Наперад (газета)
«Наперад!» — газета групы беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі на тэрыторыях Беларусі ў складзе Міжваеннай Польшчы, удзельнікі якой сталі пазней заснавальнікамі Цэнтрасаюза, пасля чаго была заменена газетай «Народны звон». Выдавалася на беларускай мове ў Вільні (12.12.1929 — каля 10.10.1930).[1] КантэкстПасля разгрому польскімі ўладамі ў пачатку 1927 г. Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады і судовага працэсу над яе членамі ў асяроддзі беларускіх грамадскіх дзеячаў Заходняй Беларусі сфарміравалася асобная група, якая лічыла, што ва ўмовах узмацнення ўрадавых рэпрэсій адзінай магчымай тактыкай барацьбы за нацыянальна-культурныя правы беларусаў з'яўляецца кампраміс з уладамі, а менавіта, з санацыйным урадам маршала Пілсудскага. За свае праўрадавыя погляды гэта фупа атрымала назву «беларускай санацыі»[2]. Па прычыне таго, што лідзіруючыя пазіцыі ў групе займалі А. Луцкевіч і Р. Астроўскі, яе таксама нярэдка называлі групай Луцкевіча-Астроўскага.[3] Заснаванне газетыУ снежні 1929 г. група пачала выдаваць уласную тыднёвую газету (па тагачаснаму азначэнню «часопісь») «Наперад!». У першым рэдакцыйным артыкуле падкрэслівалася, што выданне будзе абапірацца выключна на беларускія інтэлектуальныя сілы і іх матэрыяльную падтрымку. Рэдакцыя газеты адзначала:
На заклік рэдакцыі, акрамя А. Луцкевіча і Р. Астроўскага, адгукнуліся члены Віленскай гарадской рады К. Крук, педагогі А. Трэгаса і Я. Шнаркевіч, беларускі дэпутат латвійскага парламента У. Пігулеўскі і інш. Рэдактарам і выдаўцом новай газеты з'яўляўся настаўнік М. Сіняўскі. Палітыка рэдакцыіПалітычны кірунак газеты «Наперад!» быў акрэслены як радыкальны, а ва ўступным артыкуле было змешчана палітычнае крэда, на якое павінен быў абапірацца створаны яе выдаўцамі рух. Газета падкрэслівала, што не будзе служыць ні Маскве, ні Рыму, ні Варшаве, а будзе «няўхільна будзіць беларускія масы да самадзейнасці і самаарганізацыі ва ўсіх галінах грамадскага жыцця»[5]. Дзеля гэтага аўтарамі тыднёвіка актыўна вылучалася ідэя «пазітыўнай працы». Аналіз матэрыялаў газеты «Наперад!» дазваляе вызначыць асноўныя кампаненты гэтай ідэі: ажыццяўленне нацыянальна-культурнай дзейнасці канстытуцьйным шляхам, шырокая праца ў галіне нацыянальнага ўзгадавання, перш за ўсё праз родную школу, антыпартыйнасць, адсутнасць радыкальна-палітычных патрабаванняў, прызнанне таго факту, што беларусы з’яўляюцца часткай польскай грамадзянскай супольнасці і ад гэтага маюць правы на падтрымку свайго нацыянальна-культурнага развіцця з польскіх урадавых фондаў[5][6][7]. У далейшым ідэя «пазітыўнай працы» у той ці іншай ступені чырвонай ніткай праходзіла праз усю дзейнасць групы Луцкевіча-Астроўскага. Адначасова газета «Наперад!» востра крытыкавала існуючы ў БССР палітычны рэжым, асабліва за згортванне беларусізацыі і правядзенне калектывізацыі ў сельскай мясцовасці[5][8]. Такім чынам група Луцкевіча-Астроўскага імкнулася пазбавіць беларускую інтэлігенцыю «міражоў» адносна савецкай Беларусі, якія склаліся ў часы працы Грамады. Атакам газеты падвяргалася таксама дзейнасць пасольскага клуба «Змаганне» і Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі (БХД), якую рэдакцыя газеты лічыла неадпаведнай інтарэсам беларускага народа[5][9]. Адносіны з польскім урадамРазам з гэтым, «Наперад!» на сваіх старонках рабіла некаторыя негатыўныя заўвагі ў адрас палітыкі польскіх уладаў на т. зв. «Крэсах усходніх»[10]. Адзін нумар газеты быў нават канфіскаваны па загадзе гарадскога старасты Вільні за надта радыкальны тон матэрыялаў[11]. Гэта, аднак, не перашкаджала прадстаўнікам БХД і «Змагання» абвінавачваць групу Луцкевіча-Астроўскага ў сувязях з урадавымі коламі, а крытыку ўладаў у выданні лічыць адмысловым тактычным крокам, які павінен быў паказаць нібы радыкальную скіраванасць новаўтворанай групы[12]. Цікавасць уяўляюць матэрыялы газеты, прысвечаныя візіту прэзідэнта Польшчы I. Масціцкага на Віленшчыну ў чэрвені 1930 г. Група Луцкевіча-Астроўскага, адзіная сярод беларускіх палітычных груповак, удзельнічала ва ўрачыстых мерапрыемствах з гэтай нагоды[12]. Рэдакцыя «Наперад!» прысвяціла візіту спецыяльны нумар і ў прывітальным артыкуле зычыла Масціцкаму, каб той рэальнымі справамі «запісаў сваё імя ў гісторыю ў сувязі з рашучым і шчырым паваротам польскай палітыкі ў адносінах да беларускага народа»[13]. У газеце быў таксама надрукаваны «Мемарыял беларускіх культурна-асветніцкіх інстытуцый», які групы падалі ўласна прэзідэнту. У ім было адзначана, што далейшы лёс беларускай справы прыхільнікі Луцкевіча-Астроўскага звязваюць з Польскай дзяржавай, ад якой чакаюць шэрагу захадаў. Так, выказвалася ідэя выдзялення Віленскага, Наваградскага, Палескага і часткі Беластоцкага ваяводстваў у адну адміністратыўную адзінку з наданнем ёй аўтаноміі[14]. Акрамя гэтага, у мемарыяле ўтрымліваліся разгорнутыя патрабаванні ў адукацыйнай, асветніцкай і рэлігійнай сферах[15]. Ліквідацыя газетыАпошні нумар газеты «Наперад!» выйшаў 3 кастрычніка 1930 г. У ім, акрамя іншага, быў змешчаны пратакол 1-й сесіі Галоўнай Рады Цэнтральнага саюза культурна-асветніцкіх і гаспадарчых арганізацый — новага грамадскага і культурнага аб'яднання, якое стварылі прыхільнікі групы Луцкевіча-Астроўскага[16]. Рыхтуючыся да парламенцкіх выбараў 1930 г., Цэнтральны саюз распачаў выданне новага друкаванага органа пад назвай «Народны звон», які цалкам замяніў газету «Наперад!». Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia