Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Прыдруйск)
Касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі (лат.: Piedrujas Jaunavas Marijas debesīs uzņemšanas Romas katoļu baznīca) — рымска-каталіцкі храм у вёсцы Прыдруйск Краслаўскага краю Латвіі. Належыць да Рэзэкненска-Аглонскай дыяцэзіі Рыжскай метраполіі. Помнік архітэктуры і мастацтва Латвіі нацыянальнага значэння. Гісторыя![]() Будаўніцтва першага драўлянага касцёла ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, узведзенага ў 1632 годзе, зафундаваў вялікі канцлер літоўскі Леў Сапега. Аднак гэты касцёл згарэў, і таму ў 1759 годзе быў збудаваны сучасны мураваны касцёл у стылі віленскага барока з дзвюма вежамі. Сродкі на будаўніцтва былі атрыманы з фундушаў папярэдняга храма, а таксама дзякуючы намаганням пробашча-каноніка Карла Карпа. Падчас Першай сусветнай вайны касцёл пацярпеў, але быў адноўлены ў пасляваенныя гады дзякуючы пробашчу Браніславу Стэфановічу, які ў 1936 годзе быў узнагароджаны ордэнам Трох Зорак. Архітэктура![]() Касцёл знаходзіцца на беразе Дзвіны. Даўжыня будынка складае 34 метры, шырыня — 13 метраў, а вышыня — 13,5 метра. Вежы дасягаюць 27 метраў у вышыню, у іх знаходзяцца тры званы. Найбуйнейшы звон важыць 24 пуды і мае надпіс: «Езус, Марыя, Юзаф, хай гучыць у нашых сэрцах». Ён быў падораны ў 1771 годзе пробашчам Карпам, адноўлены ў 1897 годзе і носіць імя Святога Яна Кантага. Другі звон быў адліты ў 1897 годзе, а трэці, самы малы, адліты яшчэ ў 1619 годзе. Касцёльны двор абнесены мураванай агароджай з вялікімі брамамі, і разам з самім будынкам касцёла складае архітэктурны ансамбль рэспубліканскага значэння[2]. У чатырох кутах касцёльнага двара размешчаны круглыя мураваныя капліцы, што выкарыстоўваюцца падчас еўхарыстычных працэсій. На тэрыторыі касцёльнага саду знаходзяцца магілы пробашчаў Казіміра Канвалеўскага і Браніслава Стэфановіча. Інтэр’ер![]() Касцёл аднанефны, перакрыты скляпеннямі. Падлога выкладзена цэментнай пліткай. З левага боку прэзбітэрыя знаходзіцца прасторная сакрыстыя з літургічным начыннем і старажытнымі карцінамі. Тут захоўваюцца старыя царкоўныя рэчы — цыборый з надпісам «1646 год», пазалочаная манстранцыя, якая была адноўлена ў 1762 годзе, а таксама метрычныя кнігі, пачынаючы з 1783 года. У сцяне насупраць сакрыстыі зроблена ніша з лесвіцай, якая вядзе на амбон. У касцёле можна пабачыць шматлікія скульптуры, выкананыя ў XVIII стагоддзі ў тэхніцы стука[3]. У касцёле чатыры алтары, аздобленыя ў стылі ракако. Галоўны, або цэнтральны, — драўляны алтар, выкананы ў тэхніцы ілюзорнага жывапісу з абразом Унебаўзяцця Панны Марыі. На сцяне — фрэска з выявай Святой Тройцы. Над алтаром размешчаны драўляныя скульптуры Святога Казіміра і Святога Станіслава. Абодва бакавыя алтары — мураваныя, з гіпсавымі скульптурамі: у правым бакавым алтары — скульптуры Святога Пятра і Святога Паўла, паміж якімі — скульптура Ісуса з Найсвяцейшым Сэрцам; у левым бакавым алтары — дзве статуі дамініканцаў і абраз Беззаганнага Зачацця Панны Марыі. Гэтыя тры алтары былі створаны ў трэцяй чвэрці XVIII стагоддзя і з’яўляюцца помнікамі мастацтва рэспубліканскага значэння, як і амбон, зроблены ў пачатку XIX стагоддзя[4]. Пры ўваходзе, у нішы левай вежы, знаходзіцца алтар Святога Антонія. На прасторных хорах размяшчаецца вялікі арган[5]. Крыніцы
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia