Коневыя
Коневыя (Equidae), коні — сямейства няпарнакапытных млекакормячых. Вядомы з эацэну Паўночнай Амерыкі. Падзяляюцца на 3 падсямействы, 20 родаў. Сучасны 1 род, 8 відаў дзіхіх коней: асёл, зебры (бурчэлава, горная, зебра Грэві), квага, конь Пржавальскага, кулан (анагр), тарпан. Квага і тарпан знішчаны ў канцы XIX — пач. XX ст. Даўжыня цела дзікіх коней 200—280 см, хваста 40—60 см, вышыня ў карку 110—146 см, маса 120—350 кг. Колер аднатонны, жоўта-шэры або светла-шэры з чорнымі палосамі (зебры). Склад цела лёгкі і стройны. Ногі высокія і тонкія, заканчваюцца найбольш развітым 3-м пальцам (капыт), 2-і і 4-ы рудыментарныя («грыфельныя» костачкі). Валасяное покрыва кароткае, шчыльнае. На шыі кароткая прамастаячая грыва з падоўжаных валасоў. Здольныя да працяглага і хуткага бегу (50—60 км/гадз, кулан — да 75 км/гадз). Коневыя пашыраны ў Азіі і Афрыцы (у Еўропе знішчаны да канца ХІХ ст.). Жывуць у стэпах, саваннах, пустынях і паўпустынях, на пласкагор'ях. Трымаюцца невялікімі табунамі. Кормяцца расліннасцю. Нараджаюць 1, зрэдку 2 жарабят. Эвалюцыя коневых вывучана У. А. Кавалеўскім. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia