Настасся Сяргееўна Роўда

Настасся Сяргееўна Роўда
Дата нараджэння 26 красавіка 1995(1995-04-26) (30 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Месца працы
Альма-матар
Узнагароды і прэміі

Вольнае слова[d] (2015, 2020, 2024)

Настасся Сяргееўна Роўда (нар. 26 красавіка 1995, Маладзечна) — беларуская журналістка, дырэктарка выдання «Наша Ніва», вядоўца ютуб-канала гутарак «ТОК | TALK».

Біяграфія

Нарадзілася 26 красавіка 1995 года ў Маладзечне. Маці — інжынер, бацька — токар. Мае старэйшага брата[1].

Скончыла ў 2012 годзе гімназію-каледж мастацтваў горада Маладзечна. Вучылася ў класе з музычным ухілам, займалася вакалам і ігрой на цымбалах. У школьныя гады прадстаўляла гімназію ў музычных конкурсах, пісала навуковыя працы па літаратуры, выступала на спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы[1].

У 2012 годзе падчас навучання ў выпускным класе гімназіі прайшла навучанне ў Школе маладога журналіста Беларускай асацыяцыі журналістаў пры незалежным рэгіянальным выданні «Рэгіянальная газета», дзе ў той час выкладаў вядомы журналіст, заснавальнік курсаў «Мова Нанова» Глеб Лабадзенка[1].

Рэгіянальная газета

Пасля выпуску з гімназіі ў 17-гадовым узросце атрымала запрашэнне ў штат «Рэгіянальнай газеты» ў якасці карэспандэнткі. У 2018 годзе завочна скончыла факультэт журналістыкі БДУ па спецыяльнасці «аўдыёвізуальныя СМІ»[1].

У часе працы ў «Рэгіянальнай газеце» пад кіраўніцтвам галоўнага рэдактара выдання Аляксандра Манцэвіча была ўніверсальным журналістам і адказвала за напаўненне газетнай старонкі «Крымінал», пісала артыкулы на грамадска-значныя, жыццёвыя, а таксама культурніцкія тэмы[1].

У 2015 годзе ў артыкуле «Расстрэл яўрэяў у Валожыне. Гавораць сведкі»[2] асвятляла планы ўладаў пабудаваць жылыя дамы на гарадскім стадыёне ў Валожыне, дзе ў часы Другой сусветнай вайны фашысты расстралялі 200 яўрэяў. Газета пісала аб пікеце[3], які зладзіў грамадскі актывіст, знайшла і апублікавала архіўныя дакументы, якія сведчылі аб масавых расстрэлах у гэтым месцы. Настасся Роўда знайшла і сустрэлася з яшчэ жывымі сведкамі тых падзей. Краязнаўца з Валожына Георгій Каржанеўскі, які звярнуўся ў рэдакцыю з просьбай узняць гэтую тэму, памёр незадоўга да ініцыяваных з дапамогай газеты раскопак на стадыёне ў Валожыне. Вынікі раскопак пацвердзілі дадзеныя, сабраныя Каржанеўскім і журналістамі «Рэгіянальнай газеты». Парэшткі эксгумаваных ахвяр перапахавалі, а ад будаўніцтва дамоў на стадыёне адмовіліся. На месцы трагедыі гараджане заклалі мемарыяльную алею[4]. За гэты матэрыял Настасся Роўда ўпершыню стала лаўрэаткай конкурсу «Вольнае слова».

Была датычная і да іншых рэзанансных матэрыялаў выдання. Асвятляла пратэсты супраць будоўлі буйных свінакомплексаў на Маладзечаншчыне. Адзін планавалася пабудаваць каля вёскі Соўлава, другі — каля вёскі Мойсічы, у трох кіламетрах ад Маладзечна. «Рэгіянальная газета» пісала пра збор подпісаў грамадзян пад пратэстам супраць будаўніцтва гэтых аб’ектаў. У газеце цягам некалькіх месяцаў выходзілі артыкулы, рэпартажы і аналітычныя матэрыялы, прысвечаныя гэтай праблеме. Сустракалася з жыхарамі Валожыншчыны, якія жывуць побач з такім самым, ужо пабудаваным, свінакомплексам. Гутарыла з эколагам і інжынерам-геолагам пра небяспеку будаўніцтва комплексу[5].

Мова Нанова

У 2014—2016 гадах вяла бясплатныя курсы беларускай мовы «Мова Нанова» ў Маладзечне[1]. Першыя заняткі адбыліся 7 мая 2014 года[6]. У межах курсаў у Маладзечне выступалі музыкі Зміцер Вайцюшкевіч[7], Сяргей Башлыкевіч[8], Мікіта Найдзёнаў[9], гурты Relikt[10] і :B: N:, паэт Андрэй Хадановіч[11], гісторык Уладзімір Арлоў, малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч, а таксама ўнучка Коласа Вера Данілаўна Міцкевіч[12] і многія іншыя.

Наша Ніва

У ліпені 2016 года Настасся Роўда перайшла працаваць у незалежнае выданне «Наша Ніва» на пазіцыю рэдактара-рэпарцёра. Ад мая 2018-га — кіраўніца аддзела рэкламы і маркетынгу, з мая 2021 года — дырэктарка выдання[1].

8 ліпеня 2021 года сілавікі разграмілі рэдакцыю «Нашай Нівы» і арыштавалі чатырох супрацоўнікаў выдання, у тым ліку галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча і рэдактара Андрэя Скурко, якім у далейшым прысудзілі па 2,5 года зняволення ў калоніі. Падставай для пераследу журналістаў «Нашай Нівы» стала асвятленне выданнем пратэстаў супраць фальсіфікацый і міліцэйскага гвалту і далейшых рэпрэсій з боку ўладаў. На момант разгрому рэдакцыі ў Мінску Роўда знаходзілася ва Украіне. «Наша Ніва» ні на адзін дзень не спыняла сваю дзейнасць. У сувязі з немагчымасцю для каманды працягваць працу ўнутры Беларусі праз рызыкі крымінальнага пераследу за прафесійную дзейнасць аднавіла працу выдання ў эміграцыі[1].

З 2020 года Настасся Роўда таксама з’яўляецца запрошанай трэнеркай у межах адукацыйных праграм «Прэс-клуба Беларусь» па кірунках інтэрв’ю і медыяменеджмент[1].

ТОК | TALK

У 2018 годзе Настасся Роўда разам з журналісткай Адар’яй Гуштын пачалі ютуб-праект «Ток» на базе «Нашай Нівы». Першы сезон праект вяла Адар’я, з другога сезона нязменнай вядучай з’яўляецца Настасся. За гэты час на ютуб-канале «ТОК | TALK» было апублікавана больш за сто выпускаў інтэрв’ю з вядомымі беларусамі[13].

Узнагароды

У 2015 годзе Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя масмедыі» прызнала «Рэгіянальную газету» найлепшай сярод рэгіянальных СМІ Беларусі. Адначасова Настасся Роўда была адзначаная сярод пераможцаў у асобных намінацыях «Культура, гісторыя, краязнаўства», «Найлепшы матэрыял на праваабарончую тэматыку», «Найлепшы відэаматэрыял на сайце газеты»[14].

У 2015 годзе ўпершыню стала лаўрэаткай конкурсу «Вольнае слова» ад БАЖ, атрымаўшы трэцяе месца ў намінацыі «Дэбют» за матэрыял «Расстрэл яўрэяў у Валожыне. Гавораць сведкі»[15]. Некалькі разоў станавілася лаўрэаткай «Вольнага слова» за час працы над праектам «ТОК | TALK». У 2020 годзе было прысуджанае трэцяе месца ў намінацыі «Інфармацыйныя жанры» за інтэрв’ю з архібіскупам Тадэвушам Кандрусевічам[16]. У 2024 годзе стала пераможцай у намінацыі «Відэа» за інтэрв’ю з мастаком і дызайнерам Уладзімірам Цэслерам[17].

Крыніцы

  1. а б в г д е ё ж з Двое нашаніўцаў выйгралі журналісцкую прэмію «Вольнае слова» . Наша Ніва (10 верасня 2024). Праверана 9 студзеня 2025.
  2. Расстрэл яўрэяў у Валожыне. Гавораць сведкі | Рэгіянальная газета(недаступная спасылка). web.archive.org (24 верасня 2015). Архівавана з першакрыніцы 24 верасня 2015. Праверана 9 студзеня 2025.
  3. Пікет у Валожыне: “Нельга аддаваць варварам косці людскія” | Рэгіянальная газета(недаступная спасылка). web.archive.org (8 лістапада 2014). Архівавана з першакрыніцы 8 лістапада 2014. Праверана 9 студзеня 2025.
  4. У Валожыне на месцы расстрэлаў яўрэяў пасадзілі алею. Цяпер будуюць мемарыял | Рэгіянальная газета(недаступная спасылка). web.archive.org (2 лютага 2016). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2016. Праверана 9 студзеня 2025.
  5. Эколаг бачыць хібы ў праектаванні свінакомплексу ў трох кіламетрах ад Маладзечна | Рэгіянальная газета(недаступная спасылка). web.archive.org (17 снежня 2014). Архівавана з першакрыніцы 17 снежня 2014. Праверана 9 студзеня 2025.
  6. Першыя заняткі «Мовы Нанова» ў Маладзечне Архівавана 11 мая 2014. — артыкул на сайце rh.by
  7. У госці да «Мовы Нанова — Маладзечна» прыехаў Зміцер Вайцюшкевіч!
  8. Будзьма беларусамі! » “Мова нанова” ў Маладзечне. budzma.org. Праверана 9 студзеня 2025.
  9. Свабода, Радыё. Ужо сёньня, 3 траўня: першая прэмія Цёткі, Дзень свабоды друку . Радыё Свабода (3 мая 2016). Праверана 9 студзеня 2025.
  10. 13 кастрычніка Re1ikt адыграе акустычны канцэрт у Маладзечна на курсах «Мова Нанова»
  11. Фотаздымкі з заняткаў па тэме «Спадчына», на якіх нашым госцем быў Юры Жыгамонт!
  12. Пра сустрэчу з сынам Якуба Коласа Міхасём Міцкевічам і ўнучкай Якуба Коласа і Янкі Маўра Марыяй Міцкевіч у навінах МКТВ
  13. «Бывае балюча». Наста Роўда — пра хейт, уласны стыль і каманду «ТОК» . Наша Ніва (19 лістапада 2024). Праверана 9 студзеня 2025.
  14. “Рэгіянальная газета” стала лепшай газетай 2015 года сярод рэгіянальных СМІ Беларусі | Рэгіянальная газета(недаступная спасылка). web.archive.org (3 лістапада 2017). Архівавана з першакрыніцы 3 лістапада 2017. Праверана 9 студзеня 2025.
  15. “Вольнае слова”. Шорт-ліст фіналістаў | baj.by (руск.). www.oldest.baj.media. Праверана 9 студзеня 2025.
  16. Двое журналістаў «Нашай Нівы» — Зміцер Панкавец і Настасся Роўда — сталі лаўрэатамі конкурса «Вольнае слова» . Наша Ніва (9 кастрычніка 2020). Праверана 9 студзеня 2025.
  17. Двое нашаніўцаў выйгралі журналісцкую прэмію «Вольнае слова» . Наша Ніва (10 верасня 2024). Праверана 9 студзеня 2025.

Спасылкі

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya