Геранім Антонавіч Кеневіч (польск.: Hieronim Kieniewicz; руск.: Иероним Антонович Кеневич, 1796/1797, (?) вёска Дарава, (?) Навагрудскі павет, Расійская імперыя — 1884, Рым, Італія) — буйны землеўласнік Расійскай імперыі, мазырскі павятовы харунжы.
Біяграфія
Належаў да шляхецкага роду Кеневічаў герба «Равіч». Нарадзіўся ў сям’і Антона Нестара Кеневіча, мазырскага павятовага суддзі, і яго жонкі-шляхцянкі каталічкі Кацярыны Адынец[1]. Быў хрышчаны ў каталіцтва.
Вучыўся ў 1815—1817 гг. у Віленскім універсітэце. Атрымаў ступень кандыдата філасофіі. Быў знаёмы з Іаахімам Лялевелем.
Выбіраўся дваранамі на пасаду мазырскага павятовага харунжага ў Мазырскім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі. Быў членам мясцовай масонскай ложы.
Пасля смерці бацькі ў 1822 г. атрымаў маёнтак Лобча (Лобча, Засоп’е і інш.) у Мазырскім павеце.
Ажаніўся са шляхцянкай-каталічкай Кацярынай Ігнатаўнай Горват.
17 снежня 1837 г. купіў у графа Аляксандра Францішка Хадкевіча (1776—1838) маёнтак Брынёў (Брынёў, Ляскавічы і інш.) — 614 рэвізскіх душ.
Праз 10 гадоў пасля падаўлення Лістападаўскага паўстання (1830—1831) Геранім Антонавіч Кеневіч выкупіў маёнтак Дарашэвічы ў свайго брата-паўстанца Фелікса Антонавіча Кеневіча (1802—1863), што ўратавала маёнтак Дарашэвічы ад канфіскацыі расійскімі ўладамі. З завяршэннем будаўніцтва палаца ў Дарашэвічах Геранім Кеневіч адначасова залажыў цудоўны парк і пабудаваў у ім фамільную капліцу-пахавальню Кеневічаў.
Сям’я
У шлюбе з Кацярынай з Горватаў (1807—1891) меў дзяцей:
- 1) Ядвіга Геранімаўна Кеневіч (1829—1892);
- 2) Каміла Геранімаўна Кеневіч (1828—?). Муж: Януарый Мікульскі;
- 3) Ванда Геранімаўна Кеневіч (к.1837—?). Муж: Вітольд Орда;
- 4) Геранім Геранімавіч Кеневіч (1830—1911), мазырскі павятовы маршалак. Жонка: Ядвіга Аляксандраўна Горват (к.1840—1916);
- 5) Юзафіна Геранімаўна Кеневіч (1820—1876). Муж: Баляслаў Казіміравіч Яленскі. Шлюб у 1862 г. у Вільні.
Зноскі
- ↑ Анішчанка, Я. К. Ураднікі беларускіх земляў Расійскай імперыі на рубяжы XVIII—XIX стст. — Мінск, 2011. — С. 156.
Літаратура
- Раюк, А. Р. Вакантнасць пасады маршалка Мазырскага павета Мінскай губерні ў першай палове XIX ст. / А. Р. Раюк // Европа: актуальные проблемы этнокультуры : материалы IV Междунар. науч.-теорет. конф., Минск, 22 апр. 2013 г. / Бел. гос. пед. ун-т им. М. Танка; редкол. В. В. Тугай (отв. ред.) [и др.]. — Минск : БГПУ, 2013. — С. 194—196.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 2. Województwa brzesko-litewskie, nowogródzkie. — 474 s.
- Boniecki, А. Herbarz polski. T.X. — W-wa. 1907.
- Kieniewicz, S. Dereszewicze. 1863 / S. Kieniewicz. — Wroclaw-Warszawa-Kraków-Gdańsk-Lodź : Ossolineum, 1986. — 192 s.
- Kieniewicz, A. Nad Prypecią dawno temu… Wspomnienia zamierzchłej przeszłości / A. Kieniewicz. — Wrocław etc. : Ossolineum, 1989. — 558 s.
- Urbański, A. Memento kresowe / A. Urbański. — Warszawa : Drukarnia St. Niemiry syn i S-ka, 1929. — 156 s.
- Żołtowska, J. Inne czasy i inni ludzie / J. Żołtowska. — Londyn, 1959.
 Геранім Кеневіч (1796—1884) — продкі |
---|
|
Генеалогія і некрапалістыка | |
---|