Міхал Крыспін Паўлікоўскі
Міхал Крыспін Паўлікоўскі (1893 — 1972) — польскі празаік, журналіст і мемуарыст. Належаў да палітычнай групоўкі «віленскіх кансерватараў». Вядомы сваёй творчасцю як «храніст Вялікага Княства Літоўскага». БіяграфіяПаходзіў з каталіцкага сярэднезаможнага шляхецкага роду Паўлікоўскіх, чые маёнткі ў XVIII ст. былі ў Менскім ваяводстве. Бацька -- Казімір Паўлікоўскі, адвакат, старшыня Крэдытнага таварыства ў Мінску. Стрыечны брат Юзафа Мацкевіча[1]. Скончыў Мінскую гімназію (1913). У 1913—1917 гадах вучыўся на юрыста ў Пецярбургу. Пасля заняцця Мінска польскімі войскамі ў 1919 годзе некаторы час быў сакратаром у камендатуры горада і супрацоўнікам Грамадзянскага ўпраўленне Усходніх зямель. У 1920 годзе добраахвотнікам служыў у 19-й лётнай эскадры, звольнены са службы з прычыны хваробы. Вярнуўся да чыноўніцкай працы, гэтым разам у Брэсце. У 1923 годзе скончыў юрыдычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. Восенню 1924 года перабраўся ў Вільню, працаваў у ваяводскім урадзе. Карэспандэнт віленскай газеты «Słowo» — галоўнай газеты «віленскіх кансерватараў». Быў заўзятым паляўнічым, доўгі час быў сакратаром, а потым віцэ-прэзідэнтам Паляўнічага таварыства Усходніх зямель і Паляўнічага таварыства Віленскага ваяводства, а ў 1934 годзе ўвайшоў у кіраўніцтва Польскага саюза паляўнічых таварыстваў. З 1938 года працаваў у Торуні, кіраваў адным з аддзелаў ваяводскага ураду. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны разам з іншымі супрацоўнікамі эвакуіраваны да Дубна. На кароткі час арыштаваны савецкімі ўладамі. Пасля вызвалення накіраваўся ў Вільню і там супрацоўнічаў з «Gazeta Codzienna» Юзафа Мацкевіча. У маі 1940 года перабраўся ў Швецыю, чакаў там на французскую візу, але вымушаны застацца ў краіне, бо Францыю акупіравалі нацысцкія войскі. У Швецыі пачаў выдаваць «Wiadomości Polskie». У 1943 годзе ўжо ў Лондане, як супрацоўнік Міністэрства адбудовы і публічнай адміністрацыі. У 1949 годзе пераязджае ў ЗША, выкладае польскую і рускую мову ва Універсітэце Берклі. У 1962 годзе выходзіць на пенсію. У 1966 годзе адзначаны за сваю літаратурную актыўнасць узнагародай Саюза польскіх пісьменнікаў на чужыне. Памёр у 1972 годзе падчас адпачынку на Гавайскіх астравах, дзе і быў пахаваны. Аўтар кніг «Sumienie Polski: rzecz o Wilnie i kraju wileńskim» (Лондан, 1946), «Dwa światy» (Лондан, 1952), «Dzieciństwo i młodość Tadeusza Irteńskiego» (Лондан, 1959)[2]. У сваіх успамінах Паўлікоўскі піша: «Маёнтак быў, як правіла, прыхільны да беларушчыны. З селянінам размаўлялі па-беларуску. Правільная і беглая беларуская гаворка была як бы своеасаблівым стылем. Заахвочванне беларускай мовы, фальклору і звычаю і клопат пра іх лічыліся адзіным плённым, і прытым легальным, спосабам змагання з русіфікацыяй»[3]. Успаміны Паўлікоўскага былі не толькі заўважаны, але і неадназначна ацэнены беларускай эміграцыяй. Так, Вітаўт Тумаш пісаў Юрку Віцьбічу, што там «народу беларускага, сялянства наагул няма, ён [Паўлікоўскі] яго быццам і ня бачыў… апісвае толькі польскія маёнткі ды менскія публічныя дамы»[4]. ЗноскіЛітаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia