Дом Фрыдмана
Дом Фрыдмана — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Рэвалюцыйная, 26. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Гісторыя![]() ![]() У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная забудова, на месцы якой у другой палове XIX стагоддзя пабудаваны двухпавярховы жылы дом, які галоўным фасадам выходзіў на Койданаўскую вуліцу. Гэты будынак моцна пацярпеў падчас вялікага пажару 1881 года[1]. ![]() Адразу пасля пажару мінскі мешчанін Якаў Фрыдман звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу с праектам на аднаўленне пашкоджанага будынка, а таксама двух мураваных флігеляў у двары, і на будаўніцтва дадатковых гаспадарчых пабудоў[1]. Гэта быў двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак, накрыты двухсхільным дахам, які быў аддзелены ад сцяны прафіляваным карнізам. Галоўны фасад адноўленага дома, які выходзіў на вуліцу Койданаўскую, быў вырашаны ў стылі эклектыкі. Ён быў падзелены на два ярусы прафіляванай цягай і багата аздоблены ляпным дэкорам. Другі паверх быў аформлены рустам і меў два балконы з літымі дэкаратыўным кратамі. У паўднёва-заходняй частцы будынка знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі[1]. ![]() ![]() З 1890 года гэты будынак належаў мінскаму мешчаніну Юдэлю Ліберману. Паводле інвентарызацыі 1910 года большую частку памяшканняў займалі жылыя кватэры, а на першым паверсе знаходзілася яўрэйскае пачатковае вучылішча[1]. Пасля 1920 года былы дом Фрыдмана нацыяналізаваны і выкарыстоўваўся пад камунальныя кватэры. У гады Другой сусветнай вайны не пацярпеў[1]. Пасля вайны тут таксама размяшчаліся жылыя кватэры. Да канца XX стагоддзя былы дом Фрыдмана амаль цалкам захаваў архітэктурнае рашэнне фасадаў XIX — пачатку XX стагоддзяў[1]. У 2016-2017 гадах была праведзеная рэканструкцыя будынка. Падчас работ адрэстаўраваныя фасады, адноўленыя балконы, аканіцы, галерэя дваравога фасада і іншыя адметныя элементы. Архітэктура![]() Двухпавярховы чатырохвугольны ў плане з вуглавой прыбудовай. У дваровай частцы будынак накрыты пакатым двухсхільным дахам. Галоўны фасад упрыгожаны дэкаратыўнымі элементамі: карнізным поясам паміж паверхамі, фігурнымі сандрыкамі пад вокнамі 1-га паверха, падаконнымі плітамі з геаметрычным арнаментам і руставанымі лапаткамі ў прасценках на 2-м паверсе. Пад дахам праходзіць масіўны развіты карніз. У левай частцы дома арачны праезд з крыжовым скляпеннем[2]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia