Гаянска-венесуэльскі крызіс (2023)
Гаянска-венесуэльскі крызіс 2023 года — дыпламатычны крызіс паміж Гаянай і Венесуэлай, звязаны з тэрытарыяльнай спрэчкай з нагоды прыналежнасці Гаяны-Эсекіба. Пытанне зарадзілася яшчэ ў 1840 годзе, калі першая краіна была брытанскай калоніяй. Спрэчны рэгіён знаходзіцца на левым беразе ракі Эсекіба (больш за 60 % тэрыторыі Гаяны). ПерадгісторыяПры заснаванні іспанскае генерал-капітанства Венесуэла ўключала ў свой склад таксама тэрыторыю Гаяны-Эсекіба, якая пасля заканчэння вайны за незалежнасць была пакінута венесуэльцамі. Неўзабаве Брытанская імперыя праз гандлёвае пагадненне з Нідэрландамі завалодала Гаянай. Двухбаковая дамова не вызначала заходнюю мяжу калоніі. У сувязі з гэтым у 1840 годзе Лондан заявіў правы на Гаяну-Эсекіба. Пасля брытанцы ўварваліся і захапілі край[2]. У адпаведнасці з дактрынай Манро Злучаныя Штаты Амерыкі асудзілі той факт, што мяжа была пашырана «таямнічым чынам», і прапанавалі разглядзець пытанне ў міжнародным арбітражы. У 1899 годзе, пасля Парыжскай канферэнцыі 1895 года, большасць тэрыторый адышла брытанцам[3]. Аднак у 1949 годзе быў апублікаваны мемарандум амерыканскага юрыста С. Мален-Прэва, які ўдзельнічаў у абароне Венесуэлы ў Парыжскім арбітражным рашэнні. Ён крытыкаваў суддзяў, якія апынуліся заўзятымі, паколькі прынялі рашэнне на карысць Брытанскай Гвіяны[2]. У 1966 годзе Венесуэла і Вялікабрытанія падпісалі Жэнеўскае пагадненне (яшчэ да абвяшчэння незалежнасці Гаяны ў тым жа годзе). Дакумент стварыў аснову для вырашэння тэрытарыяльнай спрэчкі шляхам перамоў. Паводле дагавора, Венесуэла заяўляе аб сваім суверэнітэце над Гаянай-Эсекіба[3]. Гаяна, са свайго боку, сцвярджала, што сусед адмовіўся ад гэтай тэрыторыі пасля Парыжскай канферэнцыі[4]. Ход падзейПасля адкрыцця радовішчаў нафты і газу[5] 19 верасня 2023 года Гаяна дазволіла шасці замежным нафтавым кампаніям, уключаючы ExxonMobil, весці бурэнне ў водах, на якія прэтэндуе Венесуэла[4][6]. Урад Нікаласа Мадура ініцыяваў кансультатыўны рэферэндум, прызначаны на 3 снежня, падчас якога грамадзянам прапанавана адказаць на пяць пытанняў, у тым ліку пра тое, ці згодныя яны «любымі сродкамі, у адпаведнасці з законам, супрацьстаяць дамаганням Гаяны на аднабаковае выкарыстанне марскіх рэсурсаў у парушэнне міжнароднага права», і ці падтрымаюць яны прадастаўленне грамадзянства 125 тыс. жыхарам Гаяны-Эсекіба[7][8]. Урад Венесуэлы раскрытыкаваў «злоўжыванні ExxonMobil» і Паўднёвага камандавання Узброеных Сіл ЗША[4][8]. Рэакцыя апазіцыі падзялілася: з аднаго боку, Марыя Карына Мачада, лідар апазіцыйнай палітычнай кааліцыі «Адзіная платформа», папрасіла прыпыніць правядзенне рэферэндуму для падачы пазову ў Міжнародны суд ААН[9], тады як Мануэль Расалес і Энрыке Капрылес Радонскі, былыя кандыдаты ў прэзідэнты ад апазіцыі, выступілі за рэферэндум[10]. Рэферэндум выклікаў дыпламатычны крызіс паміж краінамі[11]. На слуханнях у Міжнародным судзе ў сярэдзіне лістапада прадстаўнікі дзяржаў папрасілі суд прызнаць іх суверэнітэт над рэгіёнам. Гаяна таксама запатрабавала адмены рэферэндуму, сцвярджаючы, што апаненты мелі намер анексаваць тэрыторыю, але ўрад Венесуэлы адхіліў гэтую просьбу[5]. У канцы лістапада прэзідэнт Гаяны Ірфаан Алі сустрэўся з вайскоўцамі на мяжы з Венесуэлай, а на наступны дзень апублікаваў відэа, на якім ён падняў сцяг Гаяны на мерапрыемстве на Пакарампе ў Гаяне-Эсекіба, недалёка ад венесуэльскага штата Балівар[8]. Пасля гэтага мерапрыемства міністр абароны Венесуэлы Уладзімір Падрына Лопес заявіў, што ўзброеныя сілы краіны будуць пастаянна пільнымі ў дачыненні да любых дзеянняў, якія «пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы», папрасіўшы насельніцтва прыняць удзел у рэферэндуме і дадаўшы, што канфлікт на дадзены момант не з’яўляецца вайной[12]. Губернатар Суліі Мануэль Расалес заявіў, што Гаяна-Эсекіба з’яўляецца «стоадсоткавай венесуэльскай тэрыторыяй», а дзеянні Гаяны парушаюць Жэнеўскае пагадненне 1966 года. Ён таксама раскрытыкаваў той факт, што Арганізацыя Аб’яднаных Нацый і Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў не выказваліся з гэтай нагоды[13]. 3 снежня ў Венесуэле праведзены рэферэндум. Па папярэдніх выніках, пераважная большасць венесуэльцаў (каля 95 %) прагаласавала за далучэнне Гвіяны-Эсекіба[14][15]. Прэзідэнт Нікалас Мадура абвясціў рэгіён дваццаць чацвёртым штатам дзяржавы і распарадзіўся выпусціць новыя карты[16]. 6 снежня венесуэльскі ўрад разгарнуў мабілізацыю[17][18][19]. 14 снежня адбыліся перамовы прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура і прэзідэнта Гаяны Ірфан Алі па праблеме прыналежнасці спрэчнай вобласці. Сустрэча праведзена ў Сент-Вінсент і Грэнадзіны[20]. Бакі дамовіліся стварыць камісію для ўрэгулявання пытання, якая будзе ўключаць міністраў замежных спраў і тэхнічных спецыялістаў дзвюх дзяржаў і на працягу трох бліжэйшых месяцаў прадставіць справаздачу, пасля чаго лідары абедзвюх краін правядуць яшчэ адны перамовы ў Бразіліі[21]. Таксама бакі дамовіліся, што не будуць прымяняць сілу адзін супраць аднаго, а таксама ўстрымлівацца ад эскалацыі канфлікту[22]. Іншыя краіны23 лістапада старэйшыя афіцэры Сіл абароны Гаяны і Узброеных Сіл Бразіліі сустрэліся для правядзення вучэнняў. Бразілія рашуча падтрымала суседа ў памежнай спрэчцы[23]. У той жа час краіна спрабавала выступіць пасярэднікам паміж дзяржавамі, каб пазбегнуць узброенага канфлікту[3]. Прадстаўнікі Міністэрства абароны ЗША планавалі наведаць Гаяну ў канцы лістапада[8]. Гаяна прапанавала размясціць замежныя ваенныя базы на сваёй тэрыторыі, а сухапутныя войскі Бразіліі рушылі да мяжы абедзвюх краін, чакаючы магчымага венесуэльскага ўварвання ў Гаяну[24][25]. У перыяд з 27 па 29 лістапада бразільцы перакінулі да граніцы бронеаўтамабілі VBTP-MR Guarani са складу 5-й армейскай дывізіі, танкі Леапард 1, а таксама пяхотныя падраздзяленні[26]. Крыніцы
|
Portal di Ensiklopedia Dunia