Маб (спадарожнік Урана)
Маб (англ.: Mab) — спадарожнік планеты Уран. Быў адкрыты 25 жніўня 2003 г. Маркам Шоўолтэрам і Джэкам Лісаўэрам з дапамогай касмічнага тэлескопа «Хабл». Услед за адкрыццём атрымаў часовае абазначэнне S/2003 U 1. Названы ад імя феі з англійскага фальклору, якая ўзгадваецца ў п’есе Шэкспіра «Рамэа і Джульета». Таксама пазначаецца як Уран XXVI. Па прычыне, што гэты спадарожнік малы як па памеры, так і па адбівальнай здольнасці, ён не быў знойдзены на падрабязна даследаваных выявах, зробленых апаратам «Вояджэр-2» падчас яго праходжання каля Урана ў 1986 годзе. Пры гэтым Маб ярчэйшы ў параўнанні з іншым спадарожнікам, Пердытай, якая была адкрыта па фатаграфіях «Вояджэра-2» у 1999 годзе. Гэты факт заахвоціў навукоўцаў паўторна даследаваць старыя здымкі, і Маб была на іх выяўлена. Памеры Маб вызначаны з малой дакладнасцю. Калі яна такая ж цёмная, як Пак, то яна мае 24 км у дыяметры. Калі ж яна так жа яркая, як суседняя Міранда, то па памерах саступіць нават Купідону, адпавядаючы па памерах самым дробным далёкім спадарожнікам Урана. Маб абарачаецца на адной адлегласці ад Урана з нядаўна адкрытым пылавым кольцам R/2003 U 1. Памеры спадарожніка блізкія да аптымальных для ўтварэння пылу: больш буйныя спадарожнікі збіраюць ўласны пыл сілай гравітацыі, а ў больш дробных занадта малая плошча паверхні для падсілкоўвання кольца шляхам сутыкненняў з часціцамі кольца або метэароідамі. Аналагічныя кольцы не выяўлены для Пердыты і Купідона, верагодна, з-за таго, што Белінда збірае іх пыл. Крыніцы
|
Portal di Ensiklopedia Dunia