Свята-Аляксандра-Неўская царква (Індура)
Свята-Аляксандра-Неўская царква — праваслаўны храм у аграгарадку Індуры Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці. Знаходзіцца ў цэнтры мястэчка. ГісторыяПабудавана ў 1881 годзе з цэглы на ахвяраванні мясцовага памешчыка А. І. Казлоўскага. Першапачатковы праект храма, распрацаваны ў 1876 годзе, з-за падаражання будаўнічых матэрыялаў не быў прыняты і прапанаваны для рэалізацыі ў вёсцы Лунна (цяпер у Мастоўскім раёне). Другі праект храма, разлічаны на 350 прыхаджан, распрацаваны гродзенскім губернскім архітэктарам Іванам Калянкевічам у 1879 годзе[1]. У 1880 годзе ён выканаў праект іканастаса. У 2006—2007 гадах будынак царквы быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння. У 2010 годзе быў выкананы вонкавы рамонт храма. У пачатку снежня 2012 года пачалася замена купалоў і рамонт даху. АрхітэктураПомнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Чатырохчасткавы храм падоўжна-восевай кампазіцыі: званіца, трапезная, малітоўная зала, пяцігранная апсіда. У сілуэце дамінуе шатровая званіца і цыбулепадобны купал на васьмігранным барабане, узведзены над пакатым чатырохсхільным дахам асноўнага кубападобнага аб’ёму. У яго архітэктуры выкарыстаны рытм арачных аконных праёмаў у кілепадобных ліштвах і фрыз з квадратных шырынак. Пры праектаванні храма дойлід адышоў ад механічнага ўвасаблення тыповага праекта і зрабіў спробы спрасціць яго. Беламураваны храм узняты на бутавы каларыстычна насычаны цокаль і на апсідзе надзелены магутным каляровым акцэнтам — вялізным мастацкім пано на евангельскі сюжэт. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia