У 1632 годзе ўладальнікі Вольна, падстолі наваградскі Крыштоф Каменскі і яго жонка Алена Друцкая-Горская, фундавалі ў вёсцы новую ўніяцкую царкву, пры ёй базыльянскі кляштар. У 1768 годзе базыльяне пабудавалі мураваную царкву Святой Тройцы на сродкі шляхціча Дамыслоўскага. Пры базыльянскім кляштары існавала школа для шляхецкіх дзяцей, у якой вучыўся мастацтвазнавец, архітэктар і скульптар Рафал Слізень.
У 1839 годзе расійскія ўлады скасавалі базыльянскі манастыр. У яго будынкі ў 1840 г. пераведзены трэцякласны жаночы праваслаўны манастыр з Навагрудскага барысаглебскага жаночага манастыра, які праіснаваў да 1873 г. У 1874 г. пераведзены ў Мінскі Праабражэнскі манастыр. Такім чынам, мураваны манастырскі корпус, гаспадарчыя пабудовы і парк трапілі ў валоданне мінскага першакласнага жаночага манастыра, які стварыў тут сваю гаспадарчую сядзібу-ферму. Агароджай царква і гаспадарчы корпус (не захаваўся) былі аб’яднаны ў агульны архітэктурны ансамбль.
Дзейнічае як праваслаўная царква ў цяперашні час.
Архітэктура
Рэльеф з воінскай атрыбутыкай
Храм уяўляе сабой мураваную трохнефную, двухвежавую базіліку з паўкруглай апсідай, бакавымі сакрысціямі і трансептам. Архітэктурны дэкор галоўнага фасада — «разарваны» карніз, пілястры, акантавае лісце, кароны, воінская атрыбутыка і інш., а таксама дэкаратыўны акцэнт інтэр’ера — галоўны алтар, вырашаны ў выглядзе каланады з крывалінейнымі антаблементамі, упрыгожаны скульптурнымі групамі анёлаў, адпавядаюць архітэктурнай эстэтыцы ракако.
Літаратура
Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — С. 14-15.
Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд.
Памяць: Гіст.-дакум. хроніка горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна // Г. К. Кісялёў (галоўны рэдактар), Р. Б. Венцэль, М. К. Дзёмін і інш. (рэдкал.), М. І. Бернат (укладальнік). — Мн.: БЕЛТА, 2000. — 736 с.: іл. — ISBN 985-6302-28-5. — С. 641, 694.
Слюнькова И. Н. Монастыри восточной и западной традиций. Наследие архитектуры Беларуси. — М.: Прогресс-Традиция, 2002. — С. 497—498. — ISBN 5-89826-093-5.