Рыжская тэлевежа
Рыжская тэлевежа (лат.: Rīgas radio un televīzijas tornis) — тэле- і радыёвяшчальная вежа ў Рызе (Латвія), пабудаваная ў 1979—1986 гадах. Вышыня — 368,5 метраў. Станам на 2023 год, найвышэйшы будынак у балтыйскі краінах, трэці паводле вышыні ў Еўропе пасля Астанкінскай і Кіеўскай тэлевеж. Станам на 2006 год, 31-ы паводле вышыні будынак у свеце. На вышыні 97 метраў размешчана аглядная пляцоўка, з якой добрым надвор’ем можна бачыць усю Рыгу з прыгарадамі і Рыжскі заліў. Вежа пабудавана на востраве Закюсала («Заячы востраў») сярод Даўгавы (Дзвіны) на вышыні 7 метраў над узроўнем мора. Апоры падмурка заглыблены ў зямлю на 27 метраў, упіраюцца ў даламітавы пласт. Вонкава вежа — канструкцыя з трох «ног» (апор галоўнай часткі) і шпіля. У двух «нагах» ёсць хуткасныя ліфты, якія паднімаюць на вышыню 97 метраў за 52 секунды, а ў трэцяй — рэзервовыя ўсходы і кабелі, якія ідуць з адміністрацыйнага будынка да перадатчыкаў. Вежу праектавалі з разлікам на хуткасць ветру да 44 метраў у секунду. Каля галоўнага ўваходу пастаўлены памятны камень «Спадарожнік» (твор Крыстапа Гулбіса, 1987). 5 мая 2019 года вежу закрылі для турыстаў на рэканструкцыяй, якая працягнецца 5 гадоў. ГісторыяРыжская радыётэлевізійная станцыя на Закюсале пачала працаваць у 1986 годзе. Першыя дакументальныя звесткі пра неабходнасць будаўніцтва новай Рыжскай радыётэлевізійнай станцыі змешчаны ў пастанове Савета Міністраў Латвійскай ССР ад 30 ліпеня 1967 года. Ужо ў тады стала разумела, што старая станцыя ў былым Елгаўскім тэатры ў Агенскалнсе, вычарпала магчымасці і не можа развівацца далей. У тэхнічным абгрунтаванні неабходнасці будаўніцтва новай вежы былі вылучаны наступныя задачы — неабходнасць павелічэння колькасці перадаваных радыё- і тэлевізійных праграм з дзвюх да чатырох, значнае павелічэнне зоны вяшчання, паляпшэнне якасці радыё- і тэлевізійнага вяшчання і забеспячэнне спецыяльных відаў сувязі (дзяржаўнага значэння, ваенных, грамадзянскай абароны і інш.). Пачатковы план меркаваў завяршыць будаўніцтва вежы ў параўнальна кароткі тэрмін — да 1985 года. Але ўжо ў 1984 годзе стала ясна, што ў 1985 годзе завяршыць будаўніцтва не здолеюць. Тады вырашылі падзяліць будаўніцтва на два этапы, першы здаць у 1985 годзе, здачу другога перанесці на больш аддалены час. У першым этапе было запланавана здаць частку памяшканняў у будынку, частку паверхаў у вежы, частку антэн і ўсталяваць адзін перадатчык. У фактычна няскончанай зале быў зманціраваны перадатчык фірмы Tesla, які 28 снежня 1985 года пачаў перадаваць першыя эксперыментальныя перадачы па 28-м канале. Нягледзячы на тое, што будаўнічыя працы працягваліся, план быў выкананы. Рэгулярна па 30-м канале перадатчык стаў весці перадачы са студзеня 1986 года. Будаўніцтва і мантаж працягваліся да 1989 года і агулам усе працы працягваліся дзесяць гадоў. У цяперашні час радыётэлевізійная станцыя шматкротна перавысіла пачаткова вызначаныя мэты — значна павялічыць зоны вяшчання, палепшыць якасць радыё і тэлевізійнага вяшчання. ЗначэннеСучасны сілуэт Рыгі немагчыма ўявіць без радыё- і тэлевізійнай вежы на востраве Закюсала, якая сярод іншых падобных па тыпе веж вылучаецца індывідуальнасцю і выразнасцю. Аднак вежа — не толькі будынак, які сімвалізуе Рыгу, але і тэхнічны будынак з пэўнымі функцыямі — трансляцыяй радыёстанцый, вяшчаннем тэлевізійных каналаў, забеспячэннем паслуг электроннай сувязі рознага прызначэння. Вежа вышынёй 368,5 метры — станам на 2023 год, найвышэйшая ў Еўрапейскім саюзе — заўсёды была асаблівым клопатам Латвійскага дзяржаўнага радыё- і тэлевізійнага цэнтра, бо забяспечвае радыё- і тэлеперадачамі больш за палову жыхароў Латвіі. Рыжская радыё і тэлевізійная вежа або Вежа Закюсалы, або Тэлевізійная вежа, як яе называюць у народзе, разам з тэхнічным будынкам каля падножжа вежы, дзе размешчаны перадатчыкі і рознае тэхнічнае дапаможнае абсталяванне, уваходзіць у склад Рыжскай радыётэлевізійнай станцыі. Вежа прызначана для ўсталявання антэн. Чым вышэй падняты антэны, тым на большай адлегласці можна прымаць перадачы. Рыжскую радыётэлевізійную станцыю з іншымі станцыямі ў Латвіі злучаюць мікрахвалевыя радыёрэлейныя лініі, якія ўтвараюць спецыялізаваную тэлекамунікацыйную сетку і забяспечваюць магчымасць прыёму радыё і тэлевізійнага сігналу на 96 % тэрыторыі Латвіі. Два ліфты ў «нагах» вежы — нахільныя рэйкавыя, паднімаюцца з хуткасцю 2,31 м/с (8.32 км/г)[3]. Адзін ліфт, які злучае аглядную пляцоўку з тэхналагічнымі паверхамі — звычайны. Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia