Нараджэнне Маці Божай (Пётр Яўсеевіч)
«Нараджэнне Божай Маці» — абраз сярэдзіны XVII стагоддзя са Свята-Успенскай царквы ў горадзе Магілёве. Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь[1][2]. СюжэтДзея адбываецца ў вялікім памяшканні з пліткавай падлогай, раскрытым у прастору праз шырокую арку-вакно[3]. Злева пад светла-карычневым балдахінам (полагам) з зялёнай на карычневай падкладцы драпіроўкай на высокім ступенчатым узвышшы, на ложку, нібы на троне, сядзіць праведная Ганна, абапіраючыся спіной на гару белых з тканымі прошвамі падушак[4]. Яе ногі прыкрытыя чырвонай, у кветкі, коўдрай. Адзенне Ганны сіняга колеру, на галаве белая з чырвонымі затканымі палосамі намітка[4]. Побач з ёй — жанчыны-служанкі, якія трымаюць посуд з падарункамі ў руках. Іх вопратка светла-вохрыстая, цёмна-чырвоная, сіняя, светла-зялёная. Трэцяя жанчына, з непакрытымі валасамі, клапатліва расхінае занавес над Ганнай[3]. На чырвоным поясе ў адной служанкі жоўты кашалёк[4]. Каля ўзвышша сядзяць насупраць адна другой жанчыны ў вохрыстым, цёмна-чырвоным, сінім адзенні, у намітках. На руках адной з іх на белым покрыве ляжыць маленькая Марыя, якую толькі што выкупалі. Побач стаіць цэбар значных памераў з вадой і просценькі вазок, засланы для дзіцяці[3]. Справа, ля накрытага зялёным з цёмна-чырвоным шлякам абрусам стала, на якім стаяць букет кветак у збане і керамічная чаша[3], паказаны Іаакім у сінім хітоне і цёмна-чырвоным гімаціі з кіем у руцэ. Яго выява з’яўляецца на абразах з XIV стагоддзя[2]. Трэба адзначыць, што Іаакім знаходзіцца ў тым жа пакоі, а не выдалены на галерэю ці ў падсобнае памяшканне, як на старажытных абразах[4]. На заднім плане ў ружовым з авальным завяршэннем акне за рэльефнай рашоткай намаляваны тры шэрыя дамы. Рэльеф рашоткі створаны густым рэнесансавым арнаментам, выразаным па ляўкасе і пазалочаным; у яго ўкрапаны камяніцы рэнесансавага тыпу[3]. Вохрыста-фіялетавая падлога расчэрчана чырвонымі лініямі на квадраты. Фігуры прыземістыя. Справа ўнізе надпіс бяліламі ў два радкі, а таксама надпісы над німбамі Ганны і Іаакіма[4]. ПаходжаннеАбраз выяўлены ў 1918 годзе ва Успенскай царкве Магілёва[5]. Ікона раскрыта ў Дзяржаўнай мастацкай рэстаўрацыйнай майстэрні М. А. Баранавым , В. В. Філатавым , А. М. Рабінінай у 1954—1956 гадах (Масква)[4]. Значэнне іконы![]() «Нараджэнне Маці Божай» 1649 года з Магілёва — адзін з першых падпісных і датаваных абразоў музейнага збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублік Беларусь. У правым ніжнім вугле захаваўся надпіс з датай: «Року Бжого 1649 Петръ Евсеевич з Голынца». Невядома, хто пакінуў гэты надпіс — іканапісец або фундатар. У архіўных дакументах было выяўлена імя жыхара Магілёва Зурасты Пятра Яўсеевіча, з якім сёння звязваюць паходжанне абраза[2]. Аўтар твора, захоўваючы асноўныя рысы традыцыйнай іканаграфіі, перадае змест сюжэта рэалістычна, са мноствам этнаграфічных і бытавых дэталяў: на жанчынах народныя галаўныя ўборы — сялянскія вышываныя наміткі; на падушках — вязаныя карункі-прошвы. У кампазіцыю абраза ўведзены адлюстраванні керамічнага і драўлянага посуду, драўлянага ложка, збана з палявымі кветкамі на стале. Іканапісец надзяляе персанажы канкрэтнымі характарыстыкамі, якія адпавядаюць нацыянальнаму беларускаму тыпажу. Цяжка знайсці больш дакладную этнаграфічна, поўную і праўдзівую перадачу прадметаў сялянскага побыту ў помніках іканапісу першай паловы XVII стагоддзя[2]. Выстаўкі
У культуры![]() У 1996 годзе выява іконы была выкарыстана на паштовай марцы «Белпошты». Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia