Дом па праспекце Незалежнасці, 40
Дом па праспекце Незалежнасці, 40 — жылы дом у Мінску, размешчаны на рагу праспекта Незалежнасці і вуліцы Захарава (дом № 17), на паўночным баку плошчы Перамогі. Гісторыя![]() Будаўніцтва пачата ў 1939 годзе на праекце архітэктара Р. Столера, перапынена вайной і закончана ў 1947 годзе па праекце архітэктара М. Бакланава[1]. АрхітэктураСіметрычна восі праспекта па дузе круглай часткі плошчы размешчаны дом № 37. Дамы 37 і 40 з’яўляюцца важнымі элементамі аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі плошчы, прыкладам ансамблевай арганізацыі жылой забудовы[1]. Аднатыпны 5-павярховы дугападобны ў плане будынак з бакавымі крыламі, якія разыходзяцца ў напрамку праспекта і вуліцы Захарава. У доме 127 кватэр. На першым высокім паверсе размешчаны магазіны і кафэ. Фасадныя плоскасці падзелены на 2 ярусы шырокімі паясамі, якія праходзяць паміж 1-м і 2-м паверхамі. Ніжні ярус трактаваны больш масіўна, верхні (чатыры паверхі) падзелены раўнамернымі радамі прамавугольных акон і расчлянёны па вертыкалі двайнымі лоджыямі. Вертыкальны рытм чляненняў падкрэслены развітымі ліштвамі. Фасады вырашаны цэласна і адпавядаюць манументальнаму характару забудовы плошчы. Сцены будынка завершаны балюстрадай, над якой размешчаны аб’ёмныя літары апошняга слова фразы «Подвиг народа бессмертен» (бел.: Подзвіг народа бессмяротны). Аконныя праёмы і лоджыі ўпрыгожаны сандрыкамі і франтончыкамі. Пластыку фасадаў узбагачаюць калоны і паўкалоны ў лоджыях, пілястры. У аснову планіровачнай структуры дамоў пакладзена 4-кватэрная секцыя, распрацаваная ў Акадэміі архітэктуры архітэктарамі П. Блахіным і А. Зальцманам. Секцыя мае 3 двухпакаёвыя і адну трохпакаёвую кватэры. Для дамоў была распрацавана 3-кватэрная паваротная секцыя (на месцы выгінаў)[1]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia