Міхась Міхайлавіч Міцкевіч
Міхась (Міхаіл) Міхайлавіч Міцкевіч (13 (25) ліпеня 1897, леснічоўка Альбуць[1], цяпер у Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці — 25 кастрычніка 1991, Нью-Ёрк; Псеўданімы: Антось Галіна, Міхась Мяцёлка; Крыптанімы: М, М-ч) — беларускі пісьменнік, публіцыст, перакладчык, педагог, грамадска-культурны і рэлігійны дзеяч беларускага замежжа (Германія, ЗША). Малодшы брат Якуба Коласа. БіяграфіяВучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, у 1917 годзе яе закончыў. У 1910-х гадах удзельнік нацыянальнага руху, дэлегат 1-га Усебеларускага кангрэсу. У 1919—1920 гадах выкладаў беларускую мову ў Мінскай беларускай гімназіі. У 1920—1930-х гадах настаўнічаў. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР працаваў настаўнікам і дырэктарам школы ў Мікалаеўшчыне (1939—1941). Падчас нямецкай акупацыі працаваў інспектарам беларускіх школаў на Стаўбцоўшчыне. З лета 1944 года ў эміграцыі — спачатку ў Чэхіі, потым у Заходняй Германіі. Вёў настаўніцкую і асветніцкую дзейнасць сярод беларусаў, што апынуліся ў лагерах для перамешчаных асоб. Працаваў інспектарам пачатковых беларускіх школак, якія дзейнічалі ў лагерах. Стварыў для гэтых школак 10 чытанак, большасць якіх надрукавана ў 1947—1949 гадах. З 1950 года ў Нью-Ёрку (ЗША), уладкаваўся настаўнікам у беларускую школу, пазней быў вартаўніком цвінтара. Актыўны дзеяч Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, браў удзел у яе стварэнні (1948), абраны сакратаром яе вышэйшага праўлення (1949). Уваходзіў у склад рэдакцыі часопіса «Беларус», быў рэдактарам часопіса «Голас Царквы». Займаўся перакладам літургічных тэкстаў з царкоўнаславянскай на беларускую мову. Уласнай сям’і не меў. Памёр 25 кастрычніка 1991 года ў Нью-Ёрку. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансуіку ў штаце Нью-Джэрсі (ЗША). ТворчасцьЗ 1917 года займаўся літаратурнай і перакладчыцкай справай. Друкаваўся ў газетах «Вольная Беларусь», «Беларусь», «Звон» і іншых. Быў заўважаны М. Багдановічам і М. Гарэцкім. У 1917 г. у суаўтарстве з Я. Лёсікам выйшла кніга-апавяданне «Як Мікіта бараніў сваіх»[2]. На эміграцыі стаў аўтарам чатырох чытанак для дзяцей, а таксама п’есаў «Калядны вечар» (Нью-Ёрк, 1966), «Цудоўная ноч» (Нью-Ёрк, 1967) і інш. Напісаў артыкулы пра Я. Коласа, Я. Купалу, М. Багдановіча і іншых пісьменнікаў. Перакладаў на беларускую мову кананічныя і службоўныя тэксты, у тым ліку «Святое Евангелле», перавыдадзенае ў Мінску з рукапісаў у 2021 г.[2] Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia