Пётр Дзмітрыевіч Пакаржэўскі
Пётр Дзмітрыевіч Пакаржэўскі (руск.: Пётр Дмитриевич Покаржевский; 1889, Елісаветград, Херсонская губерня — 1968, Масква, СССР) — рускі і савецкі жывапісец, графік, педагог, член МАСМ РСФСР, прафесар МДМІ імя В. Сурыкава. БіяграфіяПётр Дзмітрыевіч Пакаржэўскі нарадзіўся ў 1889 годзе ў Елісаветградзе, Херсонская губерня. Там жа вучыўся на вячэрніх курсах малявання ў Ф. Казачынскага, затым у 1906—1909 гадах у Кіеўскай мастацкай школе. У 1909—1916 гадах Пётр Пакаржэўскі вучыўся ў Пецярбургу ў Вышэйшым мастацкім вучылішчы пры Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Я. Цянглінскага, Г. Залемана, М. Самокіша. Пётр Пакаржэўскі быў членам аб’яднанняў «Быццё» (1922), АМРР (1923). У 1920—1922 гадах жыў і працаваў у Туле, дзе ім былі арганізаваны Дзяржаўныя мастацкія майстэрні і Тульскі мастацкі музей, у якіх ён працаваў і выкладаў. У 1922 годзе пераехаў у Маскву, дзе працаваў для выдавецтва «Маладая гвардыя». У 1930-х гадах выкладаў у Маскоўскім мастацка-педагагічным вучылішчы «Памяці 1905 года». Сярод яго вучняў народны мастак СССР, Герой Сацыялістычнай Працы Таір Салахаў, Народны мастак Расіі Мікалай Сысоеў. Вядучым жанрам у творчасці Пятра Пакаржэўскага была тэматычна карціна з развітай сюжэтнай асновай на тэмы сучаснасці, выкананая ў традыцыйнай рэалістычнай манеры. У 1928 годзе мастак здзейсніў падарожжа па Сярэдняй Азіі, уражанні ад якога паслужылі матэрыялам для шматлікіх эцюдаў і карцін з выявай нацыянальнага побыту гэтых рэгіёнаў. Сярод асноўных твораў мастака карціны «Чырвоны дазор» (1923), «Дэсант» (1928), «Металургічны завод у Данбасе», «К. Варашылаў у лётчыкаў» (абедзве 1932), «Камсамолка Горбань» (1935), «Камсамольцы Данбаса ідуць на фронт» (1936), «Перад атакай» (1947), «Раніца ў табуне» (1954), «Пад Звянігарадам» (1958), «Стары чабан-казах» (1962) і іншыя[1]. З 1937 года Пётр Пакаржэўскі прафесар МДМІ імя В. Сурыкава. Творы мастака знаходзяцца ў ДТГ, ДРМ, у Цэнтральным музеі Савецкай Арміі, у музеях Тулы, Кіева, Екацярынбурга, Ніжняга Ноўгарада, Астрахані, Іркуцка і іншых гарадоў. Пётр Дзмітрыевіч Пакаржэўскі памёр у 1968 годзе ў Маскве. Пахаваны на Увядзенскіх могілках (25 уч.). Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia