Канстытуцыя Японіі
Канстыту́цыя Япо́ніі (яп.: 日本国憲法, にっぽんこくけんぽう, ніхон-коку кэнпо; англ.: Constitution of Japan, «Канстытуцыя Японскай дзяржавы») — дзеючы асноўны закон дзяржавы Японія. Была абвешчана 3 лістапада 1946 года, набыла моц 3 мая 1947 года. Кароткія звесткіКанстытуцыя Японіі 1947 года замяніла ранейшую Канстытуцыю Вялікай Японскай імперыі, тэрмін дзеяння якой скончыўся пасля паражэння Японіі ў Другой сусветнай вайне ў 1945 годзе[1]. На сённяшні дзень ніякіх паправак у дзеючую Канстытуцыю Японіі не ўносілася. Пры нязменнасці самой Канстытуцыі ёсць факты змены яе трактоўкі. Так, у ліпені 2014 года Кабінет міністраў Сіндза Абэ прыняў рэзалюцыю[2], якая дае новае тлумачэнне артыкула 9 Канстытуцыі Японіі. Канстытуцыя Японіі абвяшчае японскую нацыю носьбітам дзяржаўнага суверэнітэту, а Імператара Японіі — сімвалам гэтай нацыі. Канстытуцыя гарантуе членам нацыі, асобам з японскім грамадзянствам, асноўныя правы чалавека, калі яны не супярэчаць грамадскаму дабру. Згодна з Канстытуцыяй, улада падзелена на тры галіны — заканадаўчая, выканаўчая і судовая, прадстаўленыя адпаведна Парламентам Японіі, Урадам Японіі і Вярхоўным судом Японіі. Вышэйшым органам дзяржаўнай улады вызначаецца двухпалатны парламент. Выканаўчую вертыкаль узначальвае прэм’ер-міністр Японіі. Рэгіянальным і грамадскім аб’яднанням на месцах прадастаўляецца права на самакіраванне. Імператар пазбаўлены ўплыву на дзяржаўнае кіраванне. Канстытуцыя Японіі вядомая як «Мірная канстытуцыя» (平和憲法, хейва кэмпо) з-за артыкула 9, які прадугледжвае адмову Японіі ад вайны як сродку вядзення дзяржаўнай палітыкі і адмову ад утрымання войска[3]. Аднак, нягледзячы на тое, што артыкул прадугледжвае адмову дзяржавы ад права весці вайну і мець узброеныя сілы, у Японіі дэ-факта ёсць армія — Сілы самаабароны. З фармальнага пункту гледжання, японская армія лічыцца асаблівым тыпам паліцэйскіх сіл, яе дзейнасць фармальна абмяжоўваецца абаронай краіны, хоць фактычна японскі флот удзельнічае ў барацьбе з піратамі ў Адэнскім заліве, абараняючы замежныя караблі. Згодна з пастановай Кабінета міністраў ад 1 ліпеня 2014 года, Японія мае права на так званую «калектыўную самаабарону» і можа выкарыстоўваць Сілы самаабароны не толькі ў выпадку ўзброенага нападу на Японію, але і ў выпадку нападу на краіны, з якімі Японія мае цесныя сувязі, а таксама ў выпадку сур’ёзнай пагрозы такога нападу. Дзеючая Канстытуцыя Японіі з’яўляецца Вярхоўным законам Японіі, а ўсе пастановы, указы і рэскрыпты, якія супярэчаць ёй, не прызнаюцца дзеючымі. Дзень Канстытуцыі Японіі адзначаецца штогод 3 мая. Зноскі
ЛітаратураКанстытуцыя Японіі // 日本大百科全書 : 全26冊. — 2版. — 東京 : 小学館, 1994—1997.
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia