Комплекс будынкаў піваварнага завода «Лідскае піва»

Славутасць
Комплекс будынкаў піваварнага завода «Лідскае піва»
Будынак варкі піва (1910 г.)
Будынак варкі піва (1910 г.)
53°53′49″ пн. ш. 25°18′13″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Map

Комплекс будынкаў піваварнага завода «Лідскае піва» ў Лідзе — найстарэйшы бровар з тых, што на сённяшні дзень дзейнічаюць у Беларусі[1]. У складзе сучаснага бровара захаваліся асобныя будынкі першапачатковага комплексу, пабудаванага ў 1874—1912 гг. Размешчаны на вуліцы Міцкевіча, 32.

Гісторыя

Будаўніцтва бровара распачалося ў 1873 годзе лідскім месцічам Носелем Заліковічам Пупко на сваім прыватным участку. У 1876 годзе ён запусціў піваварны завод, які належаў яму і яго нашчадкам на працягу трох пакаленняў.

З пачаткам Другой сусветнай вайны ў 1939 годзе, пасля польскага паходу Чырвонай Арміі і далучэння Заходняй Беларусі да БССР, завод быў нацыяналізаваны, ранейшыя гаспадары Пупко засталіся працаваць на заводзе як служачыя. Пасля нападу Нямеччыны на СССР завод працягваў працаваць. У 1943 годзе рабочыя-яўрэі былі сагнаны з завода ў канцэнтрацыйны лагер Майданек, некаторыя, у тым ліку Пупко, здолелі збегчы да партызан. У 1944 годзе, пасля выгнання немцаў, Пупко ненадоўга вярнуліся ў Ліду, але затым канчаткова пакінулі краіну.

У 1992 годзе Лідскі піўзавод стаў арэндным прадпрыемствам, у 1994 годзе пераўтвораны ў закрытае акцыянернае таварыства, у 2000 годзе — у ААТ «Лідскае піва». У 2004 годзе завод прайшоў рэканструкцыю. У 2008 годзе фінская Olvi PLC выкупіла 51 % акцый ААТ «Лідскае піва» за 16 млн долараў[1].

У перыяд з 2010 па 2022 гг. былі праведзеныя навукова-даследчыя і рамонтна-рэстаўрацыйныя працы, што дало магчымасць выявіць і зафіксаваць усе каштоўныя элементы, якія захаваліся ў структуры сучаснага прадпрыемства, і часткова аднавіць страчаныя (рэстаўратары В. Гліннік і Р. Забела). У 2022 годзе ў гістарычным будынку варкі піва адкрыўся Музей Лідскага бровара[2].

Архітэктура

Комплекс гістарычных будынкаў першапачатковага бровара быў узведзены ў 1874—1912 гадах у стылі цаглянай эклектыкі («цагляны стыль»)[3]. Будынкі паўсталі абапал доўгага вузкага ўчастка, які цягнуўся ад вуліцы Віленскай да рэчышча ракі Лідзейкі[1]. Фасады выкананыя з традыцыйнай для рэгіёна жоўтай керамічнай цэглы са светлай дэкаратыўнай расшыўкай швоў і не былі атынкаваныя. У аздабленні фасадаў выкарыстаныя распаўсюджаныя прыёмы «цаглянага стылю»: лучковыя перамычкі, зубчатыя карнізы рознай складанасці і г.д. На адной трубе будынка, дзе варылі піва, муроўкай зафіксавана дата варэння першай партыі піва — 1876 год, на другой — дата ўзвядзення самаго будынка — 1910 г.

На сённяшні дзень захаваліся асобныя будынкі колішняга комплексу, пабудаванага з 1874 па 1912 гг.[3]: лядоўня з брадзiльным аддзяленнем, брадзiльнае аддзяленне з кiльштокамi, розлiўня пiва, будынак варкi пiва. Падчас праведзеных у 2010—2022 рэстаўрацыйных работ былі адноўленыя страчаныя ў працэсе эксплуатацыі дэкаратыўныя элементы і раскрыта гістарычная цагляная муроўка фасадаў[4].

Гістарычныя будынкі ўключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь[3].

Крыніцы

  1. а б в Гісторыя кампаніі Лідскае піва (руск.). AAT. Праверана 20 ліпеня 2025.
  2. Музей лідскага бровара - экскурсіі на піваварны завод у Беларусі, цэны і браніраванне анлайн (бел.). museum.lidskae.by. Праверана 20 ліпеня 2025.
  3. а б в Комплекс будынкаў піваварнага завода - Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь. heritage.gov.by. Праверана 20 ліпеня 2025.
  4. Р.А. Забелло Реставрация фасадов здания бывшего ледника (конец XIX–начало ХХ века) Лидского пивоваренного завода // Наука – образованию, производству, экономике : материалы 15-й Межд. н-техн. конф. в 4 т. : зборнік. — 2017. — Т. 3.

Літаратура

  • Забелло Р. А. Реставрация фасадов здания бывшего ледника (конец XIX-начало ХХ века) Лидского пивоваренного завода. Наука — образованию, производству, экономике : материалы 15-й Межд. н-техн. конф. в 4 т.: Минск, 2017 г.

Спасылкі

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya