Раніца (часопіс)
«Раніца» (1914) — часопіс беларускай студэнцкай моладзі дэмакратычнага кірунку. Выдадзены адзін нумар у чэрвені 1914 г. у Санкт-Пецярбургу. На тытульным аркушы-падзагаловак: «Думкі беларускай студэнцкай моладзі». Часопіс ставіў задачу шляхам асветы, вывучэння духоўных і прадукцыйных сіл Беларусі павышаць грамадскую свядомасць, гуртаваць інтэлігенцыю для служэння народу. Увесь змест часопіса, за выключэннем «Казкі аб крыллях» Лаўрэна Будзіловіча, складаюць публіцыстычныя матэрыялы. Пафас публіцыстычных выступленняў (артыкулы К. Голскага і Л. Будзіловіча) — адлюстраванне гаротнага становішча працаўніка, вера ў лепшую будучыню і імкненне наблізіць яе змаганнем. У артыкуле Б.Тарашкевіча (Тараса Язычніка) і К.Душэўскага актуальныя праблемы вывучэння культуры беларускага народа — яго мовы, народнай творчасці, мастацтва. У артыкуле «Нашы шляхі» закранутае адвечнае пытанне пра няўважлівыя адносіны інтэлігенцыі да жыцця народа. У аснове алегарычнага апавядання «Казка аб крылах» Л. Будзіловіча — ідэя неабходнасці служэння інтэлігенцыі занядбанай роднай зямлі. Змешчаны агляд культурна-грамадскага руху студэнтаў-беларусаў у розных гарадах Расіі, рэкламы пецярбургскіх і віленскіх беларускіх выданняў. «Раніца» імкнулася згрупаваць у розных гарадах, дзе вучыліся студэнты-беларусы, цэласныя студэнцкія арганізацыі. Аўтары невялікіх артыкулаў шукаюць адказу на надзённыя пытанні, даюць свой погляд на задачы і патрэбы беларускай інтэлігенцыі. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia