Селішча (курганны могільнік)Селішча — курганны могільнік X стагоддзя каля в. Селішча Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. АпісаннеУ 1990 годзе даследаваннямі курганоў на Ушаччыне займалася археолаг Л. У. Дучыц. Раскопкі праводзіліся каля вёсак Селішча, Рыбакі, Кублічы. Селішчанская курганная група (мясцовая назва Французскі могільнік, Напалеонаўскія магілы, Магілы воінаў) зараз размешчана за 0,1 км на поўдзень ад вёскі, за школай, каля сучасных могілак. Да часу правядзення раскопак тут захавалася 52 насыпы. Вышыня іх ад 1 да 3 метраў, дыяметр ад 5 да 10 м. Было раскапана 16 курганоў. У іх знойдзены нож, расплаўленыя шкляныя пацеркі, вялікія ярка-лімонныя пацеркі, фрагменты пласцінчатых і дротавых упрыгажэнняў, глінянае праселка. Рэчы датуюцца X стагоддзем. У адным з курганоў знойдзены галаўны вяночак са спіральных пранізак, бранзалетападобныя скроневыя кольцы і бранзалет са стылізаванымі звярынымі галоўкамі. Мяркуючы па рэчах, пахаванне адбылося ў пачатку XI стагоддзя. У курганах з пахаваннямі па абрадзе трупапалажэння знойдзены ножыкі, гліняны посуд, дротавыя бранзалетападобныя скроневыя кольцы і разнастайныя шкляныя пацеркі (золаташкляныя бочкападобныя, сінія, упрыгожаныя белымі ромбікамі, бісерныя, лімонкі, невялікія сярэбрашкляныя і інш.). На падставе знойдзеных рэчаў і абрадаў пахавання Селішчанскі курганны могільнік датуецца канцом X — пачаткам XII стагоддзя. Этнічная прыналежнасць пахаваных вызначаецца як балта-славянская (крывічанская)[1]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia