Наталі Бай
Наталі Бай (фр. Nathalie Marie Andrée Baye; нар. 6 ліпеня 1948, Менвіль) — французская актрыса. БіяграфіяНарадзілася ў сям’і мастакоў Клода Бая і Дэніз Кустэ. Яна з’явілася на свет, паводле яе слоў, «выпадкова», калі яе бацькі гасцявалі ў нармандскім мястэчку Менвіль. Наталі правяла дзяцінства ў Парыжы, вучылася ў прэстыжным Эльзаскім ліцэі, але пакутавала на дыслексію і сарамлівасць, таму, магчыма, з ранніх гадоў і палюбіла танцы. Яе першым педагогам была знакамітая балерына Марыінскага тэатра Вольга Іосіфаўна Праабражэнская, якая выхавала многіх знакамітых майстроў. У далейшым сям’я пераехала на поўдзень Францыі, у Ментану, а Наталі ў 14 гадоў пакінула сярэднюю школу (пасля скончыўшы яе завочна) з намерам сур’ёзна займацца класічным танцам у балетнай школе Манака. У 17 з паловай гадоў яна са згоды бацькоў перабралася ў Нью-Ёрк, дзе працягнула заняткі балетам. Каб аплаціць гэтыя ўрокі, працавала няняй. Потым гастралявала з танцавальным калектывам па гарадах ЗША. Вярнуўшыся на радзіму праз паўтара гады, расчаравалася ў балеце як у прафесіі і, ацаніўшы ўласныя здольнасці, нечакана адкрыла ў сабе жаданне стаць драматычнай актрысай. Вучылася акцёрскаму майстэрству на знакамітых тэатральных курсах Рэнэ Сімона, а ў 1972 годзе скончыла Вышэйшую нацыянальную кансерваторыю. У 1973 годзе яна з’явілася ў ролі памочніцы рэжысёра ў фільме Франсуа Труфо «Амерыканская ноч» (а сваю самую першую невялікую ролю ў кіно яна сыграла ў фільме Роберта Уайза «Двое»). Іграла ў спектаклях розных парыжскіх тэатраў. Здымаецца на тэлебачанні. Замужам ніколі не была. У 1970-х спадарожнікам яе жыцця быў акцёр і спявак Філіп Леатар, з якім яна пазнаёмілася ў тэатры. У Наталі Бай ёсць дачка Лора Смет (нарадзілася ў 1983 годзе) ад вядомага французскага рок-спевака Джоні Халідэя, які быў спадарожнікам яе жыцця ў 1982—1986 гадах. Наталі Бай здымалася з Джоні Халідэем у фільме Гадара «Дэтэктыў». У 2020 годзе ў Наталі з’явіўся ўнук Леа. Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia