Зайцавыя
Зайцавыя (Leporidae) — сямейства млекакормячых атрада зайцападобных. АпісаннеАдрозніваецца 10-12 родаў, сярод іх зайцы і трусы. Даўжыня цела ад 28 (Romerolagus diazi) да 51 см (Pentalagus furnessi). Хвост кароткі. Вушы ў зайцаў доўгія, у трусоў кароткія, у амерыканскіх трусоў прыкметна вар’іруюць. Поўсць густая; афарбоўка ад брудна-жоўтай, шэрай і брудна-белай да цёмна-карычневай, у паласатых зайцаў з цёмна-бурымі палосамі на жоўта-шэрым фоне. Ногі з моцнымі скрыўленымі кіпцюрамі; заднія даўжэйшыя за пярэднія. ПашырэннеПашыраны ўсясветна, акрамя Антарктыды, поўдня Паўднёвай Амерыкі, Мадагаскара і шэрагу іншых астравоў. Насяляюць разнастайныя ландшафты, падымаюцца ў горы да вышыні 4900 м. Зайцавыя паспяхова акліматызаваны ў Аўстраліі, Новай Зеландыі і на некаторых акіянічных астравах. Шэраг відаў знаходзіцца пад пагрозай знікнення з-за скарачэння плошчаў прыродных біятопаў. Асаблівасці біялогііАктыўныя круглы год; як правіла, уначы або ў прыцемках. Перамяшчаюцца звычайна скачкамі; пры небяспецы ратуюцца ўцёкамі, развіваюць хуткасць да 70 км/гадз. Зайцы спецыяльных сховішчаў не ладзяць; трусы рыюць складаныя норы. Некаторыя віды амерыканскіх трусоў вядуць паўводны спосаб жыцця. Ёсць віды, што перамяшчаюцца па ствалах дрэў, а сховішчы знаходзяць у дуплах. Кормяцца рознымі травамі, карой, парасткамі, часам каранямі дрэў. Большасць зайцавых размнажаюцца некалькі разоў у год; у прыплодзе 2-8 (у трусоў да 15) дзіцянят. Шэраг відаў могуць дасягаць вялікай колькасці, наносячы пры гэтым урон лясной і сельскай гаспадарцы (галоўным чынам садаводству). У месцах акліматызацыі здольныя канкурыраваць з мясцовай фаўнай і нават змяняць прыродныя ландшафты. З’яўляюцца асновай харчавання многіх драпежнікаў. Абгрызаючы галінкі і падрост, значна ўплываюць на дынаміку ўсёй экасістэмы. Промысел і развядзеннеТрадыцыйныя аб’екты спартыўнага і прамысловага палявання (дзеля футра і мяса). Развіваецца трусагадоўля. |
Portal di Ensiklopedia Dunia