Міхаіл Васілевіч Радзевіч
Міхаіл Васілевіч Радзевіч (14 кастрычніка 1838, Мазыр, Мінская губерня, Расійская імперыя — 1919, Міцькі, Мазырскі павет, Гомельская губерня; псеўданімы: Звычайны назіральнік; Р. д. ч.; Р–ч, М. В.) — беларускі і расійскі публіцыст, літаратурны і тэатральны крытык, педагог, этнограф. БіяграфіяМіхаіл Радзевіч нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага святара. Беларус[1]. У 1859 годзе скончыў Санкт-Пецярбургскую духоўную семінарыю, потым вучыўся ў духоўнай акадэміі. Па завяршэнні ўніверсітэта ў 1862 годзе атрымаў пасведчанне настаўніка рускай мовы і славеснасці. У 1862 годзе пазнаёміўся з Ф. М. Дастаеўскім і праз год стаў хатнім настаўнікам яго пасынка П. А. Ісаева. У лісце да яго пісьменнік наказваў: «Спадзяюся, урэшце, на тваё добрае сэрца і на Міхаіла Васілевіча, жыццё з якім, пэўна, прынясе табе хоць якую-небудзь карысць <…> карыстайся часцей асяроддзем і размовай Міхаіла Васілевіча». Але ў выніку адносіны паміж Дастаеўскім і Радзевічам разарваліся, у большай ступені праз адмоўнае стаўленне Ісаева да настаўніка, якога Дастаеўскі называў «нігілістам-паповічам»[2]. У 1864—1870 гадах працаваў выкладчыкам у віленскіх гімназіях, пасля быў прызначаны інспектарам народных вучылішчаў. У 1873 годзе яму прысвоілі званне надворнага саветніка і накіравалі справаводам у Міністэрства народнай асветы ў Пецярбург. З 1889 па 1894 год у чыне сапраўднага стацкага саветніка ўзначальваў Варшаўскую навучальную дырэкцыю. У 1894 годзе выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў маёнтку Міцькі на Мазыршчыне, дзе заняўся літаратурнай дзейнасцю. Далейшы яго лёс невядомы[3]. Літаратурная дзейнасцьСа жніўня 1862 года Міхаіл Радзевіч пачаў друкавацца ў часопісе братоў Дастаеўскіх «Время», дзе былі апублікаваныя яго артыкулы сацыяльнай тэматыкі: «Пра сувязь прастытуцыі з буржуазным грамадскім ладам», «Пра ненармальнае становішча жанчыны», «Пра паходжанне жабрацтва і бездапаможнасці прыватнай філантропіі» і іншыя. У 1860-я гады таксама выступаў як публіцыст і тэатральны крытык у часопісах «Искра» і «Русская сцена». Выдаў кнігі «Наша грамадская маральнасць», «Новы Мітрафан», «Рысы пасляпятроўскай рускай гісторыі». У 1864 годзе напісаў камедыю «Мяшчанская нявеста». У 1909 годзе ў сувязі з адлучэннем Льва Талстога ад царквы даслаў яму ліст і вершы, якія прыхільна сустрэў пісьменнік[4]. На думку некаторых даследчыкаў, Радзевіч мог паслужыць прататыпам Міхаіла Ракіціна ў рамане Ф. М. Дастаеўскага «Браты Карамазавы »[2][5]. Педагагічная дзейнасцьУ педагогіцы быў прыхільнікам ідэй Канстанціна Ушынскага. Крытыкаваў сістэму ўнутрышкольнага рэжыму, фізічныя пакаранні ў навучальных установах, цяжкае становішча педагогаў. Па яго словах, маральна выхоўваюць вучняў правільная арганізацыя вучобы, умелае прымяненне настаўнікам метадаў пераканання і тлумачэння, дзейнасць і паводзіны выкладчыка[6]. Аўтар шэрагу артыкулаў пра педагогіку: «Аб шкоднай паліцэйскай абстаноўцы ў сучаснай школе, якая разбэшчвае маральнасць вучняў», «Кветкі на магілу К. Д. Ушынскага», «Купцы — рэфарматары гімназій», «Адзінка», «На ўроках» і інш. На беларускім матэрыяле заснаваны яго педагагічныя і этнаграфічныя нарысы «У народнай школе» і «Старамядзельскія паданні» (1870), «Беларускія народныя школы» (1871), «Халера» і «Хохлік» (1873, пад рубрыкай «З беларускага жыцця»)[6]. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia