Пэрсэнкіўка
Пэрсэнкіўка[1] (укр.: Персенкі́вка) — мясцовасць у Сыхіўскім раёне Львова, якая размяшчаецца паміж вуліцамі П. Мырнага, Буйка, Казэльныцкай і аўтобусным заводам. ГісторыяНазва мясцовасці паўстала ў XVII ст., да гэтага мясцовасць насіла назву «Коснэрыўка» — ад імя львоўскага мешчаніна Коснэра, які валодаў тутэйшымі палямі. Назва «Пэрсэнкіўка» паходзіць ад прозвішча львоўскага купца Якава Пэрсінга, які ў 1687 г. набыў гэтыя землі. Калісьці гэта было прыгараднае паселішча, ад якога сёння засталося каля 15 жылых малапавярховых дамоў. Гэта адбылося з прычыны пракладкі чыгункі праз раён і далейшага пашырэння прамысловай зоны. Найважнейшым прадпрыемствам мясцовасці была другая і галоўная львоўская гарадская электрастанцыя, пабудаваная Альфрэдам і Казімірам Каменабродскімі ў 1908 г. па праекце архітэктара Адольфа Пілера. Электрастанцыя дзейнічае і сёння. Яе асаблівасцю было сэцэсійнае дэкарыраванне фасадаў і інтэр’ераў, а таксама вадаправодная вежа, стылізаваная пад сярэднявечную архітэктуру. Паміж электрастанцыяй і вул. П. Мырнага раней быў парк плошчай каля 8 га, цяпер ён часткова забудаваны гаражамі. Вядома таксама аб іпадроме, тэрыторыя якога была занятая Львоўскім аўтобусным заводам. Тут адбываліся жорсткія баі падчас польска-ўкраінскай вайны 1918—1919 гадоў. Каля чыгуначнай станцыі «Пэрсэнкіўка» да 1940 г. быў помнік палякам, якія загінулі ў гэтай вайне. У 1930 г. мясцовасць уключана ў склад Львова. Пэрсэнкіўка належала да парафіі пры львоўскім касцёле св. Мікалая. Ад 1933 г. — да парафіі Вінцэнта дэ Поля, якая часова была размешчана ў царкве св. Сафіі. У 1938 г. тут былі пабудаваны касцёл і кляштар кармелітаў босых, цяпер размешчаны на тэрыторыі львоўскага аўтобуснага завода. Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia