Партрэт Катажыны і Марыі Радзівіл
Партрэт Катажыны і Марыі Лупу Радзівіл[1] — сумесны партрэт дзвюх жонак Януша Радзівіла, работы Іагана Шрэтэра. Захоўваецца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь[2]. ГісторыяПаходзіць з калекцыі Радзівілаў у Нясвіжы (№ 10, 37 (?) да 1941). Да 1941 года ў Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР, з 1948 года ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у 1957—1968 гадах у Дзяржаўным музеі БССР[2]. Рэстаўрыраваны ў Варшаве Б. Гімінскім у 1885[3], ва Усесаюзнай цэнтральнай навукова-даследчай лабараторыі па кансервацыі і рэстаўрацыі музейных мастацкіх каштоўнасцей С. С. Гарбуновым у 1962—1967 гадах у Маскве[2]. Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (Мінск)[2]. АпісаннеПартрэт мае памеры 201,5×123,7 см. На ім паказаны першая і другая жонкі ваяводы віленскага і вялікага гетмана літоўскага Януша Радзівіла. Воблік Катажыны, якая памерла ў 1642 годзе, мастак пісаў на падставе яе ранейшага пажыццёвага партрэта, а партрэт Марыі — з натуры[4]. Абедзве жанчыны апранутыя ў сукенкі, пашытыя па французскай палацавай модзе 1640-х гадоў[5]. КатажынаКатажына апранута ў чырвоную сукенку з невялікім чатырохкутным дэкальтэ. Спіна і плечы пакрыты паўпразрыстым батыставым каўняром, аздобленым карункамі[5]. Такімі ж карункамі аздоблены манжэты. Сукенка мае кароткі станік-жакет з баскай, падобны на мужчынскі пурпуэн, перахвачаны вузкім паяском[5]. Рукавы, засцежка і берагі пол жакеціка, перад і падол спадніцы ўпрыгожаны палосамі багатых іспанскіх карункаў з сярэбраных ніцяў. Пасакай з такіх жа карункаў з бантам перахвачаны шырокія рукавы. Шыя ўпрыгожана ніткай буйных жамчужын, а зверху каўняра надзеты вялікі залаты ланцуг з кулонам і вялікай жамчужынай. У правай руцэ з бранзалетам і пярсцёнкам на пальцы яна трымае складзены веер[5]. Доўгая спадніца, з адбітым валікам на бёдрах, поўнасцю закрывае абутак. Прычэсана Катажына таксама па французскай палацавай модзе: спераду валасы разабраны на папярэчны прабор, ад якога на лоб спускаецца грыўка[5]. Астатнія валасы зачэсаны назад і ўкладзены з бакоў на каркас у пышную прычоску, упрыгожаную залатой эгрэткай з жамчужын[5]. МарыяМарыя апранута ў чорную ўзорыстую сукенку, з чатырма залатымі гузамі на станіку. Спадніца сукенкі на бёдрах пашарана падбітым валікам[5]. Зверху дэкальтэ, таксама па французскай модзе, надзеты два празрыстыя каўняры з батысту, абшытыя па краях карункамі. На ніжні авальны каўнер, які ахінае плечы і спіну, наложаны залаты ланцуг з вялікім бантам пасярэдзіне грудзей. Зверху надзеты другі каўнер[5]. Прычоска, якая на галаве ў Марыі, называецца «Севінье»[6][7], яна была папулярна пры французскім каралеўскім двары. Валасы Марыі локанамі абрамляюць твар і спускаюцца да плячэй[5]. Прычоска ўпрыгожана эгрэткай з жэмчугам, белым стравусіным пяром і стужкай з нашытымі каштоўнымі камянямі[5]. Выстаўкі
Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia