваўся»[2]. 11 жніўня 2021 года сімвалічнай «хроснай» Бандарэнкі стала дэпутатка Еўрапарламента Габрыэль Бішаф . Па справе Габрыэль Бішаф выказалася наступным чынам: «Падчас пратэстаў сярод іншых была затрыманая і асуджаная да чатырох гадоў пазбаўлення волі 19-гадовая Віталія Бандарэнка. Я б хацела прадэманстраваць, што мы хочам падтрымаць яе, а таксама сотні іншых мужных вязняў рэжыму Лукашэнкі, і надаць ім неабходную ўвагу! Мы штодня натхняемся іх мужнасцю і настойлівасцю ў іх барацьбе за дэмакратычную будучыню. Я заклікаю Лукашэнку неадкладна вызваліць усіх палітвязняў»[8][9]. Утрымліваецца ў жаночай папраўчай калоніі № 4 у Гомелі. Зноскі
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia