Мірская батлейка

Мірская батлейка — народны лялечны тэатр, які быў адроджаны і існуе ў г. п. Мір.

З гісторыі батлейкі

Самой з’яве батлейкі папярэднічала прынесеная на беларускія землі каталіцкімі манахамі традыцыя калядных містэрый з выстаўленнем нерухомых фігураў у касцёлах, ілюструючых Нараджэнне Хрыста. Адным з сведчаннем таму можна лічыць старую «батлейку», якая была знойдзена на гарышчы Францішканскага касцёла г. Гродна. Унікальнасць у тым, што яна забяспечана электрычным механізмам, які быў створаны ў 60-я гады XX стагоддзя пробашчам касцёла Аркадзіем Вальтосам. Усе драўляныя фігуркі былі «жывыя»: яны не толькі рухаліся па крузе, але і паварочваліся, падымалі рукі, рабілі рухі галавой, стукалі ў барабан, гралі на скрыпцы. Зараз механізм батлейкі працуе часткова. Фігуркі на драўляным крузе, які круціцца, застаюцца нерухомымі, перыядычна спрабуючы рабіць слабыя рухі. Кожная батлеечная лялька, выразаная з дрэва і размаляваная фарбамі, мае свой яскравы ўбор. Тут можна ўбачыць буданчык з яслямі і немаўляткам Ісуса, схіліўшыміся над ім Марыю і Іосіфа. Побач мноства жывёлін, пастушкі і прыйшоўшыя на паклон тры Каралі, артысты і музыкі. Усю батлейку асвячае Віфлеемская зорка, якая месціцца на столі касцёла.

У XVI стагоддзі традыцыйныя храмавыя прадстаўленні выйшлі за сцены касцёлаў у выглядзе батлейкі: скрыні з рухомымі лялькамі. Яны арганічна ўпляліся ў святочна-абрадавы побыт беларускіх мяшчан. Гэта і не дзіўна, бо калядныя святы ў беларусаў мелі багатую самабытную спадчыну ў выглядзе, перш за ўсё, калядных кантаў, альбо па простаму «калядак» ды цэлых прадстаўленняў калядоўшчыкаў. Да такога спалучэння евангельскага сюжэту і элементаў народнага фальклору доўгі час вельмі негатыўна ставіліся як каталіцкая, так і праваслаўная царква, лічачы такую інтэрпрэтацыю нараджэння Хрыста ерэтычнай. Таму батлейка на беларускіх землях даволі хутка выходзіць з-пад уплыву царквы і становіцца адгалінаваннем народнага тэатра «жывога актора», які меў пэўныя рэгіянальныя асаблівасці.

На тэрыторыі Беларусі вызначалася некалькі тыпаў батлеечнага тэатра: — аднапавярховыя (панарамныя); — двухпавярховыя з лялькамі, якія рухаліся; — двухпавярховыя з вежай; — батлейкі па прынцыпу ценявога тэатра; — батлейкі з празрыстымі дэкарацыямі, якія мяняліся пад час спектакля; — батлейкі-«зоркі». З усіх вышэйазначаных відаў батлейкі найбольш распаўсюджанай была двух’ярусная батлейка з простымі дэкарацыямі і лялькамі на прутках ці шпяньках.

Значны заняпад батлеечных прадстаўленняў на тэрыторыі нашай краіны назіраўся з канца XIX стагоддзя. Але яшчэ ў пачатку XX стагоддзя ладзіліся прадстаўленні ў Мінску (1915 год), Докшыцах, Маладзечне, Міры і іншых населеных пунктах Навагрудскага павета (20—30-ыя гады). Паводле даследаванняў Наталлі Міхайлаўны Саўчук, якая вывучае развіццё беларускай батлейкі, адно з апошніх батлеечных прадстаўленняў ладзіў у Маскве на Усерасійскай прамысловай выстаўцы ў 1923 годзе мірскі батлейшчык Мацей Барашка з сынам Іларыёнам. Апошнія ж прадстаўленні батлейкі прайшлі ў канцы 50-х — пачатку 60-х гадоў XX стагоддзя ў Міры і на Случчыне.

Апісанне

Батлеечныя прадстаўленні, што бытавалі ў пачатку ХХ стагоддзя ў Міры, ладзіліся ў двух’яруснай батлейнай скрыні з простымі дэкарацыямі і лялькамі на прутках ці шпяньках. Вядома, што ў Міры і рэгіёне прадстаўленні батлейкі пачыналіся з 24 снежня, напярэдадні каталікага свята Раства Хрыстова і доўжыліся аж да 19 студзеня, калі праваслаўныя святкавалі Хрышчэнне Гасподне.

Калядныя батлеечныя прадстаўленні былі заснаваныя на новазапаветным сюжэце нараджэння Хрыста, але ў адрозненне ад іншых батлеечных дзеяў на Беларусі, прадстаўленні мірскай батлейкі былі цалкам вершаваныя.

Сюжэт класічнай батлеечнай дзеі «Цар Ірад» у мірскай батлейцы мае дзве інтэрпрэтацыі (дзеі «Дары» і «Калядна»), кожная са сваім маральна-духоўным сэнсам.

Захоўваючы традыцыйны падзел узроўняў скрыні на верхні ярус — «неба» і ніжні ярус — «зямлю», персанажы-лялькі Чорта і, радзей, Смерці, знаходзіліся па-за дзвярамі скрыні, як бы за межамі сусвету і з’яўляліся на «зямлі» толькі пры парушэнні іх чалавекам Боскіх запаветаў, што таксама характэрна толькі мірскай батлейцы.

Прадстаўленні батлейкі ладзіліся ў Міры па хатах мяшчан і займалі каля паўгадзіны часу.

Батлейшчыкі папярэдне ставілі зачыненую батлейку на стол і завешвалі яе фіранкай. Пасля ўваходзілі ў хату і пачыналі віншаванне з дазволу-пажадання гаспадару, гаспадыні і радзіне з абавязковым выкананнем мясцовага канта «А на небе месяц ды зоры…». Пасля батлеечнай дзеі батлеі выконвалі кант «Неба днесь лікует…» і маглі нават частавацца з радзінай. Грошы за прадстаўленне батлейшчыкі бралі загадзя, пры дагаворы.

Асаблівым было і выкарыстанне батлеямі ручнікоў, як элементаў асабістага ўбранства. Ручнікі перавязваліся наўкос, з пляча на пояс і сімвалізавалі анёльскае дабравесце аб нараджэнні Хрыста, пераклікаючыся з элементам араром, што належаў да ўбранства дыяканаў у царкве.

Характэрным для мірскай батлейкі было прадстаўленне пад час Піліпавага посту, калі ў Міры ў снежні ладзіўся Мікалаеўскі кірмаш.

Менавіта ў гэты час, пачынаючы з 1916 года, батлеі ладзілі дзею «Салдат ды чорт», створаную на памяць аб земляках, што ўдзельнічалі ў Першай сусветнай вайне. Такая традыцыя характэрна толькі для батлейкі дынастыі Сілко з Міра.

Батлеечныя прадстаўленні, нягледзячы на свой забаўляльны характар, з даўніх часоў захавалі ў сваёй сутнасці аб’яднанне агульначалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцей. І на сённяшні момант, калі для маладога пакалення прапаноўваемыя маральныя мадэлі часта ўваходзяць у канфлікт з рэальнай мадэллю паводзін грамадства, захаваныя ў батлеечным тэатры хрысціянскія матывы з’яўляюцца канкрэтным духоўна-маральным аргументам, які быў выпрацаваны продкамі і дзякуючы выразным сродкам свайго ўвасаблення можа стаць асновай для перабудовы падлеткам і моладдзю асбістай маральнай мадэлі праз засваенне традыцый і культуры ўласнага народа.

Адраджэнне батлейкі ў г. п. Мір

Па ўспамінах мясцовых жыхароў Яўгеніі Васільеўны Заяц, Аляксандра Сямёнавіча Шпака, Уладзіміра Уладзіміравіча Лабазы, што жылі ў канцы 90-х гадоў ХХ стагоддзя, у мястэчку Мір былі добра вядомыя батлеечнікі Сілко. Гэтыя сведчанні далі штуршок адраджэнню батлейкі навучэнцамі і педагогамі ў Мірскім мастацкім прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 234. Ля вытокаў гэтай рэканструктарскай дзейнасці стаялі мастакі-рэстаўратары Галіна Пятроўна Жаровіна, Ганна Альбертаўна Выгонная, Элеанора Іванаўна Ляхновіч, Іван Іванавіч Карп, Міхаіл Мікалаевіч Шапіленка. Пад іх кіраўніцтвам і пры іх непасрэдным удзеле быў створаны цыкл батлеечных спектакляў «Радзівіліяда» аб магнатах Радзівілах, уладальніках мірскіх земляў і выбітных мецэнатах свайго часу. З 2010 года удзельнікі мірскай батлейкі актыўна займаюцца рэканструкцыяй батлеечных прадстаўленняў мірскіх батлеечнікаў Сілко. Асабліва зацікавілі ўспаміны Надзеі Бычко і Уладзіміра Лабазы аб батлеечных прадстаўленнях падчас Піліпавага посту, якія ўскосна пацвердзіліся ўспамінамі людзей, што прыязджалі на Мірскі Мікалаеўскі кірмаш (на «Зімовага Міколу» ў дзень памяці св. Мікалая Цудатворцы — 19 снежня). Так высветлілася, што батлеечнік са сваім возам стаяў на плошчы і запрашаў пабачыць «батлею», што ладзілася «ў хаце, недалёка ад Блёхавага дому» (Блёх — прозвішча знакамітага мірскага майстра-будаўніка). Разам з вышэйзгаданым апісаннем мясцовая жыхарка Надзея Бычко пераказала сюжэтную лінію яшчэ аднаго прадстаўлення пад назвай «Салдат ды чорт». Штуршком да стварэння гэтай дзеі сталі падзеі Першай сусветнай вайны. Так былі вызначаны галоўныя героі-персанажы батлейкі: Салдат, Анёл, Чорт, Смерць, Жабрачка, Ліхвяр (Каморнік) і асноўная лінія сюжэту: Салдат ідзе дамоў і турбуецца аб тым, як яму жыць пасля таго, як ён губіў чалавечыя жыцці. Яго супакойвае Анёл, а Чорт пахваляецца Смерці, што атрымае гэтую грэшную душу. Але Салдат адратоўвае сябе праз дапамогу Жабрачцы і Ліхвяру.

У ходзе рэканструкцыі выявілася цікавая з’ява выкарыстання ў батлейцы Сілко розных моў для характарыстыкі саслоўнай і этнічнай прыналежнасці персанажаў, што суадносілася з традыцыямі класічнай батлейкі. Напрыклад, Анёл як «…той паламар (панамар) пры бацюшку», а Ліхвяр быў падобны на «…крамнікавага Мэйзу Стальмаха», што «мовіў адразу і па-руску і па-польску, як спраўны пане, але смешны такі быў…», ён «крывіў словы па-польску і па-руску каб важней быць, а мовіў, як грэйзаў (неахайна пісаў) атлічным пяром па кары!», а Чорт уварочваў моцныя «навернае» і такія славечкі, як «барохэн авой», ды «сабэ», «ото так ён шпынгліў (лаяўся)!» (з успамінаў Уладзіміра Лабазы). Адначасова былі вызначаны рысы пэўнай абраднасці ў батлеечных прадстаўленнях Сілко, якія перад прадстаўленнем мелі звычай віншавання гаспадара і гаспадыні з Калядамі. Гэты звычай уключаў у сябе прывітальныя і развітальныя віншавальныя песні са святочнымі благаславеннямі гаспадарам і радзіне. Больш таго, па ўспамінах Яўгеніі Заяц і Уладзіміра Лабазы, была адзначана традыцыя адзявання ручнікоў батлеечнікамі, як сімвалаў анёлаў, што вельмі блізка пераклікаецца з элементамі дыяканскага аблачэння, стужкамі-арарамі, сімваламі анёльскага благаславення ў хрысціянскай царкве.

Мірская батлейка пасля рэканструкцыі

Па завяршэнні гэтай рэканструктарскай працы глядацкі поспех першага прадстаўлення ў красавіку 2014 года, даў зразумець, што гэтая батлеечная пастаноўка мае права на жыццё ў батлеечнай скрыні. Гэта падцвердзілася затым узнагародамі 3-га Міжнароднага фестываля лялечных тэатраў «Нябёсы» (2016 г.), рэгіянальнага фестываля «Чароўны свет батлейкі» (2016 г.), адкрытага рэспубліканскага дабрачыннага фестываля «Мірны фэст у Мірскім замку» (2016 г.)

Рэканструкцыя батлеечнай дзеі «Салдат ды чорт» паказала невядомую дасюль і нетрадыцыйную для батлеек з’яву прадстаўленняў перад святам Нараджэння Хрыстова, а таксама адвольнасць сюжэту, які быў створаны пад уплывам такой агульнахвалючай для ўсіх з’явы як Першая сусветная вайна.

Рэканструктарская і асветніцкая дзейнасць народнага тэатра «Батлейка» былі адзначаны ў студзені 2017 года дыпломам Расійскага цэнтра навукі і культуры за выхаванне моладзі ў традыцыях славянскай культуры, а ў студзені 2018 года — дыпломам 5-на Міжнароднага фестывалю лялечных тэатраў «Нябёсы» (г. Мінск).

У красавіку 2019 года праект калектыву тэатра «Батлейка» па рэканструкцыі і адраджэнню мірскай батлеечнай школы, стаў фіналістам конкурсу «Спадчына ў дзеянні», арганізаванага беларускім камітэтам ICOMOS, і быў адзначаны ў ліку лепшых культурных праектаў, накіраваных на захаванне і выкарыстанне гісторыка-культурнай нематэрыяльнай спадчыны.

На сённяшні дзень рэканструктарская праца, што вядзецца ўдзельнікамі тэатра «Батлейка», яскрава паказвае значны патэнцыял выкарыстання здабыткаў народнай культуры ў справе адрадджэння спадчыны малой радзімы, аб чым яскрава сведчыць папулярнасць майстар-класаў, што праводзіць тэатр, запатрабаванасць аўтэнтычнай спадчыны пры арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў рознага ўзроўню («Дзень пісьменства і друку», «Дажынкі», «Ноч музеяў», «Дзень роднай мовы», «Мова нанова», фестывалі «Нябёсы», «Радасць», «Чароўны свет батлейкі»).

Тэатр прадставіў вынікі рэканструктарскай працы на навуковых канферэнцыях: па полікультурнаму выхаванню моладзі (Мінск, 2018 г.), па выкарыстанню разнастайных сродкаў выхавання ў нядзельных школах Навагрудскай епархіі (2018 год, г. Навагрудак), навукова-практычнай канферэнцыі навучэнскай моладзі «От истоков — к добру» (2018 год, г. Гродна).

Літаратура

  • Барышаў, Г. І. Беларускі народны тэатр батлейка/Г. І. Барышаў, А. К. Саннікаў — Мінск, 1962.- 10 с.
  • Барышаў, Г. І. Беларускі народны тэатр «батлейка» і яго сувязі з рускім «вяртэпам» і польскай «шопкай»/Г. І. Барышаў, А. К. Саннікаў — Мінск: Акадэмія навук БССР,1963.- 27 с.
  • Жаровіна, Г. П. «Мірская батлейка»/Г. П. Жаровіна//Беларускі гістарычны часопіс — 2003. — № 3. — с. 86-91.
  • Лозка, А. Ю. Беларуская батлейка. Каляндарныя і абрадавыя гульні/А. Ю. Лозка — Мінск, 1997. — с. 17
  • Саўчук, Н. М. Беларуская батлейка/Н. М. Саўчук//Беларускі гістарычны часопіс — 2003. — № 3. — с. 32-38.
  • Калнін, В. В. Мірская батлейка/В. В. Калнін//Мастацтва — № 3. — 2003. — с. 35-37.
  • Шпилевский, П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю / П. М. Шпилевский; предисл., состав. С. А. Кузняева. — 2-е изд. — Минск: Полымя, 2004. — 251

Спасылкі

  • https://living-heritage.by/nks/8137/?sphrase_id=73035
  • https://grodnonews.by/news/kultura/mirskaya_batleyka_popolnila_spisok_nematerialnykh_istoriko_kulturnykh_tsennostey.html
  • https://belta.by/culture/view/my-belorusy-i-my-takie-zachem-biohimik-vozrozhdaet-autentichnuju-batlejku-mira-533503-2022/
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya