Герасім (мітрапаліт Кіеўскі)
Гера́сім (? — 26 ліпеня 1435) — праваслаўны царкоўны дзеяч ВКЛ. З 1417 г. епіскап смаленскі. У 1432—35 гг. мітрапаліт літоўскі. Паводле некаторых летапісаў, меў тытул «мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі». Аднак улада Герасіма абмяжоўвалася тэрыторыяй ВКЛ і некаторых суседніх усходне-славянскіх зямель (напрыклад, Пскова), бо ў 1433 г. галавой праваслаўнай царквы Маскоўскай дзяржавы з такім жа тытулам «мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі» быў абраны разанскі епіскап Іона. Герасім быў пасвячоны ў мітрапаліты ў Канстанцінопалі патрыярхам Іосіфам па просьбе вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы. Працягваў жыць у Смаленску. Рымскі Папа Яўген IV спадзяваўся з дапамогай Герасіма падпісаць унію з праваслаўнай царквой ВКЛ. З пачаткам у 1432 г. вайны паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам Герасім быў на баку Свідрыгайлы, аднак у 1435 г. быў абвінавачаны апошнім у тайных зносінах з Жыгімонтам, арыштаваны і спалены на вогнішчы ў Віцебску. Расправа з Герасімам падарвала аўтарытэт Свідрыгайлы ў войску і садзейнічала яго паражэнню. ЗноскіЛітаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia