Гізела Маўэрмаер
Гізела Маўэрмаер (ням.: Gisela Mauermayer; 24 лістапада 1913, Мюнхен — 9 студзеня 1995, там жа) — нямецкая лёгкаатлетка, чэмпіёнка летніх Алімпійскіх гульняў 1936 года ў Берліне па кіданні дыска. БіяграфіяУ 1932 годзе ва ўзросце 18 гадоў стала членам НСДАП, каб атрымаць пасаду старшыні мюнхенскага таварыства за інтарэсы жанчын. З наступнага года пачала займацца лёгкай атлетыкай, выступаючы за мюнхенскі гімнастычны клуб «Німфенбург» і трэніруючыся ў Ёзэфа Цахмаера. На Сусветных жаночых гульнях 1934 года перамагла ў штурханні ядра, устанавіўшы сусветны рэкорд 13,67 м, стала другой у кіданні дыска (40,65 м) і першынствавала ў спаборніцтвах па пяцібор’і, набраўшы рэкордныя 377 ачкоў (штурханне ядра: 13,44 м, скачкі ў даўжыню: 5,51 м, бег на 100 метраў: 13,0 с, скачкі ў вышыню: 1,52 м; кіданне дзіды: 32,90 м). Гэтыя вынікі забяспечылі ёй месца ў складзе нямецкай зборнай на Алімпійскіх гульнях 1936 года. Але паколькі ні штурханне ядра, ні пяцібор’е не ўваходзілі ў праграму Гульняў, Маўэрмаер засяродзілася на трэніроўках у кіданні дыска і ў выніку стала алімпійскай чэмпіёнкай (47,63; 41,64; 40,70; 36,27; 43,54; 44, 26 м). На чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы 1938 года яна перамагла ў кіданні дыска (43,20; 43,58; 42,94; 40,29; 40,11; 44,80 м) і стала другой у штурханні ядра з вынікам 13,27 м. У тым жа годзе паступіла ў мюнхенскую гімназію на пасаду настаўніцы фізкультуры. У 1942 годзе завяршыла спартовую кар’еру. З-за свайго нацысцкага мінулага пасля вайны Маўэрмаер была звольнена з гімназіі і доўгі час заставалася без працы. Потым яна вывучала біялогію і ў 1954—1975 гадах узначальвала бібліятэку Заалагічнай дзяржаўнай калекцыі Мюнхена. Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia