Камедыя-балет![]() Камедыя-балет (фр.: Comédie-ballet) — тэатральны жанр, які аб’ядноўваў дыялог, танец, пантаміму, спевы і інструментальную музыку. Быў пашыраны ў Францыі з 17 стагоддзя, на Беларусі з 18 стагоддзя. ГісторыяСтваральнікам жанру лічыцца Мальер, які аб’яднаў камедыю з упадабаным выглядам прыдворных забавак — балетам.[1] Балетныя элементы маглі быць часткай дзеяння або ўключацца ў яго ў выглядзе самастойных дывертысментаў.[2] Камедыйныя сцэны выконваліся пры гэтым акцёрамі, членамі трупы Мальера, а балетныя — аматарамі з ліку прыдворнай шляхты, у тым ліку самога караля і прынцаў.[1] Асноўная інтрыга перадавалася праз дыялогі, аднак у спектакль, які ўяўляў сабой сінтэз некалькіх відаў мастацтваў, маглі таксама ўключацца вакальныя нумары.[3] Разам з кампазітарамі Ж.-Б. Люлі, М. А. Шарпанцье, балетмайстрам П. Башанам і дэкаратарам К. Вігарані Мальер ажыццявіў пастаноўку сваіх камедый-балетаў: «Дакучныя » (1661), «Шлюб па прымусу » (1664), «Прынцэса Эліды » (1664), «Лекаванне каханнем » (1665), «Камічная пастараль » (1666—1667), «Сіцыліец, або Любоў-жывапісец» (1666—1667), «Жорж Дандэн » (1668), «Спадар дэ Пурсаньяк » (1669), «Мешчанін у дваранах » (1670), «Цудоўныя каханкі » (1670), «Графіня д’Эскарбаньяс» (1671), «Псіхея » (1671), «Прытворнахворы » (1673). Жанр аказаў значны ўплыў на наступнае развіццё французскага музычнага тэатра, з’явіўшыся важным этапам на шляху да «музычных трагедый» (tragedies lyriques) Ж.-Б. Люлі, камічнай оперы 18 стагоддзя і пантамімнага балета Ж. Ж. Навера. На БеларусіПершыя паказы камедый-балетаў на Беларусі пачаліся з 1749 года ў Нясвіжскім тэатры Радзівілаў («Убачанае не мінае» Ф. У. Радзівіл, перапрацоўка «Цудоўных каханкаў» Мальера). Камедыі-балеты былі састаўной часткай камедый і фарсаў Мальера, пастаўленных у Нясвіжы («Лекар па прымусу», 1750; «Сганарэль» і «Мешчанін у дваранах», абодва 1751; «Маскарыль», 1752; «Жорж Дандэн», 1757), Навагрудку («Прытворнахворы», 1761). Блізкая да камедыі-балета камедыя М. Цяцерскага «Шлюб, пастаўлены дагары нагамі штучкамі Арлекіна» (Забельскі школьны тэатр, паміж 1790—1791). Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia