Надзвычайнае здарэнне ў школе аграгарадка Рацічы адбылося 11 лютага 2016 года, 42 школьнікі з атручваннем невядомым рэчывам былі шпіталізаваныя, з іх 4 — у рэанімацыю.[1]
Ход падзей
У аграгарадку Рацічы 42 школьнікам раптам стала дрэнна падчас школьнай лінейкі: дзеці страчвалі прытомнасць адзін за адным. Да рацічскай сярэдняй школы прыехалі 8 экіпажаў хуткай медыцынскай дапамогі. Некаторыя бацькі самі везлі дзяцей у бальніцу горада Гродна. Стан дарослых быў таксама на мяжы свядомасці, але да прыезду лекараў настаўнікі імкнуліся аказаць мінімальную дапамогу дзецям. Усё здарылася менш, чым за дзве гадзіны.[2]
У выніку з атручваннем былі шпіталізаваны 42 дзіцяці, а мясцовая школа з-за надзвычайнага здарэння зачынена. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце службовай халатнасці. Дакладная прычына здарэння невядомая, меркаваная прычына — атручэнне невядомым рэчывам. На месца здарэння прыбылі каманды экспертаў, у школе і акрузе працавалі дзясяткі супрацоўнікаў МНС, санстанцыі, міліцыі і Следчага камітэта. Былі пабраныя пробы вады, паветра, разрэзана падлога там, дзе праходзіла лінейка.[3]
Праз суткі амаль усіх дзяцей выпісалі з бальніцы ў сувязі з нармальным станам,[4] але школьнікі былі напраўлены на працяг вучобы ў школу гарадскога пасёлка Сапоцкін.[5][6][7] Адукацыйны працэс у сярэдняй школе Рацічаў быў адноўлены 28 траўня.[8][9]
Праз год пасля падзей так і не з’явілася афіцыйнай версіі надзвычайнага выпадку.[10] Працоўная версія следства — угарны газ.[11]