Пачала дзейнічаць з 1 кастрычніка 1956 года як Кафедра беларускай філалогіі. Ініцыятаркай яе стварэння, арганізатаркай і шматгадовай (да 1971 года) загадчыцай была прафесар Антаніна Абрэмбска-Яблоньска (1901—1994), — вядомая славістка, аўтарка шматлікіх прац у галіне славянскага мовазнаўства. У стварэнні і фарміраванні пачаткаў кафедры дапамогу аказаў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, які перадаў новаму падраздзяленню вялікую колькасць кніг па беларускай філалогіі, а таксама (пры патрэбе) накіроўваў сваіх супрацоўнікаў для выкладчыцкай дзейнасці.
З 2005 года працуе на факультэце прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта як Кафедра беларусістыкі.
Супрацоўнікі кафедры актыўна ўдзельнічаюць у айчынным і міжнародным навуковым жыцці, удзельнічаюць у канферэнцыях і кангрэсах (славянскіх і беларускіх), публікуюць свае працы ў часопісах і калектыўных выданнях у Польшчы і за мяжой. Па ініцыятыве Кафедры беларусістыкі з 1993 года арганізуецца Міжнародная навуковая канферэнцыя «Шлях да ўзаемнасці». Кафедра распрацоўвае вучэбныя і прадметныя праграмы, вучэбныя і школьныя падручнікі (для школ усіх узроўняў), вядзе лексікаграфічную і выдавецкую працу. На кафедры абаронена мноства доктарскіх дысертацый у галіне мовазнаўства і літаратуры.
З 2007 года кафедра беларусістыкі з’яўляецца выдаўцом навуковага часопіса «Acta Albaruthenica». Гэты штогоднік рэдагуецца супрацоўнікамі кафедры і рэгулярна выходзіць у Варшаве.