Себасцьян Штоскопф
Себасцьян Штоскопф (ням.: Sebastian Stoskopff; 13 ліпеня 1597, Страсбург — 10 лютага 1657, Ідштайн) — нямецкі (эльзаскі) мастак. Адзін з найбуйнейшых нямецкіх майстроў нацюрморта першай паловы XVII стагоддзя. Лепшыя работы мастака сабраны ў музеях Страсбурга і Саарбрукена. БіяграфіяСебасцьян Штоскопф нарадзіўся 13 ліпеня 1597 года ў Страсбургу ў сям’і гарадскога кур’ера. У 15-гадовым узросце ён паказаў асаблівы талент у жывапісе і маляванні. Атрымаўшы падтрымку Гарадской рады Страсбурга, у 1614 годзе паступіў у навучанне да мясцовага мастака і гравёра Фрыдрыха Брэнтэля. У 1615 годзе, пасля смерці бацькі, быў пасланы для вучобы ў Ганау, да мастака Даніэля Саро, які жыў там (яго працы да нас не дайшлі). Пасля смерці Саро ў 1619 г. Штоскопф пераняў яго майстэрню і вучняў. Сярод гэтых вучняў быў і Іахім фон Зандрарт, аўтар першага трактата на нямецкай мове па гісторыі мастацтваў, выдатны мастак, сябар і памочнік С. Штоскопфа. Пасля няўдалай спробы атрымаць від на жыхарства ў Франкфурце-на-Майне Штоскопф з’ехаў у Парыж, дзе жыў і працаваў з 1622 па 1639 г. Тут ён напісаў свае першыя буйнафарматныя працы, такія як «Лета» і «Зіма». У 1629 годзе наведаў Венецыю, потым зноў вярнуўся ў Парыж. У 1639 годзе вярнуўся ў родны Страсбург, дзе ўступіў у мясцовую гільдыю мастакоў і гравёраў. С. Штоскопф разбагацеў і заваяваў вядомасць як выбітны майстар жывапісу. У 1646 годзе ён ажаніўся з прыёмнай дачкой сваёй малодшай сястры. Пачынаючы з 1650 года, С. Штоскопф часта прыязджаў у Ідштайн, дзе жыў яго сябар, мецэнат і заступнік граф Іаган, адзін з нямецкіх феадальных князёў лютэранскага веравызнання (як і сам С. Штоскопф) і прыхільнік Евангелічнай уніі. Вялікую ролю ва ўсталяванні адносін паміж графам і мастаком адыграў І. фон Зандрарт. У 1657 годзе мастак быў забіты і абрабаваны гаспадаром гасцініцы і яго жонкай паблізу Ідштайна. Справа гэта раскрылася праз 20 гадоў пасля здзейсненага злачынства — у рамках працэсу над ведзьмакамі, у якім адказчыкамі былі таксама і ўладальнікі гасцініцы, якія першапачаткова абвясцілі смерць Штоскопфа як вынік празмернага спажывання алкаголю. Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia