3 снежня 2012 года афіцыйны прадстаўнік каралеўскага двара Вялікабрытаніі заявіў, што жонка прынца Уільяма — герцагіня Кембрыджская — цяжарная і знаходзіцца ў бальніцы караля Эдварда VII у цэнтральным Лондане з сімптомамі таксікозу і прабудзе там яшчэ некалькі дзён[10]. 14 студзеня 2013 было абвешчана, што стан герцагіні палепшыўся і дзіця народзіцца ў сярэдзіне ліпеня[11].
Нараджэнне
Герцагіня была дастаўлена ў бальніцу раніцай у 5:30, 22 ліпеня 2013 года. Хлопчык нарадзіўся ў 16:24 па мясцовым часе (18:24 па мінскім) вагай 8 фунтаў 6 унцый (3,8 кг)[12][13][14]. Прынц Уільям прысутнічаў пры родах[11], якія праходзілі ў бальніцы Святой Марыі(англ.) (бел. — той жа бальніцы, дзе прынц Уільям і яго брат прынц Гары былі народжаны прынцэсай Дыянай у 1982 і 1984 гадах адпаведна. Роды прымалі былы і цяперашні гінеколагі каралевы — Маркус Сэтчэл і Алан Фарцінг[15].
Тытул
У адпаведнасці з правіламі тытулавання, якія дзейнічаюць у брытанскай манархіі[16], нованароджаны атрымаў тытул прынца і права на зварот «Каралеўская высокасць». Яго поўны афіцыйны тытул выглядае наступным чынам: «Яго каралеўская высокасць прынц Джордж Кембрыджскі». «Кембрыджскі» тут — не асабісты тытул прынца (герцагам Кембрыджскім застанецца толькі прынц Уільям), а свайго роду тытул пачцівасці.